Царква
Не давай вадзе выхаду, ні злы жонцы - улады, а калі яна не ідзе пад рукою тваёю, то адатні яе ад плоці тваёй
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 25:28-29)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Пілігрымкі

Яна аддала жыцьцё сваё з любові да бліжняга

13 ліпеня 2009 году Каталіцкая Царква ў Беларусі адзначае дзень успаміну Блаславёнай мучаніцы Марыяны (Бярнацкай). З гэтай нагоды на фартах каля вёскі Навумавічы, што недалёка ад Горадні, сабраліся пілігрымы з розных куткоў Беларусі. Сярод іх было некалькі дзясяткаў грэка-католікаў.

Сёлета ўшанаваць памяць мучанікаў у Навумавічы прыехалі жанчыны з Сястрыцтва Блаславёнай мучаніцы Марыяны, якое ад нядаўняга часу дзейнічае ў менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа. Яны прывезьлі з сабою ікону Блаславёнай, якую пасьля сьвятой Імшы змаглі ўшанаваць усе прысутныя.

З Горадні прыйшлі ў пешай пілігрымцы вернікі з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай разам з сваім душпастырам айцом Андрэем Кратом.

Марыяна Бярнацкая (з роду Чакала) нарадзілася ў 1888 году, у Сапоцкінскім краі, у мястэчку Ліпск (цяпер – Польшча), ва ўніяцкай сям’і, дзе нават пасьля скасаваньня Уніі ў 1874-75 гг. вернікі моцна трымаліся каталіцкай веры. Дакладную дату і месяц яе нараджэньня ўстанавіць не ўдалося. Вядома, што ў 1905 годзе, пасьля выданьня царскага ўказу пра верацярпімасьць, у 17-гадовым узросьце, яна разам з сваімі бацькамі перайшла ў каталіцтва лацінскага абраду.

Марыяна Бярнацкая была простай вясковай жанчынай, маці, якая нарадзіла шасьцярых дзяцей. Калі ў мястэчку 1 ліпеня 1943 году пачаліся масавыя арышты закладнікаў за забойства партызанамі нямецкага жаўнера, фашысты прыйшлі па яе сына і нявестку. Каб уратаваць сваю цяжарную нявестку, якая праз пару тыдняў чакала нараджэньня дзіцяці, папрасіла арыштаваць яе самую. Яна аддала сябе на верную сьмерць, ахвяраваўшы сваё жыцьцё за нявестку і за жыцьцё яшчэ ненароджанага ўнука. Яшчэ амаль два тыдні яна правяла ў вязьніцы ў Горадні і, як адзначаюць тыя, хто выжыў, увесь час заставалася спакойнаю і шчыра малілася, была ўзорам веры і моцнага духу для іншых вязьняў (сярод якіх было і 6 ксяндзоў). Марыяну Бярнацкую гестапаўцы расстралялі на фартах каля Навумавічаў 13 ліпеня 1943 году разам з 49 іншымі закладнікамі. Усяго ў Навумавічах расстраляна каля 5 тысячаў чалавек.

Блаславёная Марыяна (Бярнацкая) стала ўзорам ахвярнае маці шчырага сэрца, адданага Богу, а яе мучаніцкая сьмерць дала пачатак новаму жыцьцю...

Як сказаў у сваім казаньні а. Андрэй Крот, прыклад жыцьця блаславёнай Марыяны Бярнацкай – гэта ўзор духовага жыцьця звычайнай вясковай жанчыны, якая ў цяжкі час ваеннага ліхалецьця аказалася гатовай адкрыта вызнаць сваю веру, засьведчыць сваю любоў да Бога і бліжняга і якая за гэтае вызнаньне не пабаялася аддаць сваё жыцьцё. Яна ёсьць для нас прыкладам і заахвочваньнем да мужнага вызнаньня Хрыста і ў нашыя часы.

Айцец Андрэй Абламейка ў сваім вітальным слове, якое ён перадаў ад імя Апостальскага Візітатара БГКЦ, адзначыў, што «для нас, беларускіх грэка-католікаў, само існаваньне Аўгустоўскага ўніяцкага дэканату паказвае неразрыўнасьць гісторыі і духоўнай традыцыі нашай Царквы ў Беларусі, а ахвяра жыцьця Блаславёнай Марыяны адкрывае нам нашыя духоўныя карані».

Ігар Бараноўскі
Гэты артыкул чыталі 8 разоў (-ы)