Царква
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе
(5 запаведзь, Выхад 20:12)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Рухі і супольнасьці

Чароўная скрынка «Батлейка»

 

– Дзед Мароз, якога колеру ў цябе валасы?
– Белыя…
– А-а-а, бо да нас прыходзіў Дзед Мароз, дык у яго былі зялёныя.

Так пачалося знаёмства сьляпой ад нараджэньня дзяўчынкі са сьвятым Мікалаем, у ролі якога выступіў грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй.

У гарадзенскі рэабілітацыйны цэнтр прыехала наша валанцёрская група – разам са сьвятым Мікалаем, падарункамі, «Батлейкай» і гульнямі. Найперш разгарнулі батлеечны сьпектакль. Гэтая беларуская традыцыя ладзіць лялечныя сьпектаклі ў скрынцы на тэмы Божага Нараджэньня сягае ажно да XV стагоддзя. Усё выглядае вельмі казачна. У скрыні адчыняюцца дзверы, адвешваецца занавес і запальваюцца агеньчыкі. А на маленькую сцэну выходзяць лялькі – Цар Ірад з верным ваякам, Анёл, Чорт, Сьмерць, Тры Каралі, Пастушкі, са сваімі характарамі, у адпаведных строях. Падзеі каляднай драмы разгортваюцца вакол нараджэньня Ісуса Хрыста.

Ролі лялек агучваюць акторы, якія хаваюцца за скрыняй. Дзеці назіраюць за сьпектаклем вельмі сур’ёзна. Драматычныя падзеі ў царстве Ірада, які загадаў забіць усіх малых дзетак, а потым за гэта Сьмерць здымае яму галаву касой, уражваюць дзяцей.

Уважліва слухаюць нават тыя дзеці, якія з-за праблемаў са зрокам ня могуць убачыць лялькі і яркія дэкарацыі.

Асабліва радасна ўспрымалі дзеці рухавыя гульні. Калі гулялі ў папяровыя сьнежкі, выхавацелька прытрымала аднаго хлопчыка на крэсьле: «Яму нельга, бо будзе ўвесь час падаць». Хлопчык назіраў за гульнёй з бляскам у вачах, а потым не стрываў і рвануў у кола – з якой асалодай ён кідаў тыя сьнежкі!

З маленькай Таняй, якая ня бачыць, «разглядаем» мяккую цацку зайчыка. «Вось гэта ў яго вушкі, – перабірае дзяўчынка, – гэта лапы, гэта, мусіць, хвост, а гэта, – задумалася на імгненьне, – о, этыкетка!».

Калі разьвітваліся, выхавацелька горача дзякавала і тлумачыла, што сам персанал быў вельмі здзіўлены рэакцыяй дзяцей. Яны ня могуць доўга трымаць увагу і даволі хутка пераключаюцца на нешта іншае. Калі паказвалі мульцікі на вялікім экране, дзеці пратрывалі хвілінаў дзесяць і пачалі распаўзацца – хто папоўз пад экран, хто за крэсла, хто гуляць. А тут яны прасядзелі ўвесь сьпектакль, а потым актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх гульнях. Верш для сьвятога Мікалая нават выйшла расказаць дзяўчынка, якая практычна ня ўмее гаварыць. Затое з якой выразнай інтанацыяй распавядала яна на сваёй мове!

«Сама ідэя ўзьнікла як ідэя хрысьціянскага валанцёрскага служэньня, – гаворыць айцец Андрэй, кіраўнік валанцёрскай групы. – Маладыя хрысьціяне сабраліся разам і вырашылі, што акрамя ўласнага духоўнага разьвіцьця мусіць быць яшчэ дапамога тым, хто ў патрэбе. Наша група ўтварылася акурат напярэдадні сьвятаў Божага Нараджэньня, таму першай справай, за якую мы ўзяліся, – сьвяточныя вечарыны для хворых дзетак, выхаванцаў дзіцячых дамоў і прытулкаў.

Усяго за час калядных сьвятаў нашая валанцёрская група паказала 6 батлеечных сьпектакляў разам з гульнёвай праграмай для гадаванцаў дзіцячых дамоў, прытулкаў і рэабілітацыйнага цэнтру. Мы падрыхтавалі падарункі для 110 дзетак. Перад першай сустрэчай з дзецьмі мы крыху хваляваліся: як яны ўспрымуць лялечны сьпектакль, ці захочуць з намі гуляць, ці спадабаюцца ім нашыя загадкі і падарункі? І яшчэ: ці здолеем мы знайсьці агульную мову з децьмі, якія маюць асаблівасьці ў фізічным і разумовым разьвіцьці, ці не разгубімся, убачыўшы хворых дзетак?

На шчасьце, задавальненьне ад супольнага сьвята атрымалі і дзеці, і іх выхавацелі, і валанцёры.

Cашка Верацейчык
Фота Юры Седзянеўскага, Яна Габіса
Штотыднёвiк «Твой Стыль»

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)