Царква
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна
(3 запаведзь, Выхад 20:7)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Пра грэка-католiкаў,
грэка-рымскую барацьбу,
пост i прычасьце

На пытаньнi чытачоў адказвае айцец Андрэй Крот

1. Хацелася б падрабязьней даведацца пра лiтургiчны пост у Грэка-Каталiцкай Царкве. Я ведаю меркаваньне, што яго трэба захоўваць з ранiцы да Лiтургii, гэта значыць, калi Лiтургiя, скажам, каля 11 гадзiны, нiчога ня есьцi фактычна да абеду. А калi Лiтургiя, напрыклад, а 14.00 i пазьней – што тады? Цi ёсьць нейкiя парады на гэты конт?

Натальля Баярын, г.Барысаў

Пост, пра якi Вы пытаецеся, правiльна назваць еўхарыстычным. Сапраўды, ад старажытных часоў, калi Лiтургiя звычайна адбывалася апоўднi ў нядзелю, прынята было захоўваць пост (гэта значыць нiчога ня есьцi) з ранiцы да Лiтургii. Некаторыя з нашых вернiкаў i сёньня захоўваюць такую годную пашаны традыцыю, хоць яна сёньня не зьяўляеца абавязковаю.

Сёньня далёка не ва ўсiх нашых парафiях Лiтургiя можа адбывацца ранiцаю. У некаторых парафiях, дзе няма свайго сьвятара, Лiтургiя можа адбывацца i а 18-й, i а 19-й гадзiне. Таксама ў тых беларускiх грэка-каталiцкiх парафiях, дзе Лiтургiя служыцца штодзень, часта яна бывае ўвечары. Захоўваць поўнае ўстрыманьне ад ежы да лiтургii ў такiх умовах, зразумела, немагчыма. Таму вернiкаў БГКЦ (як i вернiкаў iншых усходнiх каталiцкiх Цэркваў) абавязвае ўстрыманьне ад ежы адну гадзiну да пачатку Лiтургii (у адрозьненьнi ад рыма-каталiкоў, якiя захоўваюць пост гадзiну да прычасьця). Не забараняецца ў гэты час прымаць лекi альбо пiць чыстую ваду.

2. Цiкава было б даведацца, калi i пры якiх умовах дзецi ў БГКЦ маюць права прымаць прычасьце. Я ведаю так, што бяз споведзi дзецi могуць прымаць прычасьце да моманту iх першай споведзi, а яна можа адбыцца пачынаючы з сямi (васьмi?) гадоў i не пазьней за 12. (Наколькi я ведаю, да 12 гадоў адбываецца першая споведзь у РПЦ). Але хацелася б ведаць дакладна. I, калi ў гэтым пытаньнi ёсьць якiя разыходжаньнi ў розных Цэркваў, пра iх – таксама.

Канон 710 Кодэксу канонаў Усходнiх Цэркваў дазваляе кожнай Царкве свайго права самой вызначаць узрост для першага прычасьця дзiцяцi. На жаль, у Беларускай Грэка-Каталiцкай Царкве пакуль што няма нейкага нарматыўнага дакументу, якi б акрэсьлiваў такi ўзрост. Аднак практыка ў розных парафiях БГКЦ склалася прыкладна аднолькавая.

Маленькае дзiця можа прыступаць да прычасьця бяз споведзi адразу пасьля хросту i да 7-8 гадоў. У гэтым узросьце, як лiчыцца, яно ўжо ў стане адрозьнiваць добрыя i дрэнныя ўчынкi i здольнае падрыхтавацца (пры дапамозе бацькоў альбо iншых дарослых) да сваёй першай споведзi. Сёньня ў парафiях ня рэдка даводзiцца займацца катэхiзацыяй дзяцей "з вулiцы". Таму першая споведзь i прычасьце iх адбываюцца ў старэйшым узросьце, пасьля адпаведнай падрыхтоўкi. Таму здараюцца першыя споведзi дзяцей, старэйшых за 12 гадоў.

3. Нядаўна ў прыватнай гутарцы "даведалася", што, аказваецца, мы "не католiкi, а ўнiяты". На маё пытаньне, а хто ж такiя тады грэка-католiкi, мне адказалi – тыя, хто служыць i ў лацiнскiм, i ва ўсходнiм абрадзе. Дзе ўсё ж такi праўда? I ў чым прычыны дадзенага меркаваньня?

Прычына такога, адразу адзначым – памылковага – меркаваньня ў тым, што, як казаў адзiн мой знаёмы, "народ у нас цёмны, не адрозьнiвае грэка-католiкаў ад грэка-рымскай барацьбы". Грэка-католiкi – гэта католiкi ўсходняга, а канкрэтна – вiзантыйскага абраду (у iм практыкуюць таксама i праваслаўныя). Нiхто ня можа належыць адначасова да некалькiх абрадаў – усходняга i лацiнскага. Нават калi грэка-католiк i вымушаны ў сiлу абставiнаў (адсутнасьць у мясцовасьцi, дзе ён жыве, царквы ўласнага абраду) малiцца ў чужым абрадзе, на ўсё жыцьцё ён застаецца каталiком усходняга (вiзантыйскага) абраду. Тыя ж сьвятары, якiя служаць i ва ўсходнiм, i ў лацiнскiм абрадзе, называюцца бiрытуалiстамi (ад лацiнскага bi – падвойны, ritus – абрад). Хоць на самай справе i яны належаць да пэўнага абраду, напрыклад, лацiнскага, але маюць таксама дазвол на служэньне i ў iншым абрадзе.

Што ж да назваў грэка-католiкi i ўнiяты – гэта назвы тоесныя, пра гэта мы ўжо пiсалi ў газеце "Царква" № 4 за 2004 год. Парайце, калi ласка, свайму знаёмаму ўважлiва прачытаць артыкул "Адзiн Госпад, адна вера, адзiн хрост". Сёньня ўнiятамi больш карэктна называць толькi тых вернiкаў, якiя зьядналiся з Апостальскiм Рымскiм Пасадам у вынiку падпiсаньня ярархамi Кiеўскай мiтраполii Берасьцейскай царкоўнай Унii. (А таксама тых, што цэлымi парафiямi далучалiся да Каталiцкай Царквы ў 1920-30-ыя гады.) I калi да канца XVII ст. – пакуль Унiяцкая Царква паступова заваёўвала давер вернiкаў у розных мясцовасьцях – гэты нецаркоўны тэрмiн "унiяты" цалкам адэкватны, то ўжо напрыканцы XVIII ст., у дачыненьнi да нашчадкаў тых вернiкаў ён вельмi ўмоўны, бо, будучы народжанымi i ахрышчанымi ў Каталiцкай Царкве ўсходняга абраду, iм ня трэба было нi з кiм аднаўляць царкоўную еднасьць.

У беларускiм грамадзтве на сучасным этапе разьвiцьця вельмi востра стаiць пытаньне захаваньня этнiчнай адметнасьцi, нацыянальнага "Я". Усё болей паглыбляючыся ў сусьветныя й рэгiянальныя iнтэграцыйныя працэсы, мы ўсё болей аддаляемся ад сваiх каранёў, губляючы ня толькi сваю сьвядомасьць, але й каштоўнасьцi духоўнай i матэрыяльнай культуры, без якiх яна (сьвядомасьць) iснаваць проста ня можа. На жаль, у летуценьнях сёньняшняга жыцьця звычайны беларус менш за ўсё зьвяртае ўвагу на свой духоўны стан, аддаючы перавагу праблемам працы, сям'i, камфорту, багацьця. У апошнi час беларушчына нават губляе свае пазiцыi сярод iнтэлiгенцыi, якая заўсёды была яе абаронцам i выратавальнiкам.

Праблема захаваньня нацыянальнай iдэнтычнасьцi не ўпершыню паўстае ў гiсторыi Беларусi. Гiстарычна так склалася, што рэлiгiя ў гэтым пытаньнi займала выключна важнае месца. Хрысьцiянства заўсёды зьяўлялася для беларусаў адной з асноватворных каштоўнасьцяў, якiя вызначаюць нас як нацыю. Аднак хрысьцiянства разам з тым паўплывала й на палiтычную палярызацыю беларусаў. Мы жывем на тэрыторыi, дзе сустракаюцца праваслаўе i каталiцызм. Iх узаемадачыненьнi ды спроба суседнiх народаў выкарыстаць рэлiгiю ў сваiх мэтах часта прыводзiлi да прыўнясеньня палiтычнага чыньнiка ў дзейнасьць Царквы. Усё гэта прыводзiла да канфрантацыi розныя пласты нашага грамадзтва, што асаблiва бачна ў ХIХ – пачатку ХХ стст., калi беларусы перажывалi этап фармаваньня сваёй нацыi й станаўленьня ўласнай самасьвядомасьцi. Менавiта ў тыя часы ў асяродках беларускiх адраджэнцаў паўстае пытаньне кансалiдацыi народу, яго духоўнага адзiнства. Думкi многiх патрыётаў зьвярталiся да Унii, якая некалi аб'ядноўвала большасьць беларусаў i была фактычна – нацыянальнай Царквой. На iх думку, менавiта Унiя магла б быць той "залатой сярэдзiнай", якая б аб'яднала духоўна маладую беларускую нацыю.

Першымi пра гэта загаварылi Кастусь Калiноўскi i яго паплечнiкi, якiя бачылi ва ўнiяцтве вяртаньне да тых часоў, калi "нашыя дзяды жылi ў мiры й згодзе". У 1917 годзе, у лёсавызначальныя гадзiны для Беларусi, партыя "Хрысьцiянская дэмакратычная злучнасьць" актыўна прапагандавала сваю праграмную мэту – "зьблiжаць усiх каталiкоў i праваслаўных, аб'яднаць iх у адной веры дзеля згоды ва ўсёй краiне".

Сёньня пытаньне пра кансалiдацыю беларусаў, найперш, духоўную, зноў набiрае моц. I Грэка-Каталiцкая Царква, на маю думку, не павiнна займаць у вырашэньнi гэтай праблемы апошняе месца. Унiяцтва заўсёды было носьбiтам беларускай нацыянальнай iдэi. Мяркую, грэка-каталiкам трэба актыўна ўключацца ў мiжканфесiйныя дыялогi i супрацоўнiцтва ня толькi з Рыма-Каталiцкай Царквой, але й з праваслаўнымi i пратэстантамi, актыўна ўдзельнiчаць у розных культурных мерапрыемствах. Толькi разам мы зможам адрадзiць духоўны стан беларуса, надаць яму любоў да сваёй роднай мовы й культуры.

Алесь Горны, г.Горадня


Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)