Царква
Навушнік апаганьвае сваю душу і будзе ненавідзім ўсюды, дзе толькі жыць будзе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 21:31)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Мінулае і сучаснасьць
грэка-каталіцкай семінарыі ў Івана-Франкоўску
Сёлета споўнілася 100 гадоў з часу заснаваньня грэка-каталіцкай духоўнай семінарыі ў Івана-Франкоўску.

Погляд у мінулае дазваляе ўбачыць нялёгкі шлях выпрабаваньняў, стойкасьці й мужнасьці, шлях, на якім былі ганеньні, часы падпольля, вайны з бяжбожным сьветам, пераемства ў духоўнай спадчыне. Функцыянаваньне духоўнай семінарыі ў Івана-Франкоўску было перарванае ў пасьляваеннае ліхалецьце да 1990 году. У варунках вымушанага падпольля падрыхтоўка сьвятароў Грэка-Каталіцкай Царквы зьдзяйсьнялася праз навучаньне кандыдатаў у старэйшых ды найбольш дасьведчаных сьвятароў.

Але пярэрва ў афіцыйнай дзейнасьці семінарыі не перавысіла паўстагоддзя, таму сучасная Івана-Франкоўская вышэйшая духоўная семінарыя імя сьвятамучаніка Язафата зьяўляеццца паўнапраўнай пераемніцай той самай, заснаванай яшчэ ў Станіслававе (старадаўняя назва Івана-Франкоўска) у студзені 1907 году тагачасным епархіяльным біскупам Станіславаўскай япархіі ўладыкам Андрэем Шаптыцкім.

Яшчэ ў 1899 годзе ён купіў насупраць свайго палацу на вул.Ліпавай (цяпер Шаўчэнкі) зямельны пляц і атрымаў у наступным годзе ад аўстрыйскага ўраду дазвол на будаўніцтва духоўнай семінарыі для грэка-католікаў. Будаўніцтва семінарыі распачалося ў чэрвені 1902 году, а 14 студзеня 1907 году першыя 19 семінарыстаў пачалі тут сваё навучаньне. Адкрыцьцё духоўнай семінарыі адбылося ўжо пры біскупе-ардынарыі Станіславава блаславёным мучаніку Кір Грыгорыі Хамішыне, які заступіў на гэтую катэдру пасьля прызначэньня ўладыкі Андрэя Шаптыцкага на Львоўскі мітрапалічы пасад.

Першым рэктарам семінарыі стаў а. Ерамія Ламніцкі, ЧСВВ, які працаваў на гэтай пасадзе да 1915 году, калі падчас 1-й Сусьветнай вайны семінарыя была зачынена расейскімі вайскамі. Увосень 1917 году семінарыя аднавіла сваё існаваньне і з таго часу дзейнічала бесьперапынку ажно да 1945 году. З прыходам савецкае ўлады ў 1945 годзе духоўная семінарыя была зачыненая, рэктар і амаль усе выкладчыкі ды семінарысты былі арыштаваныя, а ўся матэрыяльная маёмасьць разам з вялікімі бібліятэчнымі фондамі была канфіскаваная.

Новы этап у жыцьці духоўнай семінарыі пачаўся 12 ліпеня 1990 году, калі па ініцыятыве Івана-Франкоўскага біскупа-ардынарыя Сафрона Дмытэркі, ЧСВВ, яна аднавіла сваю дзейнасьць як Івана-Франкоўская вышэйшая духоўная семінарыя імя сьвятамучаніка Язафата. За гэты час тут выхавана 687 семінарыстаў-сьвятароў.

Сёньня ў Івана-Франкоўскай духоўнай семінарыі навучаецца 270 семінарыстаў з 9-ці япархіяў-экзархатаў ня толькі з УГКЦ, але таксама з нашае Беларускае Грэка-Каталіцкае Царквы. Пачынаючы з 1990-ых, шэраг беларускіх сьвятароў і катэхетаў цалкам або частку сваёй фармацыі й навучаньня праходзілі менавіта ў Івана-Франкоўскай семінарыі. Таксама і сёньня ў гэтай духоўнай семінарыі навучаюцца два беларускія грэка-католікі – Віталь Быстроў з Берасьця, а таксама Сяргей Леурдо з Менску.

Тэрмін навучаньня ў семінарыі – 7 гадоў. За гэты час семінарысты маюць магчымасьць прайсьці поўнае навучаньне, духоўную фармацыю ў падрыхтоўцы ды выпрабаваньні пакліканьня да сьвятарства. Першыя 3 гады навучаньня ў семінарыі ахопліваюць філасофска-гуманітарны цыкл прадметаў, у астатнія гады навучаньня семінарысты вывучаюць багаслоўскія прадметы ды завяршаюць сваё навучаньне абаронай магістарскай працы.

Семінарысты жывуць паводле сьпецыяльнага раскладу дня, які прадугледжвае, акрамя вывучэньня гуманітарных, філасофскіх, багаслоўскіх прадметаў, таксама літургічную практыку, якой жыве Царква.

Званок склікае семінарыстаў і нашых настаўнікаў да капліцы на малітву, цудоўным харавым антыфонным перасьпевам лунаюць набажэнствы; глыбокая цішыня пануе ў часе разважаньняў ды духоўнага чытаньня. Малітва ў нашым семінарыйным жыцьці займае прыярытэтнае месца. Моц семінарыі палягае ў духоўным змаганьні кожнага семінарыста, супольным жыцьці, узаемадапамозе ды ўзаемнай павазе адзін да аднаго. Семінарыя – гэта нібы духоўны Назарэт, дзе кожны мае нагоду навучыцца лагоднасьці, стрыманасьці, пакоры духу, каб потым быць у стане несьці Хрыстовае Евангельле ўсім верным, прапаведуючы яго ня толькі словам, але й уласным прыкладам.

Сярод тых, хто мае вялікія заслугі перад семінарыяй сёньня, асабліва хочацца адзначыць постаці двух івана-франкоўскіх уладыкаў: Кір Сафрона Дмытэркі і Кір Сафрона Мудрага. Абодва гэтыя біскупы дзейна спрычыніліся да адраджэньня нашае Беларускае Грэка-Каталіцкае Царквы, спрыяючы нам сваім бацькоўскім клопатам і сталай апекай. 7 чэрвеня 2007 году Ўладыку Сафрону Дмытэрку споўнілася 90 гадоў. З гэтае нагоды мы, беларускія грэка-католікі, сардэчна віншуем яго ды ўзносім Богу малітвы падзякі за Ягонага архірэя, праз якога Госпад так шмат зрабіў, умацаваўшы на многія леты.

семінарыст Віталь БЫСТРОЎ
На фота:
1. Будынак Івана-Франкоўскай Вышэйшай духоўнай семінарыі імя сьвятамучаніка Язафата.
2. У семінарыйнай капліцы сьв. Язафата.

Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)