Царква
Калі подуешь на іскру, яна разгарыцца, а калі плюнеш на яе, згасне: тое і іншае выходзіць з вуснаў тваіх
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 28:14)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Шлях да Бога

Школа малітвы

З пачаткам новагу году ў Берасьці аднавіліся сустрэчы жанчынаў, што аб’ядналіся ў рух Маці ў малітве. Каардынатар гэтага руху ў Берасьцейскім рыма-каталіцкім дэканаце ксёндз Эдуард Мігай зьвярнуўся да харызматычнай супольнасьці Маран-ата, што існуе ў грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці, з просьбаю распрацаваць і правесьці на працягу гэтага году 9 малітоўных сустрэчаў з жанчынамі-малітоўніцамі на тэму Асабістая і хадайніцкая малітва. План працы на ўвесь год назвалі Школа малітвы.

Мяркуецца, што ўдзельніцы руху за год прачытаюць усю Біблію, а на сваіх агульных сустрэчах на прыкладзе біблейскіх герояў (патрыярхаў, прарокаў, цароў, суддзяў, псальматворцаў, апосталаў) змогуць прасачыць, як разам з грэхападзеньнем чалавека і назапашваньнем досьведу граху зьмяняецца малітва, яе спосаб і зьмест; як самыя розныя людзі атрымоўваюць адказы на свае малітвы і калі бывае так, што Бог маўчыць. Даведаюцца, калі малітва ня мае прамога адказу і парушаецца магчымасьць зносінаў з Богам, а таксама што прадпрымаюць абодва бакі – Бог і чалавек, каб аднавіць сувязь паміж сабою.

Першая сёлетняя сустрэча берасьцейскіх удзельніцаў руху Маці ў малітве прайшла 17 лютага ў касьцёле Найсьвяцейшай Багародзіцы на Кіеўцы. Усе лавы ў касьцёле былі занятыя. Амаль траціну прысутных склалі верніцы з грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя (большасьць з іх належаць да супольнасьці Маран-ата). Варта адзначыць, што сярод прысутных на сустрэчы былі таксама і мужчыны. Гэта сьведчыць аб разьвіцьці гэтага руху ў кірунку, пра які гаварыў на адной з першых сустрэчаў а. Ігар Кандрацьеў: Узначальваць малітву за сям’ю і дзяцей павінен бацька).

Гэтыя, у цэлым ужо трэція па ліку міні-рэкалекцыі для маці на тэму Асабістая і хадайніцкая малітва, праходзілі на працягу 6 гадзінаў. Праграма была максімальна насычаная: былі малітвы, якія чаргаваліся з двума выкладамі і працай у групах, гутаркі за сталом (салодкім, але з увагай на Вялікі пост), падвядзеньне вынікаў працы і сьв. Імша, якую адпраўлялі 4 сьвятары: рыма-каталіцкія душпастыры кс.Эдуард Мігай з Маларыты, вікарны сьвятар кс. Віталь Мясьнікевіч з берасьцейскай парафіі на Кіеўцы, а. Уладзімір Буклярэвіч з ордэну палацінаў з Бярозы і душпастыр грэка-каталікоў а. Ігар Кандрацьеў.

Нядзельнае спатканьне 17 лютага было прысьвечана разгляду жыцьця старазапаветных патрыярхаў, пачынальна з Адама. У пяці сфармаваных групах чыталіся і разьбіраліся разьдзелы з Кнігі Быцьця і Кнігі Ёва. Адам і яго сыны, Каін і Абель, Энох і Ной, Абрагам і Язэп, Якуб і Ёў – ці заўсёды яны былі адданыя, праведныя і пакорлівыя свайму Госпаду? Чаму вучыць нас досьвед іх малітвы? Што такое наогул малітва? Цяжкая праца або бестурботная радасьць? Сталае выпрошваньне або падзяка? Нязгода, скаргі, барацьба з Богам (і сабою) або хвала і поўнае глыбокай пашаны ўслаўленьне Стваральніка? І тое, і другое; напераменку, а часам – адначасова.

Але, галоўнае, што, спадзяемся, зразумеў кожны і панёс з сабою – гэта тое, што Бог верны свайму абяцаньню, свайму імені Бог-Збаўца, Бог-Пераможца. І ня Ён разрывае зносіны з чалавекам, якога стварыў уласна для таго, каб ён жыў у заўсёднай еднасьці з сваім Айцом.

Выклад на шырокую тэму Хадайніцкая малітва працягнула (бо пачатак быў пакладзены яшчэ на папярэдняй сустрэчы ў сьнежні 2007 году) жонка і маці траіх дзяцей, сябра супольнасьці Маран-ата спн. Любоў Круглінская. Стройна, выразна, жыва і проста выклала яна некаторыя асьпекты навукі хадайніцкай малітвы і падзялілася асабістым досьведам маці-хрысьціянкі. Але 45 хвілінаў усё ж замала, каб раскрыць і закончыць тэму, і таму наперадзе яе працяг – 30 сакавіка 2008 году на чарговым спатканьні руху Маці ў малітве, якое адбудзецца ў Маларыце. Адначасова на гэтай сустрэчы будзе разглядацца жыцьцё і малітва прарокаў: Майсея, Гедэона, Самсона, Самуіла ды Ісуса Навіна. А яшчэ праз месяц – 27 красавіка – наступная сустрэча ў Берасьці. Яна будзе прысьвечана жыцьцю прарокаў Ісаі, Ераміі, Езэкіілю, Даніілу і Ёілю.

Вольга Граськова
г.Берасьце


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)