Царква
Ня чыні пералюбу
(7 запаведзь, Выхад 20:14)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Гасьцёўня

"Калі Госпад мяне сюды паклікаў,
то навошта цягнуць час і шукаць штосьці яшчэ?!"

Часам у кніжках пішуць прадмовы, каб палегчыць чытачу ўсьведамленьне напісанага. І так, кароткае тлумачэньне таго, што будзе далей. 17 жніўня 2008 году наш брат-рэдэмптарыст, які паходзіць з грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці, добра вядомы нам як брат Апалінар (Алесь Нікалаеў), запрасіў сваіх землякоў у Львоў на выключна важны дзень у ягоным жыцьці – складаньне вечных манаскіх зарокаў, г. зн. на гэтакі шлюб з Госпадам. Адзін раз на жыцьцё бывае...

На шлюб прынята прыходзіць з падарункамі. Першым падарункам нашаму брату ў гэты памятны дзень стаў прыезд шматлікіх землякоў-беларусаў з розных грэка-каталіцкіх парафіяў – амаль два дзясяткі вернікаў з роднага Берасьця разам з бацькамі і парахам а. Ігарам Кандрацьевым, а таксама грэка-католікі з Пінску, Менску і Івацэвічаў ды ераманах Лявонці (Тумоўскі) з Полацку. Але быў яшчэ і адмысловы падарунак – ад нашай музычнай групы супольнасьці "Маран ата" – чатыры кампазіцыі (у цэлай музычнай праграме-віншаваньні), у якіх душа абіраецца вечным шлюбам з Госпадам.

У гэтым артыкуле зьмешчаныя фрагменты нашай размовы з братам Антонам (Нікалаевым), які заручыўся з Госпадам, і ўрыўкі з музычнай праграмы, якой мы віншавалі яго і яшчэ чатырох ягоных украінскіх братоў-манахаў, а таксама некаторыя разважаньні аўтара.

НОВАЕ ІМЯ. НОВАЕ ЖЫЦЬЦЁ!

Алесь, Апалінар... Якое імя прамаўляе Госпад, калі зьвяртаецца да нас?! Як Госпад зьвяртаецца да нас?! Як ён кліча цябе?! Як раскрываецца твая сутнасьць у абсалютнай Любові? Хто ты насамрэч?! Хто ты?!

Вераніка Тарасюк: Слава Ісусу Хрысту! Мы ўжо зьвяртаемся да цябе "брат Антон". Гэта тваё трэцяе імя – як так сталася ў жыцьці? Чаму менавіта Антон?

Брат Антон (Нікалаеў): Слава на векі! Падчас хросту айцец Ігар хрысьціў мяне імем Аляксандар (гэтае імя я атрымаў ад маіх бацькоў) і Апалінар (імя, сьвятога паводле царкоўнага календара ў гэты дзень). З таго часу 8 гадоў мяне называлі брат Апалінар.

Калі зараз складаў схіму (схіма – вобраз, прыняцьце манаскага вобразу), зьмяніў і імя. Ва ўсіх усходніх традыцыях схіма – гэта прыняцьце новага жыцьця. Сьвятыя айцы разумелі яе як другі хрост. Ва ўсходніх манахаў звычайна імя для таго, хто складае схіму, выбірае настаяцель. У мяне была нагода выбраць самому. Я выбраў імя Антон – у гонар нашага беларускага грэка-каталіцкага экзарха-мучаніка Антона Неманцэвіча. Я ведаю яго жыцьцё, люблю яго постаць, мне блізкая яго духоўнасьць. Каб адлюстраваць сувязь першага хросту з другім, можна браць імя на адну і тую ж літару.

Ніводны пэндзаль і ніякае натхненьне
ня здольныя стварыць такі абраз –
жывы, цудоўны, поўны падабенства,
які малюе ўва Мне любоў твая...


ПАКЛІКАНЬНЕ

Госпад кліча... А да чаго?! У чым тваё пакліканьне і найгалоўнейшае прызначэньне ў жыцьці?! Ці можаш ты застацца верным абранай некалі прафесіі ўсё жыцьцё?! Гэта таксама выкананьне Божай волі. І наадварот, ці гатовы ты да таго, каб кінуць усё і распачаць новае жыцьцё "з нуля"?! Ці гатовы ты пачуць голас Госпада і ці гатовы ты трымаць адказ перад Ім?! Ці гатовы ты быць хрысьціянінам?!

Вераніка Тарасюк: Думаю наступнае пытаньне вельмі чаканае. Калі ты адчуў пакліканьне да манаскага жыцьця?

Брат Антон (Нікалаеў):
Спачатку адчуў пакліканьне да сьвятарства. Гэта было прыблізна праз паўгоду пасьля хросту, я тады вучыўся на 2 курсе эканамічнага факультэту. Раптам зразумеў, што не туды патрапіў, што мне гэта не патрэбна. Прыйшло жаданьне служыць бліжнім праз сьвятарскае служэньне. Летам правёў адзін месяц у манастыры рэдэмптарыстаў. Спадабалася іх духоўнасьць, жыцьцё ў манаскай супольнасьці. Ужо не хацеў шукаць штосьці іншае. Калі Госпад мяне сюды паклікаў, то навошта цягнуць час, шукаць штосьці яшчэ? Атрымаў блаславеньне ад а. Ігара (Кандрацьева) у любы час пайсьці ў манастыр. У верасьні забраў дакументы з універсітэту і паступіў да манастыра айцоў-рэдэмптарыстаў.

Вераніка Тарасюк: У сьвеце рознае стаўленьне да манаства. На тваю думку, гэта трагічны ці радасны выбар?

Брат Антон (Нікалаеў):
"Вось дзень, што Госпад стварыў, будзем радавацца і весяліцца ў ім" (Пс 117, 24). Для мяне гэта паўната ўсяго, да чаго я ішоў 7 гадоў. Праўда, калі я толькі паступіў у манастыр, ужо быў гатовы скласьці вечныя зарокі. Але цяпер разумею, што на ўсё ёсьць свой час. Духоўна карысныя былі гэтыя 7 гадоў – дзеля выхаваньня, дзеля будаваньня моцнай веры...

Вераніка Тарасюк: На сьв. Літургіі, калі ты разам з іншымі братамі складаў вечныя зарокі, сьвятар казаў, што пакліканьні бываюць розныя: напрыклад, пакліканьне да пэўнай прафесіі праяўляецца ў тым, што чалавек гатовы ўсё жыцьцё займацца адной справай. Скажы, у чым духоўны сэнс манаскага пакліканьня?

Брат Антон (Нікалаеў):
Пачуць голас Бога. Адчуць у сэрцы тое, што табе вельмі падабаецца, да чаго маеш схільнасьць. Тое, чаму гатовы прысьвяціць увесь свой час. Але могуць прыходзіць розныя сумненьні. Тады трэба вытрывала прасіць у Бога адказу, разуменьня. І ён абавязкова прыходзіць: праз унутранае перакананьне, праз Сьвятое Пісьмо, праз слова брата ці духоўнага настаўніка. Трэба проста набрацца мужнасьці і ісьці за сваім пакліканьнем, не палохаючыся цяжкасьцяў...

Тваёй любові Я цяпер даю заданьне:
Чуваць і чуйнай быць, Мой кожны заклік чуць,
Каб ты Маім улюбёным памяшканьнем
Была заўсёды, бо ў табе Я жыць хачу...


ЛЮБОЎЮ ЖЫЦЬ...

Госпад да кожнага зьвяртаецца ў розны спосаб. І Божыя намеры і заданьні адносна кожнага з нас таксама розныя. Але два найгалоўнейшыя прыказаньні пакінуў нам Госпад – любіць Яго і любіць адзін аднаго. Наша любоў праяўляецца ў імкненьні да еднасьці – з Богам і з іншымі людзьмі, у жаданьні аддана служыць ім. Таму нельга быць хрысьціянінам па-за Яго Царквой і ня можа быць сапраўдным хрысьціянінам той, хто ня мае любові, хто ня хоча палюбіць бліжняга...

Бог ёсьць любоўю, Бог ёсьць любоўю!
І той, хто любіць, той у Богу ёсьць!
Разам з табою, будзем у любові
Любіць праз усё жыцьцё...


Вераніка Тарасюк: Падчас Боскай Літургіі, на парозе новага жыцьця, вы, пяцёра братоў, леглі крыжам перад Госпадам і паклалі рукі на плечы адзін аднаго. Было адчуваньне, што адносіны паміж братамі ў гэты момант становяцца іншымі, набываюць містычнае адценьне. Што азначае для цябе дух братэрства?

Брат Антон (Нікалаеў):
Для мяне, перш за ўсё, гэта азначае паслужыць брату, калі ён патрабуе дапамогі. Служэньне заўсёды каштуе пэўных намаганьняў. Каб паслужыць брату, трэба адрачыся ад сваіх планаў, патраціць асабісты час. Але праз такія крокі самаадрачэньня будуецца дух братэрства, які потым становіцца дабрадзейнасьцю – пастаяннай унутранай гатоўнасьцю служыць іншым людзям, не думаючы пра сябе...

Як агонь на ахвярнік – хай зыйдзе Любоў,
Дабрачынствы, правіны і мары – усё спаліць,
Як агонь – ператворыць мяне ў вобраз Свой
І бясконца нязгасным агнём палае!


P.S.: Калі ёсьць прадмова, то няхай будзе і эпілог. Замест эпілогу — асабістае ўражаньне. Вось глядзіш на Божых абраньнікаў, што не на словах, а на справе адракліся сябе і прысьвяцілі ўсё жыцьцё Госпаду, і думаеш: нехта ж можа рэалізаваць дадзенае яму Госпадам жыцьцё "на поўную"! А тут, найчасьцей, пражываеш дзень, быццам ён і не патрэбны нікому. Гэты дзень Госпад стварыў!

Калі хочаш ЖЫЦЬ, то ЖЫВІ Ў ЛЮБОВІ! Гэта і ёсьць сапраўднае жыцьцё. Гэта проста жыцьцё... Тваё жыцьцё!...

Вераніка Тарасюк
г.Берасьце

На фота:

1. Беларускі манах-рэдэмптарыст брат Антон (Нікалаеў).

2-3. Львоў, 17.08.2008. Брат Антон (Алесь Нікалаеў) падчас урачыстага складаньня вечных манаскіх зарокаў у манахаў-рэдэмптарыстаў.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)