Царква
Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Эфэсянаў 4:28)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Ікона Хрыста Чалавекалюбца ў Маладэчне

12 кастрычніка ў грэка-каталіцкім Санктуарыюме Хрыста Чалавекалюбца ў Маладэчне адбылося ўрачыстае вяртаньне галоўнай іконы. У мінулым чэрвені яна была часова перададзеная ў Пастаральны цэнтр Сьвятога Язэпа ў Менск, каб перад ёй мог памаліцца Дзяржаўны Сакратар Яго Cьвятасьці Папы Бенядыкта XVI, Яго Эмінэнцыя Кардынал Тарчызіё Бэртонэ. Там ў капліцы яна захоўвалася да апошняга часу і перад ёй часта служыліся службы за ўсіх жыхароў гораду Менска.

У Маладэчна ікону прывезьлі панамары менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа, якія перад тым з іконай зьдзейсьнілі пілігрымку ў Забрэзьзе (каля Валожына) – родную парафію блаславёнага Міхала Сапоцькі.

У Маладэчне службу з нагоды вяртаньня іконы Хрыста Чалавекалюбца ўзначаліў Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Архімандрыт Сяргей (Гаек). На ўрачыстасьці прысутнічалі грэка-каталіцкія і рыма-каталіцкі сьвятары і вернікі.

«Я вельмі цешуся, што сёньня гэтая ікона вяртаецца ў санктуарыюм ў Маладэчне,– сказаў падчас свайго казаньня архімандрыт.– Яна шануецца тут ужо шмат гадоў. Гэты храм, прысьвечаны Хрысту Чалавекалюбцу, зьяўляецца вельмі каштоўным месцам не толькі для вас, парафіянаў, але і для ўсёй нашай Царквы. Кожны, хто прыходзіць сюды маліцца, атрымлівае шмат ласкаў. А “ласка” па-габрэйску азначае тое самае, што і “міласэрнасьць”. Ласка і міласэрнасьць – гэта тая ж самая рэчаіснасьць». Архімандрыт Сяргей узгадаў таксама вялікіх апосталаў Божай Міласэрнасьці Слугу Божага Папу Яна Паўла ІІ і блаславёнага сьвятара Міхала Сапоцьку, духоўніка сьвятой манахіні Фаўстыны (Кавальскай), які быў беатыфікаваны 28 верасня ў Беластоку. «Ён нарадзіўся непадалёк адсюль, у Забрэзскай парафіі цяперашняга Валожынскага раёну,– нагадаў архімандрыт.– Сваю першую Імшу служыў у мястэчку Лебедзева пад Маладэчнам. Фактычна яго жыцьцё прайшло паміж Маладэчнам, Вільняй і Беластокам, за выключэньнем пэўнага часу, калі ён жыў у Варшаве».

Усе ўдзельнікі сумеснай малітвы атрымалі кнігу галоўнага пастулятара працэсу беатыфікацыі Блаславёнага Міхала, мансіньёра Кшыштафа Ніткевіча “На шляхах Божай Міласэрнасьці”, што была выдадзеная ў Полацку стараньнем Санктуарыюма Хрыста Чалавекалюбца ў Маладэчне пры дапамозе каталіцкага Альянсу “Dives in Misericordia” (Trento). З італьянскай мовы на беларускую яе пераклаў айцец Андрэй Крот з Горадні.

Паводле словаў айца Яўгена Ўсошына, блаславёны Міхал Сапоцька, сьвятар і вызнаўца, будзе асаблівым чынам ушаноўвацца ў маладэчанскім санктуарыюме. У храме ўжо памешчаная копія ягонай іконы.

Вольга Рудніцкая
Паводле Svjazep.org
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)