Царква
Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым, бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць
(Псалтыр 36:1-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Царква і грамадзтва

У імя Хрыста, у імя Беларусі!

У адзін з цудоўных дзён сьвята Божага нараджэньня ў менскім Чырвоным касьцёле імя сьвятых Алены і Сымона адбылася прэзентацыя новага выпуску серыі дыскаў «Беларускі хрысьціянскі хіт-2». У перапоўненай дольнай залі касьцёлу айчынныя выканаўцы хрысьціянскіх сьпеваў прапанавалі свае музычныя творы на роднай мове, якія былі прысьвечаныя ўслаўленьню Бога і Нараджэньня Хрыстовага.

Пра праблемы і творчыя здабыткі хрысьціянскага напрамку ў сучаснай беларускай папулярнай музыцы я распавядаў, калі прадстаўляў першы дыск названай серыі («Беларус» №545, чэрвень 2008 г.). I вось працяг творчай ініцыятывы, якую распачалі маладыя палітыкі, што спрычыніліся да стварэньня партыі БХД (Беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў). Цяпер дэвізам новага дыску стала цытата, узятая з біблійных псальмаў (Пс 103:33), «Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць». На маю думку, сьцьвярджальны сэнс гэтых біблійных словаў адлюстроўвае той факт, што айчынныя выканаўцы хрысьціянскіх сьпеваў перайшлі да аптымістычнага погляду на будучае хрысьціянскага напрамку ў беларускамоўнай музычнай культуры.

Каб упэўніцца ў такой тэндэнцыі, трэба было ня толькі ўчытацца ў сьвятыя словы, што цытуюцца складальнікамі дыска «Беларускі хрысьціянскі хіт-2», але і паназіраць за выканаўцамі, а таксама, за слухачамі, якія прыйшлі ў гэты сьвяточны дзень на прэзентацыю дыска.

Распачаць музычную імпрэзу было даручана вядомаму беларускаму барду, песьні якога гучаць на абодвух выпусках «Беларускага хрысьціянскага хіта»,– Андрэю Мельнікаву. Асаблівыя пачуцьці слухачоў, іх гарачыя апладысьменты выклікаў «Гімн» на словы праваслаўнага паэта А. Бембеля (Зьніча). На канцэрце прагучала і песьня-візітоўка А.Мельнікава «Гэта мы!» з першага выпуску зборніка. Гэтыя творы – быццам камертоны беларускай душы, у якой любоў да Хрыста падмацоўваецца любоўю да роднай Беларусі. У гэтым спалучэньні бачацца вытокі беларускай духовасьці і моцы веры нашага народу.

Цікавымі падаліся сьпевы маладых хрысьціянскіх выканаўцаў, якія пакуль не прадстаўленыя на дысках серыі «Беларускі хрысьціянскі хіт», але маюць усе шанцы прадстаўляць сваю творчасьць на наступных кружэлках і канцэртах праекту. Маю на ўвазе дуэт сясьцёр Ганны і Ядзьвігі Багдановіч, якія прадставілі шэраг кампазіцыяў у традыцыйнай – шчырай і сьпеўнай – манеры выкананьня. I гэта ня дзіўна, бо дзяўчаты працуюць пры касьцёле сьвятых Алены і Сымона. Іх песьні «Ля Бэтлея поле сьпіць...», «Зорка Любоў» і іншыя творы прымаліся слухачамі вельмі шчыра, агульнымі сьпевамі мелодыі і словаў тых песень.

Інэса Леаданская таксама прадстаўляла творчы патэнцыял тых вернікаў, якія гуртуюцца вакол духовага цэнтру, што дзейнічае пры касьцёле сьв. Алены і Сымона. Інэса – арганістка і суправаджае сваім граньнем разнастайныя касьцёльныя службы. Але яна і сьпявачка, якая стварае песьні на словы класікаў і вядомых беларускіх паэтаў. На жаль, апошнім часам Інэса ня вельмі часта выходзіць на канцэртныя пляцоўкі са сваімі творамі, але слухачы з цікавасьцю праслухалі выступ сьпявачкі, успомнілі твор, з якім яна дэбютавала на першым выпуску «Беларускага хрысьціянскага хіта» – «Хрыстос уваскрос» на верш Янкі Купалы.

Своеасаблівы сюрпрыз слухачам падрыхтаваў малады хрысьціянскі выканаўца з Вялейкі Алесь Наркевіч, які выканаў песьні на свае вершы. Строй ягоных паэтычных вобразаў вызначаецца глыбокай філасафічнасьцю, арыгінальным поглядам на зьмест хрысьціянскай паэзіі і яе непарыўнай сувязьзю з патрыятычным пачуцьцём беларуса, які любіць Хрыста і родны край. Таму асаблівымі авацыямі слухачоў была адзначана ягоная песьня «Беларусь», у якой аўтар трапна намаляваў складаны эканамічны і цяжкі моўна-культурны стан краіны. Але аўтар сьцьвярджае, што «усё ж Беларусь – гэта нешта другое!» Гэта «нешта другое», на думку А.Наркевіча, палягае ў хрысьціянскіх ідэалах, якія былі і застаюцца галоўным складнікам сьветаадчуваньня нашага народу.

Завяршыў прэзентацыю складанкі «Беларускі хрысьціянскі хіт-2» ужо даволі вядомы і папулярны ў Беларусі прафесійны гурт «Псальмяры». Нагадаю, у 2005-ым годзе гурт стаў уладальнікам гран-пры музычнага конкурсу імя Ўладзімера Мулявіна. «Псальмяры» таксама былі ўзнагароджаныя сьпецыяльным прызам фэсту «Магутны Божа» за захаваньне сьпеўных традыцыяў. На жаль, у гэты дзень увесь склад гурта ня змог прыехаць на прэзентацыю, і творчасьць «Псальмяроў» прадстаўлялі ягоныя ўдзельнікі – сужэнцы Зьміцер і Кацярына Пятроўскія. У іх выкананьні прагучалі хрысьціянскія сьпевы, якія сярод слухачоў сталі сапраўднымі хітамі – «Вечна жыві, мая Беларусь», «Зорка шчасьця», «На Беларусі Бог жыве» (на верш У.Караткевіча), «Я маю права на веру», якія ёсьць на дысках серыі.

Гэтыя творы прагучалі пад скляпеньнямі Чырвонага касьцёлу вельмі ўзьнёсла і арганічна з тэматыкай сьвята Божага Нараджэньня, што выклікала ў слухачоў і вернікаў шчырыя апладысмэнты і словы ўдзячнасьці ў адрас выканаўцаў.

На жаль, нават гэтая двухгадзінная прэзентацыя не змагла ў поўнай меры адлюстраваць усю палітру музычных фарбаў другога дыску серыі «Беларускі хрысьціянскі хіт». Па традыцыі новы дыск распачынаецца чарговай версіяй беларускай хрысьціянскай класікі – гімнам «Магутны Божа» М.Равенскага на верш Н.Арсеньневай. Цяпер твор гучыць у выкананьні камернага хору «Покліч» з Пінску. На дыску таксама прапанавана і традыцыйная хрысьціянская музыка ад гуртоў праслаўленьня розных хрысьціянскіх цэркваў. Маю на ўвазе гурт «Дабравесьце» (цікава, што іх кампазіцыя «Веру ў Бога» аранжаваная ў сярэднявечнай стылістыцы з выкарыстаньнем старажытнай дуды) ці «Сьвет ісьціны» з Салігорску.

Што да хрысьціянскіх сьпеваў ад выканаўцаў папулярнай хрысьціянскай музыкі – бардаў, рок– ці пап-гуртоў, то іх творчыя вартасьці і разьмяшчэньне на новым дыску вызначалася шляхам апытаньня сярод вернікаў. Таму бачыцца логіка ў тым, што ў трэк-ліст «Беларускага хрысьціянскага хіта-2» зноў трапілі кампазіцыі гуртоў «Tesaurus», «DVА», «Кадаш», памянёных «Псальмяроў» і шмат іншых выканаўцаў. Затое пытаньне ўзьнікла адносна такіх нетыповых для хрысьціянскай тэматыкі выканаўцаў, як гурт «Радуніца», музыкі якога працуюць на стыку пап-фольку і хрысьціянскіх сьпеваў. Пакуль іхныя стылістычныя эксьперыменты («Божы народ, танцуй!») ня вельмі кранаюць душу з-за таго, што мелодыі полькі ў гэтых музыкаў яшчэ ня вельмі стасуюцца з тэкстамі пра веру ў Збаўцу. Магчыма, музыкам «Радуніцы» яшчэ трэба папрацаваць над сутнасным напаўненьнем сваіх твораў, зрабіць больш пераканаўчы крок да шчырасьці ў сваёй творчасьці...

Але галоўны настрой дыску «Беларускі хрысьціянскі хіт-2» вызначаюць ня скокі пад гармонік ці «паэтычныя вынаходкі», кшталту «Бог даў сваё спасеньне і любоў... / Мы цяпер цалкам свабодны ад граха.../» Яго ствараюць цудоўныя мелодыі і галасы аўтарак і сьявачак Алесі Ўнукоўскай, Алесі Новік, Тацяны Молчан і Вальжыны Цярэшчанкі, якія яшчэ раз падкрэсьліваюць унівэрсалізм таленту беларускіх жанчын! I хоць кампазіцыі часта не вылучаюцца нейкімі кардынальнымі стылістычнымі адрозьненьнямі, асоба выканаўцаў, іх трапяткое сьветаадчуваньне робіць творы сваеасаблівымі споведзямі жаночай душы. У гэтай сувязі вядомы беларускі музычны крытык Вітаўт Мартыненка заўважыў: «I хоць часам сустракаюцца аднолькавыя назвы твораў, слухач можа не турбавацца, бо калі, напрыклад, у Вальжыны Цярэшчанкі «Абба Ойча» зьяўляецца прыкладам кананічнай малітвы, дык у гурта «DVА» за гэтай назвай хаваюцца асабістыя асэнсаваньні суаўтаркі Алесі Ўнукоўскай». Так, асабістыя асэнсаваньні аўтараў песень, якія прапанаваныя ў новым выпуску серыі «Беларускі хрысьціянскі хіт»,– бадай, самы каштоўны набытак усяго сьпеўна-хрысьціянскага напрамку сучаснай беларускамоўнай папулярнай музыкі. I хоць, бывае, гэтыя набыткі нівелююцца няпэўнымі стылістычнымі эксьперыментамі і моўнай неахайнасьцю ў тэкстах, лепшыя кампазіцыі з новай складанкі даводзяць слухачам тое, што гэты музычны напрамак у Беларусі хутка прагрэсуе, а значыць, мае ўсе шанцы быць пачутым і запатрабаваным слухачамі.

Прэзентацыя дыску «Беларускі хрысьціянскі хіт-2», якая адбылася ў менскім Чырвоным касьцёле сьвятых Алены і Сымона, яшчэ раз давяла слухачам і ўсім тым, хто сочыць за разьвіцьцём хрысьцінскай музычнай культуры, што ў Беларусі зьяўляецца ўсё больш і больш таленавітых выканаўцаў, якія здольныя данесьці да слухачоў высокія словы адданасьці Богу і веры ў Збаўцу. Упэўнены, што такая тэндэнцыя да творчага росту будзе спрыяць зьяўленьню новых таленавітых выканаўцаў, а таксама цікавых кампазіцыяў, якія стануць праграмнымі для будучых выпускаў серыі «Беларускі хрысьціянскі хіт».

Анатоль Мяльгуй,
музычны аналітык
Газета «Беларус». № 552. Студзень 2009 г. С. 12.

Тыя, хто зацікавіўся дыскамі з серыі «Беларускі хрысьціянскі хіт», могуць зьвяртацца па маб. тэл. (+375-29) 656-00-64, 861-62-28.

Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)