Царква
Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, аўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 4:4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

“Узгадаць перад Госпадам душы безыменных слугаў Божых”

13 кастрычніка 2009 году ў ніжняй капліцы Чырвонага касьцёлу грэка-каталіцкія вернікі сабраліся на малітву за супакой душы невядомага слугі Божага, які спачываў у зьнішчанай крыпце, што знаходзілася ў старых фундаментах уніяцкага храма Сьвятога Духа ў Менску. Узгадваліся ў малітве і іншыя захаваныя там безыменныя асобы. Вернікаў перапаўняў боль з прычыны разбурэньня пахавальнай крыпты ў падмурках уніяцкага храму Сьвятога Духа ў Менску падчас будаўнічых прац на пляцы, дзе знаходзіўся гэты знакавы храм Менску.

Засупакойную Літургію служылі менскія грэка-каталіцкія душпастыры а. Яўген Усошын і а. Пахом Кавалёў у прысутнасьці Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека).

Пасьля Боскай Літургіі Архімандрыт Сяргей узначаліў паніхіду за ўсіх памёрлых, чые астанкі і косьці былі знойдзены ў падмурках базыльянскай царквы Сьвятога Духа.

“У малітве хочам аддаць Госпаду наш глыбокі боль з прычыны разбурэньня пахавальнай крыпты і прафанацыі парэштак захаванага там сьвятаслужыцеля”, – сказаў а. Яўген перад паніхідай.

Як вядома, на пачатку верасьня падчас працы коўш экскаватара прабіў невядомую крыпту (пахавальны склеп), не пазначаную ні на адным з планаў царквы. Былі выкліканыя сьпецыялісты з Інстытуту археалогіі НАН Беларусі, якія пачалі прафесійна раскопваць крыпту. Астанкі фундатараў царквы засталіся некранутымі, нягледзячы на нешчасьлівы лёс храму. Археолагамі былі выяўлены дзьве крыпты-пахаваньні. Адна з гэтых крыптаў, як можна меркаваць, мела ўнікальны характар і адносілася да тыпу так званых закрытых крыптаў. Паводле характару кладкі і археалагічнага слою, у якім знаходзіцца пахаваньне, можна прыблізна вызначыць ягоны час – гэта XVII стагоддзе.

8 кастрычніка 2009 году на месцы будаўніцтва была разбурана (разабраная) адна з дзьвюх крыптаў-пахаваньняў. У працэсе разбурэньня гэтай крыпты была таксама парушаная цэласнасьць пахаваньня, якое ў ёй знаходзілася. Рэшткі пахаваньня (абломкі драўлянай труны, захаваныя кавалкі вопраткі, чалавечыя косткі) былі зваленыя ў адну кучу. Паводле характару кавалкаў вопраткі, чалавек, пахаваны ў крыпце, быў каталіцкім сьвятаром усходняга абраду (грэка-католікам) ці каталіцкім манахам усходняга абраду. Гэта таксама можа быць першая ігуменьня манастыра базыльянак.

На сёньняшні дзень яшчэ захоўваецца другая крыпта. Падчас работ, як нам вядома, таксама была знойдзена вялікая колькасьць чалавечых парэшткаў, якія ў розны час былі пахаваныя або ўнутры царквы, або непасрэдна каля яе. Цяпер яны чакаюць свайго супачынку на месцы пахаваньня (паводле правілаў археалагічных раскопак яны могуць быць пахаваныя на месцы раскопак). У дадзены момант яны захоўваюцца ў памяшканьнях КУП “Менская спадчына”.

Тое, што адбылося, паводле царкоўных законаў можа кваліфікавацца як блюзьнерства. “Для вернікаў і для ўсіх цывілізаваных людзей парэшткі памерлых – гэта рэч сьвятая. Нашыя продкі, якія там пахаваныя, жыхары і дабрадзеі горада Менску, маюць права на пашану з боку ўсіх жыхароў. Грэка-каталіцкія вернікі чакалі, каб годна, з малітвай, пахаваць у адным з месцаў новых фундаментаў будоўлі сабраныя косьці. Мы чакалі таксама, згодна з абяцаньнямі працаўнікоў КУП “Менская спадчына”, на прафесійны перанос крыпты. На жаль, у мінулы чацьвер, 8 кастрычніка 2009 году, вечарам працаўнікі КУП “Менская спадчына” разьбілі крыпту і зьняважылі астанкі захаванага там манаха”, – дадаў з болем а. Яўген Усошын.

У нядзелю вечарам, 11 кастрычніка, Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка- Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек), у суправаджэньні віцэ-дэкана а. Яўгена Ўсошына, пайшоў паглядзець асабіста на месца раскопкаў. Там яны пабачылі па-варварску зьнішчаную (разьбітую) крыпту, раскіданыя часткі труны і косьці нябожчыка. Убачанае яны расцанілі як акт дзікага варварства, зьдзейсьнены над спадчынай грэка-каталіцкай (уніяцкай) Царквы, у цэнтры еўрапейскага гораду –сталіцы нашай Рэспублікі Беларусь, побач са сьвятымі месцамі братоў рыма-католікаў і праваслаўных.

12 кастрычніка 2009 году Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў ліст выконваючаму абавязкі старшыні Менскага гарвыканкаму сп. Мікалаю Ладуцьку. “Жах і боль не дазваляе нам каментаваць гэты акт дзікага варварства”, – адзначыў у лісьце Архімандрыт Сяргей (Гаек). Ад імя вернікаў БГКЦ ён прасіў паўплываць на сітуацыю: “Зьвяртаемся з просьбай пасадзейнічаць, каб сьвятыя парэшткі нашых продкаў маглі быць ізноў, з пашанай і нашай малітвай, складзены на месцы, дзе яны былі першапачаткова захаванымі”.

“Мы, грэка-каталіцкія вернікі г. Менску, удзячныя дзяржаўным уладам і прадстаўнікам аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менскага гарвыканкаму за падтрымку патрабаваньня кіраўніцтва нашай Царквы, каб крыпта была адбудаваная (рэканструяваная) ды каб сьвятыя парэшткі нашых продкаў маглі быць ізноў, з пашанай і нашай малітвай, складзены на месцы, дзе яны былі першапачаткова захаванымі”, – сказаў адзін з вернікаў – удзельнікаў малітвы 13 кастрычніка. А душпастыр менскіх грэка-католікаў а. Яўген Усошын дадаў: “Мы ўдзячныя шматлікім хрысьціянам розных канфесіяў за малітоўную і маральную падтрымку нашых патрабаваньняў”.

Паводле Svjazep.org

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)