Царква
Ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 4:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Рухі і супольнасьці
У чаканьні Зыходу Сьвятога Духа: хрысьціянскі фэст у Пінску
У Пінску, 22 траўня 2010 году, напярэдадні сьвята Зыходу Сьвятога Духа перад будынкам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя сьв. Тамаша Аквінскага ўвечары адбыўся хрысьціянскі фэст для моладзі, які праходзіў пад дэвізам “Прыміце Духа Сьвятога”. Гэты фэст моладзі быў арганізаваны намаганьнямі кіраўніцтва пінскай семінарыі і найперш яе пракуратара кс. Эдуарда Мігая разам з берасьцейскімі грэка-католікамі з супольнасьці “Маран ата”.

На хрысьціянскі фэст напярэдадні сьвята Пяцідзясятніцы – сьвята заснаваньня Царквы – сабраліся каля трох соцень маладых вернікаў ня толькі з Пінску, але таксама з Берасьця, Баранавічаў, Кобрыня, Лагішына, Новай Мышы, Століна, Янава і іншых гарадоў і мястэчак рэгіёну. Цікавасьць да хрысьціянскага фэсту на тэрыторыі пінскай семінарыі праявілі ня толькі католікі абодвух абрадаў, але і вернікі іншых канфесіяў, а таксама нецаркоўная моладзь.

Музычную праграму фэсту распачаў выступ берасьцейскіх грэка-католікаў з супольнасьці “Маран ата” сумесна з музыкамі з гурта “Paracletos”. Затым былі шэраг танцавальных нумароў і пантаміма пра месца Бога ў жыцьці чалавека. Але, безумоўна, галоўным пунктам праграмы хрысьціянскага фэсту стаў выступ гурта “Подых Духа” з пінскай духоўнай семінарыі, які прэзентаваў свой першы музычны альбом “Я выбіраю Хрыста”. У альбом гурта ўвайшлі песьні, напісаныя як самімі семінарыстамі, так і шэраг папулярных хрысьціянскіх сьпеваў. Ахвотныя маглі набыць дыск гурта, а таксама майкі з сымболікай і назвай гурта. Дарэчы, музычную апаратуру для семінарыйнага гурта падараваў кардынал Казімір Сьвёнтак.

Хрысьціянскі фэст у Пінску доўжыўся чатыры гадзіны да 23-й гадз. і прыцягнуў увагу многіх пінчукоў, якія ў гэты цёплы вечар прагульваліся па набярэжнай Піны. Многія, асабліва моладзь, з цікавасьцю слухалі хрысьціянскія сьпевы, некаторыя адважыліся далучыцца да вясёлых танцаў і малітоўнага праслаўленьня на пляцы перад будынкам духоўнай семінарыі. (Гл. фотарэпартаж са сьвята на с. 1, 20).

Берасьцейскія ўдзельнікі сьвята вымушаны былі ад'ехаць, каб сустрэць сьвята Зыходу Сьвятога Духа ў сваёй парафіі. А ў пінскай катэдры апоўначы была адслужана сьвятая Імша, пасьля якой у храме да самай сьвяточнай раніцы Зыходу Сьвятога Духа працягвалася чуваньне моладзі.
 
Ігар Бараноўскі

Фотарэпартаж пра падзею:
Гэты артыкул чыталі 42 разоў (-ы)