Царква
Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, - дык я нішто
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Андрэй Баболя – непераможны змагар Хрыста

16 траўня 2007 году ў Янаў, што на Берасьцейшчыне, зьехалася мноства вернікаў і каля 130 каталіцкіх сьвятароў з Беларусі, Польшчы і Ўкраіны. Такой колькасьці сьвятароў невялікі палескі Янаў, напэўна, ніколі ня бачыў у сваёй гісторыі. А сабраліся яны на ўрачыстасьць з нагоды 350-ых угодкаў мучаніцкай сьмерці місіянера Палесься Андрэя Баболі.

Сьвяты Андрэй Баболя паходзіў з шляхецкага роду Баболяў, які ў ХІІІ ст. прыбыў з Чэхіі ў Польшчу. Нарадзіўся Андрэй 30 лістапада 1591 г. у Страхоціне, што на Саноцкай зямлі. Выхоўваўся ў сям’і з моцнымі каталіцкімі традыцыямі. Бацькі, клапоцячыся аб тым, каб іх сын атрымаў адпаведнае выхаваньне і найлепшую адукацыю, у 1606 г. адалі яго ў езуіцкую школу ў Браневе. Скончыўшы пяцігадовы курс, 31 ліпеня 1611 г. Андрэй вырашыў уступіць у закон езуітаў у Вільні. 10 жніўня 1611 г. ён атрымаў габіт і распачаў навіцыят. Пасьля навіцыяту стаў студэнтам Віленскай акадэміі, дзе на працягу 1613-1616 гг. вывучаў філасофію.

Дата яго сьвятарскіх сьвячаньняў супала з вялікай падзеяй у Рыме, дзе 12 сакавіка 1622 г. адбылася кананізацыя Ігнація Лаёлы і Францішка Ксаверыя, можна сказаць патрыярхаў закону езуітаў. У той самы дзень у Вільні біскуп Яўстах Валовіч высьвяціў Андрэя Баболю на сьвятара.

Пасьля заканчэньня вучобы згодна з канстытуцыяй Таварыства Ісуса Андрэй Баболя быў адпраўлены ў Нясьвіж на год трэцяй прабацыі. Гэта быў час на тое, каб падбаць пра выпрацоўку волі, стараннасьці і асабістай сьвятасьці. Пасьля прабацыi ён правёў у Нясьвіжы першы год сваёй апостальскай працы. Стаў рэктарам касьцёлу. Праявiў сябе як дасканалы адмiнiстратар, а таксама старанны душпастыр: быў выдатным спаведнiкам i прапаведнiкам. Усе зьвярталі ўвагу на яго жывы розум, добрую адукацыю, цьвярозасьць суджэньняў, адміністрацыйныя здольнасьці, вялікі ўплыў, які ён меў на людзей.

У 1624 г. Андрэя Баболю як выдатнага прапаведніка перавялі ў Вільню, у касьцёл сьв. Казіміра. З 1630 г. на тры гады ён стаў суперыёрам новазаснаванага кляштару ў Бабруйску. Затым нейкі час працаваў сярод моладзі і прапаведнікам у розных гарадах Польшчы і ў Вільні. У канцы 1642 г. Баболю накіравалi ў Пiнск, дзе ён навярнуў на каталіцызм шмат мясцовай шляхты і ўмацаваў марыйны культ. У 1646-52 гг. ён выехаў у Вільню, каб паправіць здароўе. А з лета 1652 г. Андрэй Баболя зноў у Пінску, дзе быў ужо да канца сваіх дзён.

На Палесьсі а. Андрэй Баболя зьдзяйсьняў перадусім місійныя выправы ў ваколіцы паміж Пінскам і Янавам Палескім. Вёскі, па якіх хадзіў, былі маладаступныя – вакол іх былі лес і багна. Рэлігійны стан гэтых “лясных” людзей быў мізэрны, былі распаўсюджаны забабоны. З вялікай ахвярнасьцю працаваў ён над падвышэньнем іх рэлігійнага ўзроўню. Прапаведнік вучыў, што толькі Евангельле можа паказаць адзіную правільную дарогу да праўды, да справядлівасьці. Працы сярод тых людзей Андрэй Баболя аддаў апошнія гады свайго жыцьця. Абыходячы гэтыя землі, Андрэй Баболя заходзіў у вясковыя хаткі, навучаў людзей праўдам веры, паказваў як трэба жыць, хрысьціў людзей, злучаў праз шлюб сужэнскія пары, спавядаў, прычашчаў. Асабліва клапаціўся Андрэй Баболя пра палескую моладзь. Заглядаў у хаты і цэрквы перасьледаваных у той час уніятаў. Уздымаў іх дух, заахвочваў да захаваньня каталіцкай веры. Шмат высілкаў прысьвяціў ён праваслаўным. Андрэй Баболя абвяшчаў Евангельле паводле спосабаў таго часу: з дапамогай тэалагічных аргументаў, асабістай стараннасьці і малітвы. Самым вялiкiм яго дасягненьнем стала навяртаньне жыхароў дзьвюх вёсак – Баландычы i Ўдрожын (цяпер в.Адрыжын). За свае заслугі Андрэя Баболю пачалі называць апосталам Піншчыны. За такі багаты плён місіянерскай працы трэба было плаціць. Андрэй Баболя вызначаўся вялікай пакорай, цярплівасьцю, панаваньнем над сабой і паслушэнствам. Вельмі многа пасьціўся, асабліва падчас місійных выпраў, задавальняўся часам толькі хлебам і вадою. Заўсёдны добры настрой і адкрытасьць пракладалі яму дарогу да людзкіх душаў.

Часы, у якіх прыйшлося працаваць Андрэю Баболю, былі вельмі цяжкія. Няспынныя войны з Расеяй, Швецыяй, казакамі, татарамі зьнішчалі краіну, выміралі цэлыя ваколіцы. Да палітычных канфліктаў далучыліся рэлігійныя. Знаходжаньне а. Андрэя Баболі на Палесьсі прыпала на гады вялікіх пагрозаў Уніяцкай Царкве, прыхільнікам якой ён быў. Падчас аднаго з казацкіх наездаў на Піншчыну прапаведнік быў схоплены. У мястэчку Янаў казакі ўчынілі над ім крывавыя зьдзекі, прымушаючы адрачыся ад каталіцкае веры. З яго зьдзерлі скуру, выразалі на галаве танзуру, выкалалі вока і зьнявечылі твар. Жудасныя катаваньні доўжыліся каля дзьвюх гадзінаў. Адбывалася гэта 16 траўня 1657 году (гэтая дата пазьней стала днём ушанаваньня памяці мучаніка). Нечакана ў ваколiцы Янава прыбылi часткi польскага войска. Уцякаючы ў панiцы, казакi пакiнулi зьнявечанае цела прапаведніка. Уніяцкі сьвятар з Янава Ян Залескі падабраў цела мучаніка, а пасьля езуiты перавезлi яго ў свой кляштар у Пiнску.

У 1853 годзе папа Пій ІХ абвясьціў Андрэя Баболю блаславёным, адзначаючы, што ён – найвялікшы мучанік Сьвятой Царквы. А з 1938 г., згодна з дэкрэтам папы Пія ХІ, Каталіцкая Царква вызнае Андрэя Баболю за сьвятога. Папа Пій XII у 1957 г. у сваёй энцыкліцы, прысьвечанай 300-годдзю мучаніцкай сьмерці Андрэя Баболі, назваў яго непераможным змагаром Хрыста. Мошчы сьв. Андрэя Баболі ў розныя часы знаходзіліся ў Пінску, Полацку, Маскве, Рыме. Цяпер яны захоўваюцца ў Варшаве. Часьцінка яго мошчаў ёсьць таксама і ў Янаве.

Вядома, што сьвятымі не нараджаюцца, сьвятымі становяцца. І Андрэй Баболя не выключэньне. Сярод іншых вучняў не вызначаўся ён у пабожнасьці, пакорнасьці, паслухмянасьці, сьціпласьці і ў захаваньні правілаў. Нават пасьля доўгіх гадоў манаскага жыцьця часам яго дакаралі ў недахопах. Сьцьвярджалі, што звыш меры прывязаны да асабістага меркаваньня, лёгка запальваўся, частымі былі праявы нецярплівасьці. Але адначасова тыя ж самыя людзі выдзялялі яго сярод іншых, падкрэсьліваючы высілкі Андрэя Баболі ў змаганьні з самім сабою, а таксама яго выразны прагрэс у любові да бліжняга, у прастаце і адкрытасьці, у любові да ўбоства і свайго закону. Толькі з дапамогай ласкі Божай, праз няспынную барацьбу з самім сабой Баболя змог дасягнуць такіх вышыняў. Упартасьць, якая раней перашкаджала яму спаўняць Божую волю, аказалася ня толькі слабасьцю, але і сілаю будучага сьвятога. Дзякуючы ўпартаму трываньню з Ісусам, ён змог вытрымаць аж да канца ў найвялікшым выпрабаваньні, якім стала яго мучаніцкая сьмерць. Яго паслушэнства жывілася праз малітву. І, напэўна, ён ня стаў бы сьвятым, калі б не адбыўся прагрэс у тым, што залежала ад яго.

На жыцьцёвай дарозе Андрэя Баболю спаткала шмат цяжкасьцяў. Можа здавацца, што яны былі вялікай перашкодай, а ў той жа час, калі ён прыняў іх у духу веры, яны сталіся прыступкай, якая падняла яго на ўзровень вышэй, да мэты, вызначанай самім Богам. У гэтым сьвятле няўдача, якая ў свой час зачыніла для Андрэя Баболі навуковую дарогу, не была чымсьці негатыўным, але адкрыла шырокае поле душпастырскай працы, якая ў будучым стала праўдзівым пакліканьнем сьвятога.

Калі па 27 гадах упартай працы над сабою Андрэй Баболя набліжаўся да дня сваёй мучаніцкай сьмерці, сьведкі яго змаганьняў і перамог бачылі ўжо ў ім сьвятога, які ў значнай ступені адзначаўся шчырай пабожнасьцю, пакорай, цярплівасьцю, панаваньнем над сабою і ахвярнасьцю. Называлі яго ў гэты час чалавекам сьвятым, “лоўцам душ”. Сьвяты Андрэй Баболя ў любых абставiнах умеў быць сьведкам евангельскай праўды i таму, нягледзячы на абрадавыя цi культавыя адрозьненьнi, прыцягвае сэрцы ўсiх, хто хоча быць сьведкам Хрыстовай мукi i Яго ўваскрасеньня.

семінарыст Андрэй ГАЙДУКЕВІЧ

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)