Царква
Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі
(2 запаведзь, Выхад 20:4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Хрысьціянскія Цэрквы Беларусі ў малітве і пакаяньні ўзгадалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1937 г.

29 кастрычніка 2007 г. мінула 70 гадоў ад часу сталінскіх рэпрэсіяў 1937 году ў Беларусі, скіраваных супраць эліты народу: дзеячаў навукі і культуры, духавенства розных веравызнаньняў, патрыётаў і звычайных жыхароў. Вынікам гэтага тэрору было зьнішчэньне або ссылкі ў лагеры 90% беларускай інтэлігэнцыі ды 100% духавенства.

На працягу 15 месяцаў, паміж жніўнем 1937 і сьнежнем 1938 году, на тэрыторыі ўсходняй Беларусі арыштавана і расстраляна больш за 10 тысячаў чалавек. Толькі падчас адной ночы 29‐30 кастрычніка 1937 году, і толькі ў Менску, у вязьніцы НКВД, расстраляна больш за 100 асобаў.

Для ўшанаваньня ахвяраў гэтага жахлівага генацыду 2007 год абвешчаны Годам Памяці, а 29 кастрычніка — усеагульным Днём Памяці.

Хрысьціянскія Цэрквы ў Беларусі ў разнастайны спосаб адзначалі трагічныя даты 1937 году. Грэка‐католікі Беларусі ўзгадвалі ахвяраў сталінскага генацыду ў Велікодны час (у тым ліку на Радаўніцу), а таксама падчас ХІІІ штогадовай Пілігрымкі Віцебск‐Полацак. На завяршэньне яе, 15 ліпеня 2007 г. Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка‐Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек) зьвярнуўся да вернікаў з адмысловым Словам, у якім між іншым напісана: «Разам з хрысьціянамі іншых канфесій узгадваем гэтыя ахвяры перад Уваскрослым Госпадам і хочам маліцца аб дары вечнага супакою для іх душаў, а для нас усіх — аб ласцы быць мужнымі сьведкамі Ўваскрослага Хрыста ў Беларусі 2007 году».

Асаблівым Днём памяці і малітвы для рыма‐католікаў быў дзень 26 жніўня 2007 году, у які згадвалася мучаніцкая сьмерць у менскай вязьніцы НКВД апошніх каталіцкіх сьвятароў у Менску. Гэта былі ксяндзы: Станіслаў Райка — адміністратар парафіі сьв. Барбары ў Віцебску, Пётр Януковіч — душпастыр парафіі ў Гомелі, Ян Баравік — пробашч парафіі Сьвятой Тройцы на Залатой Горцы ў Менску, Пётр Аўгла — душпастыр у Магілёве. 26 жніўня 2007 г. Апостальскі Адміністратар Менска‐Магілёўскай Архідыяцэзіі Ўладыка Антоні Дзям’янка адслужыў памінальныя службы ў некаторых менскіх касьцёлах, у якіх служылі рэпрэсаваныя сьвятары.

Беларускія пратэстанты (асабліва хрысьціяне веры евангельскай і хрысьціяне поўнага Евангельля) наладзілі ў рамках Году Памяці сьпецыяльную міждэнамінацыйную душпастырскую акцыю «Шлях пакаяньня», у рамках якой абвясьцілі нядзелю 28 кастрычніка Днём пакаяньня за грахі камунізму. Да гэтай ініцыятывы далучыліся ў Менску і каталікі абодвух абрадаў (візантыйскага і лацінскага), а таксама некаторыя групы праваслаўных вернікаў. У сам Дзень Памяці — 29 кастрычніка 2007 г. ва ўрочышчы Курапаты, што пад Менскам, дзе спачывае каля 300 тысячаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, грэка‐каталіцкімі сьвятарамі была адслужана паніхіда, у якой удзельнічалі вернікі розных канфесіяў.

У гарадзенскай грэка‐каталіцкай парафіі ў гэты дзень Боская Літургія была адслужана за бязьвінна загінуўшых дзеячаў беларускай культуры, расстраляных 29‐30 кастрычніка 1937 г.

Малітоўныя ўспаміны ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў адбыліся і ў іншых месцах Беларусі на Дзяды, 2 лістапада, а таксама ў Зьмітраўскую бацькоўскую суботу, калі праваслаўныя хрысьціяне моляцца за памерлых.

У грэка‐каталіцкім царкоўным календары дзень 1 лістапада — гэта літургічны ўспамін мучаніцтва сьвятамучаніка Тэадора (Ромжы), біскупа Мукачыўскага, закатаванага НКВД. На запрашэньне Апакрызара (афіцыйнага прадстаўніка) Украінскай Грэка‐Каталіцкай Царквы ў Рыме Ўладыкі Глеба (Ланчыны) Апостальскі Візітатар для грэка‐католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) разам з групай беларусаў, што знаходзіліся ў той час у Рыме, 1 лістапада 2007 г. у рымскім украінскім саборы Сьвятой Сафіі ўдзельнічаў у Боскай Літургіі і парастасе, у якіх згадвалася мучаніцтва Блаславёнага Тэадора, а таксама ахвяры камуністычнага тэрору ва Ўкраіне і Беларусі.

Для грэка‐католікаў Беларусі яшчэ адной нагодай узгадаць усіх пакутнікаў — ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў, якія пачаліся ўжо ў 1918 г., стала ўрачыстасьць Сьвятамучаніка Язафата 12 лістапада. У казаньні падчас сьвяточнай Боскай Літургіі ў Віцебску, у касьцёле Сьвятога Духа, якую саслужылі сьвятары візантыйскага і лацінскага абрадаў, Архімандрыт Сяргей зазначыў: «На шляху мучаніцтва, на які на Беларускай зямлі ўвайшоў і сьвяты Архібіскуп Полацкі Язафат, сустракаем у гэтыя дні ўсіх бязьвінных ахвяраў мінулага стагоддзя, асабліва ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, што ў 1937 годзе мелі свой пік. Няхай сьвяты Мучанік Язафат выпрасіць нашаму народу дар пакаяньня за ўсе злачынствы камуністычнай сістэмы на беларускіх землях. А Маці Божая, ад часу зьяўленьняў якой у Фаціме спаўняецца 90 гадоў, няхай нас суправаджае сваімі малітвамі на шляху пакаяньня».

а. Андрэй Буйніч

На фота: Паніхіду па ахвярах бальшавіцкіх рэпрэсіяў служаць а. Зьміцер Грышан і а. Аляксандар Шыбека.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)