Царква
Я Гасподзь, Бог твой... Хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім
(1 запаведзь, Выхад 20:2-3)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Шлях да Бога

Зварот супраць рэкламы акультызму і гвалту над асобай

Біскупы пратэстанцкіх супольнасьцяў Беларусі заклікаюць улады спыніць рэкламу акультызму ў СМІ і адмовіцца ад прымусовага запісу моладзі ў БРСМ.

15 студзеня 2008 году кіраўнікі пратэстанцкіх канфесіяў Беларусі падпісалі зварот да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Г.Невыгласа, які накіравалі таксама ўпаўнаважанаму па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў, Міністру інфармацыі, галоўнаму рэдактару газеты «Советская Белоруссия» і старшыні Белтэлерадыёкампаніі з заклікам спыніць рэкламу ў прэсе і на тэлебачаньні разнастайных акультных практыкаў і вераваньняў.

«Сёньня стала модным карыстацца паслугамі майстроў таро, сьпецыялістаў парапсіхалогіі, экстрасэнсаў, празорцаў, знахароў. Кадаваньне ад алкагалізму і курэньня тытуню падаецца амаль як панацэя ад гэтых залежнасьцяў. Спірытызмам займаюцца нават у школах. І ў авангардзе ўсяго гэтага выступае тэлебачаньне і прэса, прыносячы гэтую духоўную »атруту« ў кожны дом, кожную сям’ю!»– гаворыцца ў заяве. «Мы перакананыя, што нездаровая цікавасьць да іншага сьвету, папушчальніцтва і нават садзейнічаньне распаўсюджваньню вядзьмарства сярод насельніцтва – гэта трывожны знак духоўнае дэградацыі нашага грамадзтва, страта ім традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Верым, што адзіным рашэньнем гэтае праблемы зьяўляецца вяртаньне ўсяго нашага народа да Бога, да Яго вечных, выпрабаваных часам ісьцінаў, вяртаньне да хрысьціянскай маралі. Заклікаем спыніць любую рэкламу акультнага характару».

Адначасова быў накіраваны зварот да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністра адукацыі, у якім біскупы пратэстанцкіх супольнасьцяў краіны выказалі сваю заклапочанасьць тым, што «адміністрацыя навучальных установаў прымушае навучэнцаў у абавязковым парадку ўступаць у грамадзкія арганізацыі, у прыватнасьці ў Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю (БРПА) і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ)».

«Ні мы, ні нашыя дзеці ня хочам мець нічога агульнага з арганізацыямі – духоўнымі спадкаемцамі ранейшых камуністычных атэістычных саюзаў. Мы лічым, што прымусовы запіс у падобныя арганізацыі парушае прынцыпы добраахвотнасьці, раўнапраўя і дэманапалізацыі»,– гаворыцца ў заяве.

Паводле матэрыялаў інфармацыйнага цэнтру «Евангельская Беларусь»

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)