Царква
Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды
(Выхад 23:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Ісус – Госпад і Збавіцель наш!

Сёлетні дзень Пасхі па юльянскім календары – 27 красавіка 2008 году – у берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя быў незвычайны. Гасьцямі парафіі сталі месіянскія габрэі, г. зн. габрэі, якія вызнаюць сваім Госпадам і Збаўцам Ісуса Хрыста, але імкнуцца захоўваць пры гэтым свае старажытныя нацыянальныя традыцыі. На запрашэньне берасьцейскага грэка-каталіцкага параха а. Ігара Кандрацьева ў Берасьце з Менску прыехалі каля паўсотні вернікаў пратэстанцкай супольнасьці “Зорка Бэтлеему” на чале з пастарам Уладзімірам Хасіным.

Мэта гэтай экуменічнай сутрэчы ў пасхальны час была ў тым, каб бліжэй пазнаць традыцыі адзін аднаго і ў духу ўзаемнай павагі і брацкай любові праславіць нашага Ўваскрослага Госпада і Збаўцу Ісуса Хрыста. Сёньняшнія хрысьціяне ў большасьці практычна нічога ня ведаюць пра тое, як сьвяткавалі Пасху першахрысьціянскія супольнасьці, якія складаліся тады пераважна з габрэяў. Але ж многія хрысьціянскія традыцыі і абрады маюць свае карані ўласна ў старажытнай юдэйскай цывілізацыі і кульце. Расказаць і пазнаёміць з імі пагадзіўся пастар месіянскіх габрэяў Уладзімір Хасін.

Назва галоўнага хрысьціянскага сьвята Пасхі, як вядома, паходзіць з старажытнагабрэйскага слова “песах”, што азначае “пераход”. Песах – гэта сьвята свабоды ў габрэяў. Яно нагадвае ім пра вялікі Выхад, калі пасьля чатырохсот гадоў цяжкай няволі ў фараона Ўсявышні паслаў свайму абранаму народу прарока Майсея, каб ён вывеў іх з Ягіпту і павёў па цяжкім шляху да свабоды. Да яе ім давялося ісьці сорак гадоў праз пустыню, а дайсьці да Зямлі абяцанае змаглі толькі іх дзеці. На ўспамін пра гэтую радасную падзею ў жыцьці ізраільскага народу і было ўстаноўлена сьвята Пасхі, галоўным момантам якога ёсьць сэдэр (парадак), падчас якога ў вызначаным парадку чытаюць аповед пра Выхад з ягіпецкае няволі і спажываюць сымбалічныя стравы. Ісус, як кожны пабожны ізраільцянін, таксама браў удзел у сьвяткаваньні Пасхі.

Уласна такі традыцыйны пасхальны сэдэр з мацой і ўсімі абавязковымі стравамі быў арганізаваны на велікоднай малітоўнай экуменічнай сустрэчы ў Берасьці ў нядзелю, 27 красавіка, пасьля Боскай Літургіі ў візантыйскім абрадзе, на якой разам з грэка-каталікамі маліліся таксама і госьці: месіянскія габрэі з Менску, рыма-каталікі і прадстаўнікі пратэстанцкіх супольнасьцяў з Берасьця, Кобрыня, Маларыты і Камянца. Пастар Уладзімір Хасін грунтоўна распавёў прысутным вернікам пра сымбалічнае значэньне кожнай стравы. Жанчыны паказалі, як прынята ў габрэяў праслаўляць Госпада танцамі на сьвяце Пасхі.

А потым, да вечара, было сумеснае праслаўленьне малітвай, сьпевамі і танцамі адзінага для ўсіх нас Уваскрослага Госпада Ісуса Хрыста – Збаўцы сьвету. Нашыя канфесійныя рамкі зусім не перашкаджалі разам радавацца і весяліцца, бо “Хрыстос уваскрос з мёртвых!”

На фота:

1. Удзельнікі пасхальнай экуменічнай сустрэчы падчас малітвы праслаўленьня.

2. Падчас пасхальнага сэдэру.

3. Берасьце, 27.04.2008. Боская Літургія на якой прысутнічалі месіянскія габрэі.

4. Пасхальны сэдэр: чаша з плодам вінаграднае лазы.

5-6. Пастар месіянскіх габрэяў Уладзімір Хасін распавядае пра сымболіку страваў пасхальнага сэдэру.

Ігар Бараноўскі
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)