Царква
Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 2:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Пілігрым

"Багародзіца, Дзева, радуйся!"

Згодна з традыцыяй напрыканцы жніўня каталікі з розных гарадоў і мястэчак Пінскай рыма-каталіцкай япархіі адпраўляюцца ў пешае паломніцтва ў невялікае палескае мястэчка Лагішын, да цудатворнай іконы Маці Божай – Каралевы Палесься. У апошнія гады ўдзел у гэтых урачыстасьцях пачалі браць таксама і грэка-католікі Берасьцейшчыны. Вернікі з Берасьця, Пінску і Бярозы былі там і сёлета.

Д
зьве групы пілігрымаў, прайшоўшы за ча тыры дні каля 120 кіламетраў з Бярозы (праз Зьдзітава-Безьдзеж-Опаль-Моладава-Парэчча) і каля 150 – з Баранавічаў (праз Русінавічы-Ганцавічы-Бобрык і Пласкінь), пад вечар у чацьвер, 21 жніўня 2008 г., як два струмені ракі, зьліліся ў адзін шумны вясёлы паток перад Лагішынам і накіраваліся ў санктуарыюм Маці Божай – Апякункі Палесься. Сёлета гэты шлях пешкі адолелі больш за 350 вернікаў і яшчэ многія далучыліся да падзякі і ўшанаваньня Багародзіцы ў апошнія два дні ў самім Лагішыне. Пробашч лагішынскага касьцёлу айцец Тадэвуш Шэшка сардэчна прывітаў пілігрымаў, сярод якіх было вельмі шмат маладых твараў. А пасьля таго, як пілігрымаў разьмеркавалі на начлег па сем’ях мясцовых каталікоў, вернікі адправіліся рыхтавацца да ўрачыстай сьвятой Імшы і начнога чуваньня.

А 21-й гадзіне сьв. Імша, якую саслужылі амаль два дзясяткі сьвятароў (сярод якіх быў і грэка-каталіцкі сьвятар з Берасьця а. Ігар Кандрацьеў), распачала начное праслаўленьне нашага Госпада Ісуса Хрыста і Яго Маці Багародзіцы Марыі. Беларуская імша была надзвычай узьнёслай, радаснай і жыцьцясьцьвярджальнай, чаму вельмі паспрыяла дружная суладная малітва пілігрымаў, палымяныя сьпевы пад гітару (іх узначальвалі малады брат-кармяліт Павел Рудзьман і семінарыст Віталь Пазьняк), жывое ды цікавае казаньне кс. Уладзіміра Русака – віцэ-рэктара Пінскай духоўнай семінарыі. Затым пачаўся канцэрт-праслаўленьне.

Ідэя арганізацыі ў санктуарыюме ў Лагішыне канцэрта хрысьціянскай песьні і праслаўленьня на завяршэньне пілігрымкі зьявілася ў яе арганізатараў яшчэ некалькі гадоў таму. Сёлета гэтая ідэя ўрэшце была рэалізаваная, дзякуючы намаганьням кс. Эдуарда Мігая з Маларыты, якому даручылі заняцца падрыхтоўкай і правядзеньнем гэтай часткі праграмы паломніцтва да Маці Божай – Каралевы Палесься.

"За тыя некалькі месяцаў, якія я працаваў у Берасьці,– гаворыць кс. Эдуард,– мне ўдалося пазнаёміцца з некалькімі хрысьціянскімі музычнымі групамі. Каб пакласьці пачатак цудоўнай, як мне здаецца, традыцыі правядзеньня канцэрту для пілігрымаў з розных парафіяў нашай япархіі ў санктуарыюме Маці Божай у Лагішыне, сёлета былі запрошаныя маладая група "Еднасьць" з парафіі Ўзвышэньня сьвятога Крыжа ў Берасьці і група праслаўленьня харызматычнай супольнасьці "Маран ата" пры берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя. Маладыя дзяўчаты з "Еднасьці" выдатна прасьпявалі і правялі прэзентацыю свайго першага, нядаўна запісанага дыску, які складаецца з кранальных меладыйных твораў на беларускай і расейскай мовах. Браты з грэка-каталіцкай парафіі Пятра і Андрэя, якія заставілі паўкасьцёла барабанамі і іншай музычнай апаратурай, наладзіўшы свае гітары і гук, як толькі ўдарылі па клавішах і струнах – адразу, з першых акордаў, прымусілі паломнікаў узьняцца з лаваў і танцаваць, незважаючы на пройдзеныя кіламетры. Разам з сьпевакамі з "Маран аты", пляскаючы ў далоні, падпяваючы і танцуючы, моладзь шчыра і радасна праслаўляла Бога".

А як жа інакш можна праслаўляць нашага Госпада, калі мы самі так часта зьвяртаемся да нашай і Ягонай Маці – Заступніцы і Добрай Апякункі, Багародзіцы Марыі – у самай што ні ёсьць традыцыйнай і добра ўсім вядомай малітве такімі канкрэтнымі словамі: "Багародзіца, Дзева, радуйся!" Вось жа радавацца, а ня сумна пазяхаць і тужыць, з думкаю "калі ўсё гэта ўрэшце скончыцца" павінны і мы, калі праслаўляем у малітве Марыю і Яе Сына Ісуса. Бо – Яна "нарадзіла Збавіцеля душ нашых"! Ці гэтыя словы штосьці значаць для нас, ці ўслухоўваемся мы ў іх зьмест?! Ці, можа, проста аўтаматычна мы нудна паўтараем як заклінаньне, даўно завучаныя пустыя для нас словы?.. Чаму ня радуемся, калі чуем, што нарадзіўся наш Збавіцель? Ня верым , што Ён – нарадзіўся? Дык, ці ўрэшце, верым, што Ён збавіў нас?!

Адкрыцца і даверыцца Госпаду запрашалі ўсе прапанаваныя сьпевы. Канцэрт-праслаўленьне доўжыўся амаль дзьве гадзіны, але для ўдзельнікаў яны праляцелі зусім незаўважна. Закончыўся ён ужо пасьля апоўначы. Палымяныя і натхняльныя сьпевы з гучнай, дынамічнай ды рытмовай музыкай выдатна завершыў глыбокі і велічны, вельмі інтымны і кранальны старажытны габрэйскі сьпеў-малітва "Кадош", які, абняўшыся за плечы і стаўшы "ў шацёр", сьпявалі ўсе сьпевакі і музыкі з "Маран аты": "Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Бог Сабаот..." Словы гэтай малітвы часам ліліся ціхай, спакойнай ракой, то набіралі моц, як гучны звон, то зноў сьціхалі да ціхага шэпту ветру... У гэты час многія з тых, якія толькі што весела скакалі ў танцы, укленчылі ў шчырай падзячнай малітве Госпаду.

Як сьцьвярджае кс. Эдуард Мігай, "палымяная музыка і словы песьняў, якія так выдатна праслаўляюць нашага Стваральніка, пакінулі ў сэрцах многіх маладых людзей незабыўны сьлед". Ён выказаў таксама шчырую ўдзячнасьць усім удзельнікам і арганізатарам канцэрта-праслаўленьня і пілігрымкі, а "асаблівая падзяка – душпастыру парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя а. Ігару Кандрацьеву за дапамогу ў падрыхтоўцы выдатнага музычнага праслаўленьня".

Ігар Бараноўскі

На фота:

1. Сьв. Імша на заканчэньне пілігрымкі ў Лагішын

2-3. Канцэрт-праслаўленьне ў лагішынскім санктуарыюме Маці Божай.
Гэты артыкул чыталі 8 разоў (-ы)