Царква
Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, аўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 4:4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Грэка-каталіцкі сьвятар асьвяціў магілу дзеяча БНР

У Берасьці на старых Трышынскіх могілках адбылося адкрыцьцё адноўленага помніка Адаму Трыпусу, аднаму з ўдзельнікаў падпольнага руху ў Заходняй Беларусі, арганізаванага ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі на пачатку 1920-ых гадоў.

Помнік быў асьвячаны грэка-каталіцкім сьвятаром з Берасьця а. Ігарам Кандрацьевым 16 верасьня 2008 году, на ўгодкі трагічнай сьмерці беларускага настаўніка і афіцэра Адама Трыпуса. У памяць па ім была адслужана паніхіда. Адбылася таксама кароткая малітва за душы ўсіх беларускіх дзеячоў, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё служэньню ўласнаму народу і дабру Бацькаўшчыны. Завершылася ўрачыстасьць гімнам-малітвай «Магутны Божа». У той жа дзень увечары ў грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў апосталаў Пятра і Андрэя была адслужана Боская Літургія ў памяць за Адама Трыпуса і яго сям’ю.

У перыяд змаганьня за незалежнасьць Беларусі Адам Трыпус – былы афіцэр царскай арміі, некалькі разоў паранены на франтах вайны і ўзнагароджаны за мужнасьць, які працаваў настаўнікам у беларускай гімназіі і быў адным з кіраўнікоў беларускага дзіцячага прытулку ў Горадні,– стаў падпольным камендантам Гарадзенскага павету і сябрам Гарадзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, што быў арганізаваны ўрадам БНР Вацлава Ластоўскага. У траўні 1923 году Адам Трыпус (вядомы таксама пад прозьвішчам Трыпуза і псеўданімам Каласкоў) быў сярод абвінавачаных на «Працэсе 45-ці» у Беластоку, на якім польскія ўлады судзілі беларускіх дзеячоў, якія змагаліся за права беларускага народу на ўласную дзяржаўнасьць. (Дарэчы, гераіняй таго працэсу была беларуская настаўніца з Супрасьля Вера Маслоўская-Матэйчук, якая пазьней разам з мужам псаломшчыкам Уладзімірам Карчэўскім працавала на беларускай культурніцкай ніве ва ўніяцкіх парафіях на Палесьсі ў Альпені і Кодані.) Уласна пасьля гэтага гучнага працэсу польскія ўлады выслалі яго з Горадні ў Берасьце, падалей ад цэнтраў беларускага руху, і далі негалоснае распараджэньне: ня браць на працу. Разам з ім у Берасьце выслалі яшчэ аднаго гарадзенскага дзеяча БНР – Лукаша Дзекуць-Малея, які пазьней спрычыніўся да зьяўленьня першага беларускага перакладу «Новага Запавету і Псальмаў».

Каб атрымаць працу настаўніка хоць бы і ў вёсцы, недалёка ад Берасьця, польскія ўлады паставілі А.Трыпусу ўмову – стаць лаяльным да польскай дзяржавы і прыняць каталіцтва, на што ён пагадзіўся, ахрысьціўшы дачок у касьцёле, пэўна, маючы ўніяцкія карані (яго жонка заставалася праваслаўнай). Аднак і ў гэтай вясковай школцы ў в. Ратайчыцы ён вучыў дзяцей беларускай і расейскай мовам.

На адкрыцьці помніка прысутнічалі людзі, якія ведалі інтэлігентную сям’ю Адама Трыпуса. Адзін з іх – доктар Георгі Грынкевіч (бацька старшыні берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі) – у маладосьці быў добра знаёмы з Адамам Трыпусам і яго сям’ёй і ўласна ён дапамог адшукаць яго магілу. На жаль, ужо няма каму яе даглядаць, а шыльда на сьціплым металічным крыжы паржавела і была амаль нечытэльная. Сп. Грынкевіч распавёў пра пасьляваеннае жыцьцё А.Трыпуса, які, паводле яго словаў, працуючы інсьпектарам у Берасьцейскім райана, ніколі ня быў абыякавы да праблемаў іншых людзей. Пра сябе ён з гонарам усім казаў, што паходзіць з радзімы К.Каліноўскага. У сям’і Трыпусаў было дзьве дачкі, але адна з іх памерла ў маладосьці, а другая – Ірына – так і засталася самотнаю, бо ўсе яе жаніхі загінулі ў ГУЛАГу. Яна жыла ў Берасьці і была выкладчыцай нямецкай, ангельскай і польскай моваў. Ад яе аўтар артыкулу даведаўся, што ў сям’і як вялікую каштоўнасьць праз увесь савецкі час захоўвалі значок з Пагоняй, які належаў бацьку, і шмат старых фотаздымкаў.

Пра годнасьць і несавецкасьць дачкі Адама Трыпуса распавядала на адкрыцьці помніка таксама спн. Марыя Лукашук.

Адам Трыпус таямніча загінуў у Берасьці ў 1965 годзе. Яго знайшлі з моцна разьбітай галавой. Як казала дачка, ніякага расьсьледаваньня не праводзілася, у сям’і ўсе былі проста запужаныя. А ў пасьведчаньні аб сьмерці Адама Трыпуса напісалі, што памёр ён ад гіпертанічнага крызу, і састарылі яго на 9 гадоў...

Незадоўга перад асьвячэньнем помніка прыадкрылася яшчэ адна невядомая старонка з жыцьця Адама Трыпуса. Аўтар артыкулу паказаў сп. Г.Грынкевічу архіўны фотаздымак, перададзены гарадзенскім гісторыкам А.Чарнякевічам, на якім дзеці з беларускага прытулка ў Вільні з выхавальнікамі. Без ваганьняў ён апазнаў на гэтым фота маладога А.Трыпуса, а ў жанчыне, што поруч,– яго жонку. Поруч яе – вядомы беларускі сьвятар – кс. Адам Станкевіч. Сёньня ведаем, што 1920-1921 гг. Адам Трыпус быў кіраўніком беларускага прытулка для дзяцей у Вільні. А ў сакавіку 1922 году ён быў сярод заснавальнікаў Гарадзенскага аддзяленьня Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.

Адам Трыпус прысьвяціў жыцьцё служэньня бліжнім, і найперш беспрытульным дзецям, што сталі ахвярамі вайны. Вось жа сёньня абавязак беларускага грамадзтва – клапаціцца, каб памяць пра такіх шчырых беларускіх працаўнікоў ня згінула. Да ўшанаваньня памяці А.Трыпуса спрычыніліся грамадзкія актывісты з Берасьця, вернікі берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі. Усталяваньне помніка на магіле Адама Трыпуса было прымеркавана да 90-ых угодкаў абвяшчэньня БНР.

Ігар Бараноўскі

На фота:

1. Адкрыцьцё помніка Адаму Трыпусу на Трышынскіх могілках у Берасьці.

2. Адам Трыпус (справа) з жонкай і кс. Адамам Станкевічам сярод дзяцей з беларускага прытулку ў Вільні (пач. 1920-ых гг.).

Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)