Царква
Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль
(Кніга Эклезіяста 1:18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Катэдральны пляц

Вядома, што Каталіцкая Царква на II Ватыканскім саборы прыняла вядомыя экуменічныя пастановы. Я маю на ўвазе Дэкларацыю пра адносіны Царквы да нехрысьціянскіх рэлігіяў, у якой ёсьць выказваньні пра юдаізм, іслам і некаторыя разнавіднасьці язычніцтва (індуізм і буддызм), якія мяне вельмі бянтэжаць. У мяне пытаньне: як ГЭТА стасуецца з асноўным хрысьціянскім догматам пра тое, што ёсьць толькі адзін Бог – трыадзіны Айцец, Сын і Сьвяты Дух? Некаторыя праваславныя аўтары пішуць цяпер, што католікі адмовіліся ад Хрыста і ператварыліся ў неаязычніцкую рэлігію. У мяне пытаньне: як трэба разумець гэтую экуменічную дэкларацыю II Ватыканскага Сабору? З павагай Дзяніс

Шаноўны Дзяніс, мы зразумелі сутнасьць Вашых пытаньняў адносна Дэкларацыі пра адносіны Царквы да нехрысьціянскіх рэлігііяў “Nostra Aetate”, якія выклікалі ў Вас непаразуменьне, і гатовыя дапамагчы ў іх разьвязаньні.

Па-першае, адкажам на самую агульную частку Вашага пытаньня: як разумець Дэкларацыю “Nostra Aetate” (“Наш час”). Дзеля гэтага варта зьвярнуць увагу на мэту і прычыну зьяўленьня гэтай Дэкларацыі, а таксама на паняцьці пошуку Бога і Божага Аб’яўленьня.
Дэкларацыя “Nostra Aetate” напісана з прычыны неабходнасьці даць адказ Царквы на актуальныя праблемы дачыненьняў хрысьціянаў з людзьмі іншых веравызнаньняў ва ўмовах глабалізацыі. І нават праз сорак тры з паловай гады пасьля выхаду ў сьвет гэтай Дэкларацыі гэты адказ Царквы ня страціў актуальнасьці. Гэты дакумент заклікае хрысьціянаў цьвёрда трымацца праўды і надзеі, адкрытай нам Богам у Ісусе Хрысьце; зьвеставаць Евангельле Нябеснага Валадарства, але пры гэтым любіць тых, да каго яно яшчэ не дайшло, хто яго па нейкіх  прычынах не прыняў альбо нават учыніў супраціў, аддзяляючы людзей як асобаў ад сітуацыі іх дачыненьняў з Богам, бо ўсе людзі паміж сабою – адно, адзін род чалавечы, і пошук Бога ўласьцівы ўсім людзям.

Хрысьціянскі ж досьвед Бога ўзбагачаны і ўдасканалены Божым Адкрыцьцём.

Прыняцьце Евангельля і волі Божай пра сябе – справа дабравольная. Таму Царква дае адказ у акрэсьленых умовах: сьведчыць Евангельле, а з усімі людзьмі шукаць і падзяляць тое, што нас аб’ядноўвае. Таму дарэмныя ў сьвятле вышэйсказанага абвінавачаньні Каталіцкай Царквы з боку некаторых праваслаўных братоў на падставе Дэкларацыі “Nostra Aetate” ў адступінцтве ад Хрыста і ператварэньні ў новае язычніцтва. Напэўна, ім варта яшчэ раз уважліва перачытаць гэтую Дэкларацыю. Каталіцкая Царква сьведчыць гэтым дакументам наступнае: “Каталіцкая Царква не адмаўляе нічога, што ў гэтых рэлігіях ёсьць праўдзівага і сьвятога… Аднак яна абвяшчае і заўсёды павінна абвяшчаць Хрыста – “дарогу, праўду і жыцьцё” (Ян 14, 6), у Якім  людзі знаходзяць паўнату рэлігійнага жыцьця і праз Якога Бог прымірыў усё з сабою” (NA, 2).
Акрамя таго, прырода рэчы Дэкларацыі “Nostra Aetate” ёсьць такой, што не выказвае і не фармулюе догматаў; само паняцьце дэкларацыі Сусьветнага сабору азначае выяўленьне погляду Каталіцкай Царквы ды адкрытасьць тэзісаў гэтага дакументу для ўсіх людзей (у адрозьненьне ад Апостальскай канстытуцыі, дэкрэту); г. зн., што ўсе людзі і рэлігійныя супольнасьці могуць да яе далучыцца ды падобным чынам мысьліць, не губляючы пры гэтым сваёй тоеснасьці. Дэкларацыя ёсьць запрашэньнем, а не загадам, які абавязвае. І няхай Вас не “бянтэжаць” выказваньні Царквы пра юдаізм, іслам і інш., бо яны зусім не азначаюць прыняцьця Царквой іхняга веравызнаньня, але ёсьць заклікам да пошуку агульнага ў сферы чалавечага пошуку Бога ды выяўляюць павагу па-першае – да людзей, па-другое – да таго, што ёсьць у нас з імі агульнае ў веры.

Догмат пра Сьвятую Тройцу складае ў акрэсьленай сістэме стасункаў намі прынятую праўду Божага Аб’яўленьня, якая ёсьць – па-над чалавечыя высілкі і досьвед – у пошуку Бога. Гэты догмат, гэтую праўду мы сьведчым. І ні ў якім выпадку не трапляем у небясьпеку яе згубіць або адкінуць дзеля зямных мэтаў паразуменьня з людзьмі іншых веравызаньняў.

Віталь Быстроў,
магістар тэалогіі
г.Берасьце
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)