Царква
Голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
(Кніга Ёва 1:21)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Сьвятло Ўсходу

Дэкан БГКЦ
айцец А.Абламейка будзе студыяваць у Аўстрыі

16 жніўня, у дзень Нерукатворнага вобразу Гасподняга, парах менскай парафіі сьвятога і праведнага Язэпа і протапрасьвітар Цэнтральна-Заходняга дэканату БГКЦ а. Андрэй Абламейка адслужыў разьвітальную літургію – цяпер ён накіраваны для навуковых студыяў у Аўстрыю.

Айцец Андрэй Абламейка быў высьвячаны на сьвятара 16 сьнежня 1998 году (на дыякана – 15 траўня 1991 году) і больш за 10 гадоў служыў душпастырам беларускіх грэка-католікаў у Менску і вобласьці ды пэўны час у Лідзе. Да сваіх сьвятарскіх сьвячаньняў ён 6 гадоў студыяваў на тэалагічных факультэтах у Аламоўцы (Чэхія) і ў Любліне (Польшча). Скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт і мае ступень магістра багаслоўя. Цяпер па блаславеньні царкоўных уладаў ён накіроўваецца на далейшую вучобу ў Аўстрыю, дзе мае намер падрыхтаваць доктарскую працу па праблемах сям’і. Вучыцца і пісаць дысертацыю а. Андрэй Абламейка будзе ў Міжнародным багаслоўскім інстытуце вывучэньня праблемаў сужэнства і сям’і, што ў Гамінгу.

Разам з айцом Андрэем Абламейкам на вучобу ў Гамінг накіроўваецца і яго жонка Сьвятлана. Яна мае намер пісаць магістарскую працу з тэалогіі сям’і.

Міжнародны багаслоўскі інстытут у Гамінгу заснаваны ў 1996 годзе з ініцыятывы папы Яна Паўла ІІ. Ён разьмясьціўся ў ціхіх старажытных мурах былога картузіянскага кляштару, які быў збудаваны яшчэ ў ХIV стагоддзі (гл. фота).

Сёньня ў гэтым багаслоўскім інстытуце ў альпійскім мястэчку Гамінг займаюцца навукаю прафесары і студэнты з больш чым 20 краінаў сьвету, якія належаць да розных культур, традыцыяў і абрадаў. Паводле апошніх дадзеных, у інстытуце праходзяць навучаньне каля шасьцідзесяці студэнтаў – мужчынаў і жанчынаў, сьвецкіх і асобаў духоўнага стану. Усе гэтыя навукоўцы пазнаюць Бога ня толькі з кніжак, але і з асасбістага досьведу ў малітве.

Нельга не адзначыць, што сярод тых, хто студыюе ў Гамінгу, католікаў лацінскага абраду не на шмат болей за католікаў візантыйскага абраду. Гамінг сёньня ператварыўся ў адзін з важных асяродкаў усходняй духоўнасьці. Таму пры багаслоўскім інстытуце была створана ўсходняя капліца, росьпіс якой зроблены паводле правілаў візантыйскай іканаграфіі румынскім і славацкім іканапісцамі, якія навучаліся ў Гамінгу. У 2007 годзе, на сьвята Дабравешчаньня, адбылося асьвячэньне капліцы. На гэтай знакавай урачыстай падзеі прысутнічалі архібіскуп Вены кардынал Хрыстаф Шонбарн, першаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар, а таксама ўкраінскія, румынскія і славацкія грэка-каталіцкія ярархі.

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)