Царква
Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых
(Кніга Эклезіяста 7:9)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

Сьвята еднасьці ў Берасьці

У суботу, 28 лістапада 2009 году, берасьцейская грэка-каталіцкая парафія згодна з сваёй шматгадовай традыцыяй, запрасіла ўсіх сваіх сяброў рыма-католікаў, пратэстантаў і праваслаўных на сваё парафіяльнае сьвята ў гонар апекуноў парафіі – родных братоў-апосталаў: сьв. Пятра, заступніка хрысьціянскага Захаду, і сьв. Андрэя, заступніка хрысьціянскага Ўсходу.

У гэты сьвяточны дзень сваю першую (прыміцыйную) Боскую Літургію разам з беларускімі і ўкраінскімі сьвятарамі абодвух абрадаў урачыста адслужыў новы сьвятар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ераманах Антон Нікалаеў, які паходзіць з берасьцейскай парафіі. (Гл. таксама фота на с. 20).

На сьвята ў Берасьці прыехалі таксама госьці: грэка-каталіцкія манахі-рэдэмптарысты з Украіны на чале з протаігуменам іх Львоўскай Правінцыі а. Васілём Іванівым, а таксама музычны гурт семінарыстаў «Подых Духа» з Пінскай вышэйшай духоўнай каталіцкай семінарыі імя Т.Аквінскага. Пасьля ўрачыстай Літургіі яны выступілі з канцэртам-віншаваньнем. Былі таксама музычныя віншаваньні, танец і пантаніма ад нашых братоў з супольнасьцяў «Слова жыцьця» і «Спасение» з Берасьця і ад кобрыньскіх вернікаў з супольнасьці «Крыніца жыцьця». З парафіяльным сьвятам грэка-католікаў Берасьця павіншаваў і начальнік аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў сп. Аляксандар Мурашкін, які прысутнічаў на сьвяце.

Ісус увесь час заклікае хрысьціянаў, «каб усе былі адно». І таму, ня гледзячы на канфесійныя падзелы, якія сёньня існуюць, хрысьціяне павінны нястомна шукаць шляхі і нагоды для ўзаемапазнаньня, братэрства і супрацоўніцтва, асабліва на мясцовым узроўні. Сваю хрысьціянскую еднасьць мы можам сьведчыць, будучы разам у малітве і на агапе – сумесным братэрскім пачастунку хрысьціянаў. І адно з такіх сьвятаў еднасьці, якое запомнілася многім удзельнікам, адбылося ў Берасьці.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)