Царква
Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Новы "Шлях да Хрыста"

Пачатак 2007 году парадаваў вернiкаў БГКЦ аднаўленьнем парафiяльнай газеты "Шлях да Хрыста", якую выдае менская парафiя Мацi Божай Нястомнай Дапамогi.

Дагэтуль выйшла 57 нумароў газеты, першы нумар якой пабачыў сьвет у траўнi 1999 году. На жаль, выхад газеты перапынiўся ў 2002 годзе. Адноўленае выданьне выходзiць цяпер на 12 старонках (у адрозьненьне ад папярэдняга, якое мела толькi 6-8) i мае 9 тэматычных разьдзелаў-рубрык. Плануецца, што газета будзе выходзiць раз на квартал.

Рубрыкi "Наша вера", "Сьцяжынка", "Сьветачы" ўжо знаёмыя чытачам, якiя даўно ве­даюць "Шлях да Хрыста". "Сьветачы" – гэта новая назва старой рубрыкi, якая распавядала пра постацi сьвятых. Вельмi цешыць, што i ў новым выданьнi вырашана захаваць старонку для дзетак "Сьцяжынка". Тым больш, што матэрыялаў для дзяцей у нашай беларускай хрысьцiянскай перыёдыцы зусiм ня шмат.

Што да новых рубрык у адноўленай газеце, то яны маюць шматабяцальныя назвы, i многiя матэрыялы ў iх сапраўды цiкавыя. Хочацца зьвярнуць асаблiвую ўвагу чытачоў на рубрыкi "Лiтургiка", "Лесьвiца", "Сьветачы", якiя задаюць дух-атмасферу нумару. Вельмi сiмпатычная таксама рубрыка "Пляцоўка", дзе падаецца рэцэнзiя на фiльм "Питер FM", iнфармацыя пра матэрыялы сайту грэка-каталiцкай парафii ў Даўгаўпiўсе (Латвiя) i кароткае разважаньне пра стары добра вядомы ўсiм мультфiльм "Вожык у тумане".

Рубрыка "Постацi" распавядае пра славутых дзеячаў нашай мiнуўшчыны. Матэрыялам на гiстарычную тэматыку ўдзялялася шмат увагi i ў старым выданьнi. У першым сёлетнiм нумары ў гэтай рубрыцы надрукаваны матэрыял пра вядомую беларускую мецэнатку i прыхiльнiцу адраджэньня Ўнiяцкай Царквы княгiню Магдалену Радзiвiл. Гiстарычную тэматыку, распачатую ў рубрыцы "Постацi", працягваюць матэрыялы з рубрык "Вандроўкi" ды "Нашы сьвятынi". Пры ўважлiвым аналiзе матэрыялаў, зьмешчаных у першым сёлетнiм нумары газеты, паўстае, аднак, пытаньне: цi не дублююць гэтыя дзьве рубрыкi адна адну?

Каб нейкая канструкцыя была ўстойлiвая, яна павiнна мець прынамсi тры ножкi. Можна сказаць, што новы нумар "Шляху да Хрыста" мае гэтыя тры ножкi-стаўпы, якiя трымаюць ды ствараюць цэласнасьць, агульнае бачаньне нумару. Гэтымi стаўпамi ў адноўленай парафiяльнай газеце зьяўляюцца матэрыялы духоўнай, гiсторыка-культурнай i дзiцячай тэматыкi. Хоць, здаецца, адну "ножку" ў гэтым царкоўна-рэлiгiйным выданьнi можна было б трошкi i "падпiлаваць" – для ўстойлiвасьцi. Матэрыялы на гiстарычную тэматыку ў першым сёлетнiм нумары яўна дамiнуюць. Таксама хацелася б прапанаваць выдаўцам больш ужываць графiкi i менш здымкаў – рызограф, на якiм друкуецца газета, на жаль, ёсьць да здымкаў бязьлiтасны. Калi ня браць пад увагу асобныя недахопы, то нумар атрымаўся добры.

Падсумоўваючы, павiншуем Рэдакцыю (склад якой таксама аднавiўся) i чытачоў з неблагiм пачаткам. I калi ў наступных нумарах больш увагi будзе ўдзяляцца яшчэ й рэдагаваньню матэрыялаў, то, не сумняваемся, працяг будзе толькi яшчэ лепшы.

айцец Андрэй Буйнiч


Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)