Царква
Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 6:25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Адна ноч 1937 г.

Уначы 29/30 кастрычніка 1937 году (г. зн. 20 гадоў пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі) ў Менску адбылася акцыя, падобных якой, бадай, не было ў гісторыі чалавецтва. На працягу адной толькі ночы — самай страшнай ночы ў беларускай культурнай гісторыі — у сутарэньнях унутранай турмы НКВД было расстраляна дзясяткі беларускіх пісьменьнікаў, дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў, навукоўцаў. Ахвярам гэтай ночы Леанід Маракоў прысьвяціў сваю навую кнігу:

Маракоў, Л. У. Толькі адна ноч. 29 кастрычніка 1937 года / Маракоў Леанід. — Мінск: Зміцер Колас, 2006. — 176 с. [Наклад 50 асобнікаў].

У кнізе Леаніда Маракова падаюцца біяграфічныя дадзеныя ахвяраў, вытрымкі з асабовых справаў, апісваюцца лёсы сваякоў. Асобную частку кнігі пад назвай «Яны вынішчалі нашых продкаў» складаюць зьвесткі пра тых, хто ўчыніў гэтае страшнае злачынства. Яскравай ілюстрацыяй зьяўляюцца цытаты, якія мы прыводзім ніжэй (захоўваем арфаграфію арыгінала).

* * *

«У Архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі (АП РФ, вопіс № 24, справа № 411*) захоўваецца «Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда Союза ССР». У спіс уключаны «ворагі народа» з усяго Савецкага Саюза ад Далёкаўсходняга краю да Калінінградскай вобл., ад паўночнай ледзяной Комі АССР да сонечнай курортнай Крымскай АССР. Спіс датаваны: 7 верасня 1937 года. І падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым, К. Варашылавым, М. Яжовым. Спіс асуджаных па першай катэгорыі (да вышэйшай меры пакараньня — расстрэлу) па Беларускай ССР налічвае 103 чалавекі, па другой катэгорыі (прыговораны да 10 і больш гадоў зняволення ў канцлагерах) — 6.

Спіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасня 1937 і падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым і начальнікам 8 аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР старшым маёрам дзяржаўнай бяспекі У. Цэсарскім».

* * *

«У тым юбілейным для бальшавікоў 1937‐м, калі іх гвардзейцы‐энкавэдысты пачалі татальнае вынішчэнне інтэлектуальнай беларускай эліты, толькі за тры восеньскія месяцы пачварамі таталітарнага рэжыму было рэпрэсавана больш за 500 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.

Рэпрэсаваны... Знайшлі ж бальшавікі слова! Не канкрэтнае — расстраляны або загублены на катарзе, ці замардаваны ў ссылцы, а замежнае, не кожнаму да канца зразумелае — рэпрэсаваны (з лацінскай repressor — падаўленне). Не, гэта было не падаўленне, гэта было вынішчэнне, генацыд супраць беларускага народа!

Першага жніўня 1937 г. на вялікім вогнішчы ў «амерыканцы» энкавэдысты Сакалоў (нам. начальніка Мінскай унутранай турмы НКВД), Абрамчык, Гарбацэвіч вынішчылі — спалілі — некалькі дзесяткаў тысяч (!) рукапісаў беларускіх літаратараў. Гарэлі творы, якія не праскочылі цэнзуру або пісаліся ў стол, для нас, нашчадкаў».

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)