Царква
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 22:37-40)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Угодкі сьмерці Яна Паўла ІІ

2 красавіка 2008 споўнілася тры гады, як адышоў да дому Айца першы Папа славянін, місіянер Божай Міласэрнасьці, Ян Павел Вялікі. У гэты дзень у касьцёле сьв. Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) у Менску была адслужана сьв. Імша ў інтэнцыі яго хуткай беатыфікацыі.

Сьвятую Імшу ўзначалілі Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Марцін Відавіч і дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай Архідыяцэзіі Ўладыка Антоні Дзям’янка. З імі саслужылі айцец Дэкан Уладзіслаў Завальнюк (пробашч касьцёлу сьв. Сымона і Алены), іншыя рыма-каталіцкія сьвятары ды тры менскія грэка-каталіцкія сьвятары: Протапрасьвітар Андрэй Абламейка і два вікарыі – а. Андрэй Буйніч і а. Яўген Усошын.

Напачатку сьв. Імшы, пасьля прывітаньня Біскупа Антонія Дзям’янкі, а. Андрэй Абламейка зачытаў Прывітальнае слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея Гаека, які ў той час знаходзіўся ў Ватыкане. У сваім пасланьні да ўдзельнікаў менскіх урачыстасьцяў, скіраваным на імя пробашча парафіі сьв. Сымона і Алены, Апостальскі Візітатар БГКЦ напісаў: “Пачэсны Ойча Пробашч! На Вашыя рукі дасылаю гэтыя словы духовай сулучнасьці і салідарнасьці з усімі, хто сёньня ўвечары ў касьцёле сьв. Сымона і Алены ў Мінску ў малітве, якую ўзначальвае Найдастойны Апостальскі Нунцый Уладыка Архібіскуп Марцін Відавіч, адзначае трэція ўгодкі блаславёнага спачыну Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ.

Гэтыя словы сулучнасьці накіроўваю да Высокадастойных Айцоў Біскупаў, Пачэсных Сьвятароў і Сёстраў Манахіняў і ўсіх вернікаў, католікаў двух абрадаў, а таксама братоў праваслаўных, пратэстантаў і ўсіх людзей добрай волі.

Сёньня ў Рыме, каля магілы Слугі Божага Яна Паўла ІІ, зьбіраюцца шматлікія ярархі і вернікі памесных Цэркваў з многіх краінаў сьвету, сярод іх і з Беларусі. Разам з Высокадастойным Мітрапалітам Мінскім і Магілёўскім Архібіскупам Тадэвушам Кадрусевічам молімся тут, у Рыме, аб беатыфікацыі Папы Яна Паўла ІІ.

Дзякуем таксама Госпаду за служэньне гэтага Вялікага Папы і ўсё, што Ён змог зрабіць для Царквы ў Беларусі. Ягоным заступніцкім малітвам перад Міласэрным Хрыстом Чалавекалюбцам давяраем духовую місію Царквы ў нашай дарагой Бацькаўшчыне ды лёс усіх нашых суайчыньнікаў”.

Пасьля ўрачыстага набажэнства і кароткага перапынку адбыўся прагляд дваццаціхвіліннага дакументальнага фільму пра Яна Паўла ІІ і канцэрт памяці Вялікага Папы. Пазьней – ужо традыцыйна, калі надышла гадзіна сьмерці Папы Яна Паўла ІІ (21:37), адбылася хвіліна маўчаньня. Скончылася ўрачыстасьць, калі ўсе прысутныя са сьвечкамі і зьнічамі прайшлі ў працэсіі вакол касьцёлу ў цэнтры беларускай сталіцы.

На фота: Менск, 02.04.2008. Грэка-каталікі на ўрачыстай багаслужбе ў памяць Яна Паўла II.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)