Царква
Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 21:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Шлях да Бога

Як агонь...

"Божа мой! Блаславёная Тройца! Хачу любіць Цябе і каб Цябе любілі. Хачу працаваць на праслаўленьне Сьвятой Царквы, душы ратуючы, якія жывуць на зямлі, і вызваляючы тыя, што пакутуюць у чысцу. Я хачу ў дасканаласьці выканаць волю Тваю… Я хацела б суцешыць Цябе і зьмякчыць няўдзячнасьць злых людзей, і малю Цябе пазбавіць мяне ад свабоды быць непрыемнай Табе, і калі я калі-небудзь упаду па прычыне сваёй слабасьці, прагну, каб Твой Боскі Погляд ачысьціў маю душу, паглынаючы маю недасканаласьць, падобна агню, які пераўтварае ўсё ў самога сябе.

Я аддаю сябе як ахвяру цэлапаленьня Тваёй міласэрнай Любові і малю Цябе няспынна паглынаць мяне, перапаўняючы маю душу хвалямі бясконцае пяшчоты, якая ёсьць у Табе, каб я зрабілася мучаніцай Тваёй Любові, о, Божа!.. І няхай ад гэтага мучаніцтва… я нарэшце памру. Няхай душа мая без прамаруджаньня кінецца ў абдымкі Тваёй Любові".

(З малітвы сьв. Тэрэзы ад Дзіцятка Ісуса)


Год таму, чытаючы гэтую малітву сьвятой Тэрэзы ад Дзіцятка Ісуса (з Лізье) – малітву прысьвячэньня яе Божай Любові – я нечакана для сябе была зьдзіўлена, захоплена і ўражана сутнасьцю агню, гэтай непаўторнай і ні з чым не параўнальнай на зямлі стыхіі. Ніякая іншая стыхія гэтага ня можа – усё пераўтвараць у самую сябе! Гэта стала для мяне ня проста адкрыцьцём, а захапленьнем адкрыцьця, якое нібы маланка працяло ўсю маю сутнасьць. Любоў Божая ня можа ўвайсьці ў сэрца, калі яно перш ня будзе адданае агню Сьвятога Духа і перамененае ў Ягоную сутнасьць цалкам і бяз рэшты, як ахвяра цэлапаленьня. У мяне імгненна нарадзіліся мелодыя і словы песьні "Як агонь". Выконваецца яна ў такім дынамічным і рытмічным тэмпе, што гэта падобна агню, які разгараецца.

Як агонь, які паліць усё вакол,
Як агонь усё бяз рэшты вакол паглынае,
Прыгажосьць ці агіду – ўсё роўна, што –
Ён у самога сябе цалкам ператварае,

Як агонь, у маю душу ўвайдзі, Гасподзь!
Як агонь, яе бруд ці красу папалі Ты!
На далоні Твае пакладаю ўсё,
Як ахвяру для цэласпаленьня ў малітве.

Як агонь на ахвярнік – хай зыйдзе Любоў,
Дабрачынствы, правіны і мары – усё спаліць,
Як агонь, ператворыць мяне ў вобраз Свой
І бясконца нязгасным агнём палае!


Праз год (12-13 ліпеня 2008 г.) мы, берасьцейскія грэка-каталікі з супольнасьці "Маран ата" былі запрошаныя манахамі кармялітамі ў Гудагай пад Астраўцом на ўрачыстасьці з нагоды сьвяткаваньня ўгодкаў каранаваньня Гудагайскай іконы Божай Маці. І (о, шчасьце!) нам далі магчымасьць там ня толькі двойчы прасьпяваць Акафіст Багародзіцы, але яшчэ й выдзелілі 20 хвілінаў для выступу ў праграме праслаўленьня.

Тэмаю нашага выступу была Любоў, якая раскрывалася праз песьні, напісаныя на вершы кармяліцкіх сьвятых містыкаў – Малой Тэрэзы (з Лізье) і Вялікай Тэрэзы (з Авіля) ды праз сьвятыя тэксты Песьні Песьняў. Апошняй песьняй у час нашага выступу была тая самая – "Як агонь". Падчас яе выкананьня дождж ліў, як з вядра, усё поле перад сцэнаю было закрыта рознакаляровымі парасонікамі. Але вернікі ўсё адно стаялі, не сыходзілі: пэўна, слухалі...

Акрыленыя такім посьпехам, з гэтай жа праграмаю – "Любоў і ахвяра цэлапаленьня, як умова яе прыняцьця" – "Марана ата" езьдзіла 16-17 жніўня 2008 г. у Львоў, у манастыр рэдэмптарыстаў, дзе складаў вечныя зарокі берасьцейскі грэка-каталік, брат Апалінар Нікалаеў, а цяпер ужо брат Антон. Песьня "Як агонь" трапіла да свайго сапраўднага выканаўцы – брата Антона: яго палымянае сэрца, падобна як сэрца Малой Тэрэзы, адкрылася на Божую Любоў і аказался здольным усё пакласьці на ахвярнік гэтае Любові.

"Пакладзі мяне пячаткаю на сэрца тваё, як пячатку на руку тваю: бо моцная, як сьмерць, любоў; (...) жар яе – жар агню; яна – полымя вельмі моцнае. Вялікія воды ня могуць любоў пагасіць, і рэкі яе не зальюць. Калі б хто даваў усе багацьці дома свайго за любоў, ён адкінуты быў бы з пагардаю" (Песьня песьняў 8, 6-7).

Вольга Граськова
г.Берасьце


На фота: 12.07.2008. Фэст у м.Гудагай (Астравецкі р-н). Грэка-католікі з Берасьця сьпяваюць Акафіст да Багародзіцы.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)