Царква
Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
(Кніга Эклезіяста 7:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Катэдральны пляц

У мяне ёсьць хросны сын, ён хрышчаны ў праваслаўі. Калі я перайду ў грэка-рымскую Царкву, то ў якой веры мне яго выхоўваць? Ці магу я, будучы католікам, выхоўваць яго ў праваслаўі? Алесь, г. Кемерава (Расея)

За хрысьціянскае выхаваньне дзіцяці ў першую чаргу нясуць адказнасьць яго родныя бацькі, а хросныя дапамагаюць ім у гэтым. Калі бацькі дзіцяці – практыкуючыя праваслаўныя, то, вядома ж, нельга “пераманьваць” іх альбо дзяцей у Грэка-Каталіцкую Царкву. Аднак у Беларусі і Расеі часта здараецца, што прыналежнасьць бацькоў да Праваслаўнай Царквы толькі намінальная. У такой сітуацыі, калі, напрыклад, яны папросяць Вас вадзіць дзіця ў нядзельную школку пры грэка-каталіцкай парафіі, ня трэба адмаўляцца. Калі ж бацькі будуць настойваць на выхаваньні дзіцяці ў Праваслаўнай Царкве, Вы мусіце дапамагчы ім у гэтым, выхоўваючы хросьніка як сапраўднага хрысьціяніна. У любым выпадку Вашая прыналежнасьць да Грэка-Каталіцкай Царквы не перашкодзіць Вам выхоўваць дзіця ў праваслаўнай традыцыі, бо мы маем шмат супольнага – Сьвятое Пісаньне, сем Сьвятых Тайнаў, літургічная традыцыя і г.д.

Варта дадаць, што выбар той ці іншай Царквы – гэта заўсёды сьвядомае рашэньне кожнага чалавека, а ня нейкае наканаваньне. Калі Вы перакананыя ў сапраўднасьці Каталіцкай Царквы і хочаце перадаць гэтае перакананьне свайму хросьніку – будзьце для яго найперш прыкладам сапраўднага хрысьціянскага жыцьця. Тады ён, дасягнуўшы паўналецьця, можа і сам зробіць выбар на карысьць Грэка-Каталіцкай Царквы.

а. Андрэй Крот,
г. Горадня
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)