Царква
Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Шлях да Бога

Непатрэбнае шчасьце

Для дзетак з сацыяльнага прытулку часовага ўтрыманьня ў Віцебску Наста Забалатнюк – як дзяўчынка з казкі. Яна прыходзіць да іх два разы на тыдзень, каб падзяліцца радасьцю, проста пабыць з імі, кажучы пра дабро. Можа, нездарма імя Настачка – самае распаўсюджанае ў славянскіх казках.

Насьця Забалатнюк (на фота) родам з Наваполацку. Зараз вучыцца на другім курсе мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя П.Машэрава. Хоць, як прызнаецца сёньня, з дзяцінства марыла быць выхавацелькай. Падчас вучобы ў школе заўсёды дапамагала сваім аднакласьнікам, а на Каляды з бацькам неаднаразова ладзілі дуэт для дзетак, дзе ён быў Дзедам-марозам, а яна – Сьнягуркай. Добрая звычка дзяліцца радасьцю і любоўю падчас сьвятаў і ў простыя буднія дні захавалася ў Насты і сёньня. Нездарма, апынуўшыся ў Хрысьціянскім валанцёрскім руху сьв. Мікалая, яна адразу абрала для сябе заняткі з дзецьмі як асноўны напрамак дзейнасьці.

І вось ужо каля году яна наведвае прытулак, дзе выхаванцы мяняюцца, але застаецца нязьменнай валанцёрская праца Насты – кідаць добрае зерне ў дзіцячую душу. Для гэтых дзетак самым дзейсным прыкладам і сьцьвярджэньнем існаваньня Бога, Які ёсьць Любоў, яна лічыць простую размову пра дабро, а таксама пра ўласныя ўчынкі для зараджэньня надзеі і веры ў маленькіх сэрцах. “Дзеці, як гэта ня дзіўна, часта проста ня ведаюць, што існуе добры сьвет, што нельга красьці і забіваць, бо іх гэтаму ніхто не навучыў”, – кажа Наста. Таму для яе адным з кранальных момантаў у прытулку было пытаньне 12-гадовага хлопчыка пра дзесяць запаведзяў. Хаця пра Бога пытаюцца ў такіх месцах рэдка, а калі і цікавяцца, то з большага тыя, хто сустракаўся з ім у жыцьці: быў у царкве з бацькамі ці штосьці чуў. Наста разумее, што мы абавязаны пра Бога казаць, але ні ў якім разе не навязваць, бо гэта можа адштурхнуць ад веры ня толькі дзіця, але і дарослага.

У своеасаблівым Настачкавым пакліканьні было ўжо некалькі цікавых выпадкаў, якія яшчэ раз упэўнілі яе ў абраным шляху – дапамагчы падняцца і выпрастацца гэтым дзеткам, што пасьпелі ўжо расчаравацца ў пэўных жыцьцёвых момантах. Наста добра адчувае стан такіх дзяцей і, як можа, ратуе іх духовай падтрымкай у розных складаных сітуацыях. Тады, калі дачка гаворыць па тэлефоне: “Я ўсё разумею, мама!”, пачуўшы ад шалапутнай маці, што тая ня прыйдзе і тым больш не забярэ яе ў бліжэйшы час... Калі хлопец, які для ўсіх ужо здаецца зусім ня здатным да вучобы, застаецца з Настай рабіць урокі, нягледзячы на тое, што да яго прыйшлі сябры… Калі дзяўчынка ня хоча ехаць у новую сям’ю, бо разумее, што будзе там непатрэбным шчасьцем. Перажываньні і стан Насты добра адлюстроўвае яе верш:

Этой боли я раньше не знала,
Моё сердце рвалось на части,
Когда я в объятиях сжимала
Кому-то ненужное счастье.

Большасьць дзетак з прытулку адкрытыя, і як гэта не парадаксальна, чым горшая сям’я, тым больш дзеці адкрываюцца на любоў. А менавіта яе так хоча сьцьвярджаць Наста, за што шчыра дзякуе Богу. Таму штотыдзень, у сераду і нядзелю, а 17-й гадзіне яна са сьветлымі думкамі і малітвай бяжыць да сваіх выхаванцаў, якіх, у першую чаргу, лічыць сваімі братамі і сёстрамі ў Хрысьце.


Ірына Лобан
г. Віцебск

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)