Царква
Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Пастырскае слова
Апостальскага Візітатара «ad nutum Sanctae Sedis» для грэка-католікаў Беларусі
на сьвята Пасхі Гасподняе i на сьвятую Пяцідзясятніцу 2007 году

Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

I. Сьвятло Хрыста прасьвятляе ўсіх
Уваскрасеньня дзень! Прасьвятлімся, людзі:
Пасха Гасподняя, Пасха!
Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба
Хрыстос Бог узьняў нас,
якія пяём песьню перамогі.
(Сьветлая Ютрань)

1. Сьвята Пасхі Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста ў 2007 годзе хрысьціяне і ўсходняй, і заходняй традыцыяў – праваслаўныя, грэка-католікі, рыма-католікі ды пратэстанты – сьвяткуюць разам. Гэта вялікая Божая ласка для ўсіх хрысьціянаў у Беларусі.

Уваскрасеньня дзень! Прасьвятлімся, людзі:
Пасха Гасподняя, Пасха!

У еднасьці з усімі хрысьціянамі Беларусі хочам у гэты велікодны час прасьвятліць усё нашае жыцьцё і жыцьцё нашае Бацькаўшчыны сьвятлом Пасхальнай Перамогі Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.

Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба
Хрыстос Бог узьняў нас,
Якія пяём песьню перамогі.

У сьвяточны час Уваскрасеньня Ісуса Хрыста хочам памятаць, што ў 2007 годзе хрысьціяне Еўропы – у тым ліку і хрысьціяне Беларусі – сустрэнуцца разам на ІІІ Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі, якая адбудзецца ў горадзе Сібію ў Румыніі 4-9 верасьня 2007 году. Тэма сустрэчы “Сьвятло Хрыста прасьвятляе ўсіх. Надзея на абнаўленьне і еднасьць у Еўропе”.

Таму вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы шчыра моляцца, каб Вялікдзень 2007 году быў блаславёнай нагодай для католікаў двух абрадаў разам з братамі праваслаўнымі і пратэстантамі асэнсоўваць праўду, што Ісус нясе ўсім жыхарам Беларусі сьвятло няспыннай надзеі.

2. На велікоднай Вячэрні ў нашым візантыйскім абрадзе Царква чытае словы сьвятога Евангельля паводле Яна:

Вечарам таго самага першага дня тыдня,
калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні,
былі зачыненыя дзеля страху перад габрэямі,
прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім “Мір вам!” (Ян 20, 19).

Слова Божае суцяшае нашыя сэрцы сьведчаньнем пра вялікі дар Хрыстовага міру, які перамагае ўсялякі страх.
Гэты дар супакою, які прыносіць Уваскрослы Хрыстос, асабліва патрэбны нам у гэты час, калі адзначаюцца 70-ыя ўгодкі жахлівых сталінскіх рэпрэсіяў, ахвярамі якіх стала больш за 2 мільёны жыхароў Беларусі. Разам з хрысьціянамі іншых канфесіяў узгадваем гэтыя ахвяры перад Зьмёртвыхпаўсталым Госпадам і хочам асабліва маліцца аб дары вечнага супакою для іх душаў у дзень Радаўніцы.

Дар супакою Ўваскрослага Госпада хочам захаваць глыбока ў нашых сэрцах і быць адважнымі сьведкамі Ягонай Пасхальнай Перамогі. Хочам таксама памятаць пра словы Апостальскага блаславеньня Вялікага Папы Слугі Божага Яна Паўла ІІ, якія ён перадаў нам незадоўга да свайго адыходу да дому Айца: “Будзьце мужнымі! Адвагі!”
Хай гэтыя словы стануцца заахвочваньнем для ўсіх беларусаў, як на Бацькаўшчыне так і па-за яе межамі, з нязломнай верай быць сьведкамі надзеі ды любові.

3. Дарагія Браты і Сёстры!
Велікодныя пажаданьні хачу перадаць усім вам словамі, якія накіраваў да нас Апостальскі Нунцый у Беларусі, Найдастойны Архібіскуп Марцін Відавіч:

“Сьвяткуючы Пасхальную Таямніцу Ісуса Хрыста, жадаю Вам, Дастойны Ойча, усім прасьвітарам, дыяканам, асобам кансэкраванага жыцьця ды ўсім сьвецкім вернікам візантыйскага абраду, вялікага супакою сэрца, радасьці ды моцы, патрэбных у зьдзяйсьненьні місіі, якую давярае Госпад Бог.

Няхай Уваскрослы Госпад жыцьця і сьмерці напаўняе Сваёй ласкай Вас, Дастойны Ойча, Каталіцкую Царкву візантыйскага абраду ў Беларусі ды ўсіх жыхароў гэтай дарагой Краіны”.

Дзякуем Высокадастойнаму Прадстаўніку Сьвятога Айца Бенядыкта XVI – Апостальскаму Нунцыю і давяраем ягонае служэньне ў Беларусі Ўваскросламу Хрысту Чалавекалюбцу.

Усіх вас віншуем з Уваскрасеньнем Хрыстовым і вітаем велікодным вітаньнем:

Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!

II. Вялікі дар Божае Міласэрнасьці

1. У 2007 годзе хрысьціяне і ўсходняй, і заходняй традыцыяў – праваслаўныя, грэка-католікі, рыма-католікі ды пратэстанты – сьвяткавалі разам сьвята Пасхі Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Разам сьвяткуем і сьвятую Пяцідзясятніцу – Зыход Сьвятога Духа. Гэта вялікі дар Божае Міласэрнасьці для ўсіх хрысьціянаў Беларусі, гэта крыніца радасьці і надзеі. Гэтую сьвяточную радасьць хочам выказаць словамі старажытнай сьціхіры:

Сьвяткуем Пяцідзясятніцу і прыйсьце Духа,
і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне,
і тайну вялікую і пачэсную.
Дык усклікнем: “Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!”
(Вячэрня Пяцідзясятніцы)

Час Пяцідзясятніцы — гэта для ўсіх хрысьціянаў час узмоцненай малітвы, час, у якім Царква просіць багатых дароў Духа Сьвятога. Але трэба нам памятаць, што самым вялікім дарам Уваскрослага Хрыста Чалавекалюбца – Хрыста Міласэрнага зьяўляецца сам Дух Сьвяты. Дух, Які ў нашых сэрцах узбуджае веру, надзею і любоў ды навучае нас “пакорлівай мудрасьці” (Кал 3, 12) і паслухмянасьці Паўсюднай Царкве. Ён магутна дзейнічае ў сьвятых Тайнах (Сакрамантах) і напаўняе сэрцы вернікаў мужнасьцю.

“Вера – гэта сапраўды вельмі дарагі талент, вялікі дар Божы”,– пісаў у 1934 годзе на старонках часопісу “Да Злучэньня” Экзарх беларускіх грэка-католікаў айцец Антон Неманцэвіч, які праз некалькі гадоў заснаваў Апостальства малітвы за Беларусь. За ягоным прыкладам хочам і мы штодзённа маліцца за нашую Бацькаўшчыну ды любіць Беларусь, беларускую мову і культуру любоўю Божай, што “вылілася ў сэрцы на­шыя­ праз Духа Сьвятога, Які нам дадзены” (Рым 5, 5).

Пяцьдзясят дзён паміж нядзеляй Уваскрасеньня Гасподняга і нядзеляй Сьвятой Тройцы былі для вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы часам інтэнсіўных душпастырскіх ініцыятываў і радасных сьвяткаваньняў, сярод якіх на першым плане стаіць 15-годдзе менскай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Міласэрнага Ісуса Хрыста пакорліва просім, каб гэтая парафія, ды шмат іншых парафіяў БГКЦ, змаглі атрымаць прыстойныя месцы культу, у якіх змогуць узносіць малітвы “за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас”.

На працягу пяцідзесяці мінулых дзён беларускія хрысьціяне розных канфесіяў сустракаліся разам – на Бацькаўшчыне і па-за яе межамі – на сумесных семінарах і супольных малітвах, дзе асэнсоўвалі пасхальную Перамогу Міласэрнага Хрыста Чалавекалюбца і знаходзілі ў ёй крыніцу духовай сілы “з нязломнай верай быць сьведкамі надзеі ды любові”. Выдатным прыкладам супольных духовых ініцыятываў быў актыўны ўдзел міжканфесійнай групы беларускіх хрысьціянаў у міжнароднай сустрэчы, якая 12 траўня 2007 году праходзіла ў нямецкім горадзе Штутгарт і мела назву “Сумесна для Еўропы”. Гэтая сустрэча была блаславёнай нагодай паглыбленьня духовай салідарнасьці ды малітоўнай сулучнасьці хрысьціянаў Заходняй і Ўсходняй Еўропы перад выклікамі сучаснага сьвету. Гэта быў каштоўны этап падрыхтоўкі да ІІІ Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі, якая адбудзецца ў горадзе Сібію ў Румыніі 4-9 верасьня гэтага году.

2. Абяцаньне Айца – Дух Сьвяты – ёсьць Духам Любові. Ён узбуджае ў сэрцах вернікаў любоў да Бога і да бліжняга, любоў да Царквы і да Бацькаўшчыны, да яе гісторыі і традыцыі.

Трэба памятаць, што гісторыя і час, у які Бог кліча да жыцьця кожнага чалавека, ніколі не зьяўляюцца выпадковымі. Перад кожным пакаленьнем стаіць новае заданьне ня толькі пасіўна жыць у сучасным сьвеце, але разумна яго будаваць, уплываць на працэсы сучаснасьці і быць адказным за заўтрашні дзень. У нашыя дні гэта вялікі выклік для маладога пакаленьня, за якое хочам асабліва маліцца ў гэтыя дні.

Сёньняшняе маладое пакаленьне паклікана быць сьвятлом у цёмных лабірынтах сучаснай цывілізацыі, якая пазначаная шматлікімі маральнымі праблемамі. Гэтыя праблемы патрабуюць ад хрысьціянаў асаблівай мудрасьці і дзейснасьці, вернасьці высокім духовым ідэалам і ахвярнасьці.

Сучасная культура вельмі часта фармуе асобу бяз сувязі з гісторыяй і мінулым. Нельга забываць і пра тое, што ў гэты новы этап культурных зьменаў нашае беларускае грамадзтва трапіла пасьля савецкага часу, які прынёс велізарную шкоду для традыцыі і тоеснасьці нашага народу. Таму, калі сёньня сапраўды хочам абвяшчаць Евангельле маладому чалавеку грунтоўна, трэба зьвяртаць асаблівую ўвагу на ўмацаваньне ў грамадзтве каранёў нашае хрысьціянскае традыцыі і культуры.

3. Гісторыя і памяць для хрысьціянаў – гэта ня толькі каталог фактаў з мінулага. Ісус Хрыстос, Сын Божы, Які стаў Чалавекам і жыў у гісторыі і часе, натхняе нас у новым сьвятле пазнаваць і чытаць нашу гісторыю. Хрысьціянская традыцыя нашага народу, вымоўныя сьведчаньні вернасьці Хрысту ў мінулым стагоддзі, постаці сьвятых і мучанікаў Беларускай Зямлі – вось невычэрпныя крыніцы для нашай сёньняшняй духовасьці, значыць новага жыцьця ў Духу Сьвятым. Толькі новы чалавек можа ствараць новую культуру і фармаваць сваё жыцьцё паводле евангельскіх каштоўнасьцяў. Адукацыя і дасканаленьне чалавека ня маюць сэнсу, калі яны накіраваныя толькі на ўласную карысьць. Кожны крок маладога чалавека, які штосьці здабывае, павінен сустракацца з ягоным сьвядомым жаданьнем дзяліцца з іншымі тым, што мае.

На асабістай культуры моладзі грунтуецца культура іхняй будучай сям’і. Менавіта таму Яго Сьвятасьць Папа Ян Павел ІІ, калі сустракаўся з сем’ямі ў 1997 годзе, зьвярнуўся да моладзі, узгадваючы пра іхнюю асабістую культуру жыцьця як пра фундамент іх будучых сем’яў.

“Вы, моладзь,– казаў Сьвяты Айцец,– сёньня з вялікім энтузіязмам рыхтуйце заўтрашні дзень вашых сем’яў. Навучыцеся любіць і быць адкрытымі на іншага чалавека, навучыцеся слухаць і даваць адказы, навучыцеся аддаваць сябе іншаму і рабіць асабістыя ахвяры, урэшце навучыцеся ўзаемнаму разуменьню і прабачэньню” (Ян Павел ІІ, Сустрэча з сем’ямі 04.10.1997).

Будучыня нашае Краіны ствараецца сёньня, і таму згодная, сумесная праца хрысьціянскіх Цэркваў на полі выхаваньня моладзі і духовага фармаваньня сем’яў як сапраўдных “дамовых Цэркваў” – гэта адказнае будаваньне нашага агульнага дому, у якім мы будзем жыць заўтра. Гэты подзьвіг будаваньня агульнага дому на евангельскім падмурку мы можам зьдзейсьніць толькі ў моцы Духа Сьвятога. Таму Яго пакорліва клічам:

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды [...]
Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас!

Толькі ў моцы Духа Сьвятога наш агульны дом – Беларусь – зможа быць “Беларусьсю для Хрыста”, а мы зможам “з нязломнай верай быць сьведкамі надзеі ды любові”.

У малітоўнай сулучнасьці

+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

Менск, Пасха Хрыстова – сьвятая Пяцідзясятніца 2007 году

Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)