Царква
Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных. А вы зважайце...
(Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 13:22-23)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (54), 2007

Грэка-каталіцкі сьвятар упершыню высьвячаны ў Беларусі

Дзень 17 чэрвеня 2007 году ўвайшоў у гісторыю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы: пасьля больш чым 150-гадовага перапынку на беларскай зямлі быў высьвячаны грэка-каталіцкі сьвятар.

Дагэтуль рукапакладаньне сьвятароў для адроджанай БГКЦ адбывалася за межамі Беларусі – як правіла, ва Ўкраіне або ў Польшчы. Нават у міжваенны час, у часы так званай неауніі, хіратонія грэка-каталіцкіх сьвятароў-беларусаў адбывалася па-за межамі Бацькаўшчыны (у Папскай Усходняй семінарыі ў Дубне на Валыні, у Львове або ў Рыме). Гэтым першым, высьвячаным у Беларусі грэка-каталіцкім сьвятаром стаў айцец Яўген Усошын з Менску, якога з бласлаўленьня Ўладыкі Ўладзіміра Війтышына, рукапаклаў Уладыка Багдан Дзюрах, дапаможны біскуп Кіеўскай архіяпархіі УГКЦ (на фота ў цэнтры). Хіратонія адбылася ў Маладэчна, у грэка-каталіцкай парафіі Хрыста-Чалавекалюбца. З Уладыкам Багданам саслужылі Экзарх Пражскі Ўладыка Ладыслаў Гучка з Чэхіі, архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, дэкан Цэнтральна-Заходняга протапразьбітарату а. Андрэй Абламейка, а таксама менскі сьвятар а. Андрэй Буйніч і дыякан Алесь Шыбека.

Айцец Яўген Усошын нарадзіўся ў Менску 18 лютага1976 году. У 1998 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, а ў 2004-ым – Івана-Франкоўскую тэалагічную акадэмію. Сьвятарскую фармацыю атрымліваў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Драгічыне (Польшча). Абараніў магістарскую працу на Папскім тэалагічным факультэце ў Варшаве па тэме “Жыцьцё і дзейнасьць а. Антона Неманцэвіча”. Працуе над дактаратам па гісторыі Царквы.

17 сьнежня 2006 г. быў рукапакладзены на дыякана Ўладыкам Сафронам (Мудрым) у Івана-Франкоўску (Украіна). Жанаты. У слове падзякі, які новасьвятар скіраваў да Бога і вернікаў пасьля сваіх сьвячаньняў у Маладэчна, айцец Яўген зазначыў, што прагне, каб словы эпіклезы (малітвы да Бога Айца з просьбай аб спасланьні Духа Сьвятога на ўсіх малельнікаў, каб Ён зьяднаў і асьвяціў вернікаў), якія прамаўляў над ім Уладыка Багдан падчас рукапакладаньня, распаўсюдзіліся таксама на ўсю Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву.

а. Андрэй Буйніч, г. Менск

На фота:

Айцец Яўген Усошын (зьлева) дзякуе грэка-каталіцкім уладыкам за ўдзяленьне яму Тайны сьвятарства.


Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)