Царква
Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:12)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Сьвяткаваньне 90 гадоў
Фацімскіх Зьяўленьняў
З нагоды 90-годдзя Зьяўленьняў Багародзіцы ў Фаціме, з 12 па 14 кастрычніка 2007 г. у гэтым партугальскім мястэчку прайшлі ўрачыстасьці, якія ў якасьці Папскага Легата ўзначаліў Дзяржаўны Сакратар Сьвятой Сталіцы (Ватыкану) кардынал Тарчызіо Бэртонэ.

На юбілейных урачыстасьцях Каталіцкую Царкву ў краінах былога СССР прадстаўлялі: архібіскуп Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч (новапрызначаны на Менска‐Магілёўскую катэдру), Уладыка Лявон (Малы) — дапаможны біскуп Львоўскай Архідыяцэзіі лацінскага абраду, Уладыка Дыянісі (Ляховіч) — курыяльны біскуп Вярхоўнага Архібіскупства УГКЦ і Архімандрыт Сяргей (Гаек) — Апостальскі Візітатар БГКЦ.

Напярэдадні ўрачыстасьцяў, з 9 па 12 кастрычніка, у Фаціме прайшоў Міжнародны кангрэс на тэму «Фаціма для ХХІ стагоддзя». Чатырохдзённае паседжаньне было прысьвечана Зьяўленьням Багародзіцы і Яе Фацімскаму Пасланьню, іх верагоднасьці і актуальнасьці. Кангрэс недвухсэнсоўна сьцьвердзіў актуальнасьць Фацімскага пасланьня ў наш час. У сваіх зьяўленьнях у Фаціме Найсьвятая Дзева Марыя заклікала да пакаяньня, што таксама зьяўляецца галоўнай часткаю евангельскага дабравесьця. Першыя словы, з якімі Хрыстос зьвярнуўся да сваіх слухачоў, былі: «Пакайцеся і верце ў Евангельле». Як сказала ў 1996 г. архібіскупу Тадэвушу Кандрусевічу сястра Люцыя, адна са сьведкаў зьяўленьня Багародзіцы, слова «Расея» з фацімскіх зьяўленьняў сёньня трэба чытаць як «увесь сьвет», бо грэх ня мае нацыянальнасьці і ўсе людзі маюць патрэбу ў пакаяньні. (Тую ж самую інтэрпрэтацыю с. Люцыя паўтарыла і кардыналу Казіміру Сьвёнтэку). Жахлівыя падзеі ХХ стагоддзя не павінны трапіць у забыцьцё: з іх неабходна зрабіць высновы, каб не паўтараць памылак мінулага.

12 кастрычніка Папскі Легат кардынал Тарчызіо Бэртонэ асьвяціў у Фаціме новую царкву ў гонар Найсьвяцейшай Тройцы. Гэта вялізны храм, пабудаваны ў форме кола дыяметрам 125 м і вышынёю 21 м (аўтарам праекту быў грэцкі праваслаўны архітэктар), разьлічаны на 9.000 вернікаў. Прэзьбітэрый храму ўпрыгожвае вялікая мазаіка, на якой паказаны Нябесны Ерусалім, а таксама фігура Маці Божай. У храм вядуць 13 парталаў: цэнтральны сымбалізуе Хрыста, іншыя — 12 апосталаў. Побач з цэнтральным парталам знаходзіцца пано, складзенае з 20‐ці таямніцаў сьвятога Ружанца. У ніжняй царкве ёсьць тры капліцы Паяднаньня для споведзі з 46‐ю канфесіяналамі. Перад храмам усталяваны скульптуры Пія ХІІ, Паўла VI і Яна Паўла ІІ, а таксама крыж з Расьпяцьцем вышынёю 27 м.

У юбілейных урачыстасьцях у Фаціме бралі ўдзел 150 пілігрымаў з Расеі (католікаў двух абрадаў і праваслаўных). 11 і 13 кастрычніка Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў малітву Ружанца ў капліцы Зьяўленьняў і працэсію на галоўнай плошчы Фацімскага санктуарыюма, а 14 кастрычніка а 5‐й гадзіне раніцы ў капліцы Зьяўленьняў сьв. Імшу на расейскай мове служылі сьвятары з Расеі на чале з архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Архіпастыр падзякаваў Багародзіцы за заступніцтва і за ўсё, што яму ўдалося зрабіць у якасьці кіраўніка Архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. Ён таксама ўзгадаў, што 16 гадоў таму распачаў сваё служэньне ў Расеі пілігрымкаю ў Фаціму, дзе ўпершыню сустрэўся з сястрою Люцыяй (усяго ў іх было 3 сустрэчы). «Сымбалічна, што тут, у Фаціме, я практычна завяршаю сваё служэньне ў Расеі і распачынаю новае служэньне на чале Менска‐Магілёўскай архідыяцэзіі»,— сказаў Уладыка Тадэвуш. Ён даручыў Царкву у Расеі і ў Беларусі заступніцтву Маці Божай Фацімскай.

У тых жа юбілейных урачыстасьцях у Фаціме ўдзельнічалі амаль 200 грэка‐каталіцкіх пілігрымаў — украінцаў, што працуюць у Партугаліі і Гішпаніі. Большасьць з іх прыбыла з гішпанскай дыяцэзіі Ўэльва. Сярод іх былі і беларусы.

У нядзелю, 14 кастрычніка, у візантыйскай капліцы міжнароднага цэнтру «Domus Pacis» Уладыка Дыянісі (Ляховіч) узначаліў Боскую Літургію ў саслужэньні Архімандрыта Сяргея (Гаека) і двух украінскіх душпастыраў з Гішпаніі і Партугаліі. Згодна з Фацімскім заклікам Багародзіцы пілігрымы з Украіны і Беларусі маліліся ў духу пакаяньня за грахі камунізму.

П.С.(З выкарыстаньнем матэрыялаў Catholic.by)
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)