Царква
Не выдумляй ілжы на брата твайго, і не рабі таго ж супраць аднаго. Не жадай казаць якую б то ні было хлусню, бо паўтор яе не паслужыць на добрае
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 7:12-13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Падзеі і сьвяты

Новы кананічны статус Грэка-Каталіцкай Царквы ў Славакіі

Важная падзея адбылася 30 студзеня 2008 году ў жыцьці ўсходніх каталіцкіх Цэркваў. У гэты дзень Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт XVI рэарганізаваў Грэка-Каталіцкую Царкву ў Славакіі: Прэшаўская япархія стала мітраполіяй, а ў яе склад увайшла новая Кошыцкая япархія, якая дагэтуль 11 гадоў была Апостальскім экзархатам. Акрамя таго была створана новая Браціслаўская япархія, якая таксама ўваходзіць у склад Прэшаўскай мітраполіі. Такім чынам, Славацкая Грэка-Каталіцкая Царква стала мітрапалічай Царквой «свайго права».

У суботу, 16 лютага 2008 году, у г. Прэшаў для новаўтворанай Браціслаўскай япархіі быў хіратанізаваны біскуп Пётр Руснак. Рукі на яго ўсклаў, як галоўны сьвяціцель, кардынал Ёзаф Томка, які ўзначаліў Боскую Літургію. Разам з ім у хіратоніі новага славацкага грэка-каталіцкага біскупа ўдзельнічалі: Прэшаўскі мітрапаліт Уладыка Ян Бабяк SJ і Кошыцкі япарх Уладыка Мілан Хаўтур CSsR, а таксама Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры і Вярхоўны Архібіскуп Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы (мітрапаліт г. Блаж) Яго Блаславенства Люцыян Мурэшан. Акрамя іх ва ўрачыстасьцях узялі ўдзел яшчэ каля 30 архібіскупаў і біскупаў, як усходняга, так і заходняга абрадаў са Славакіі і іншых краінаў.

У нядзелю, 17 лютага 2008 году, адбыўся кананічна-літургічны акт узвышэньня Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы да статуса мітрапалічай Царквы свайго права (sui iuris) з пасадам у Прэшаве ды інтранізацыя першага Прэшаўскага архібіскупа-мітрапаліта Ўладыкі Яна Бабяка. Боскую Літургію ўзначаліў сам інтранізаваны Мітрапаліт Ян. У Літургіі бралі ўдзел чатыры кардыналы: Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Высокадастойны Леанарда Сандры, які сказаў казаньне, Яго Блаславенства Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі Любамір (Гузар), Кракаўскі мітрапаліт кардынал Станіслаў Дзівіш і славацкі кардынал Ёзаф Томка. Боскую Літургію саслужылі Яго Блаславенства Вярхоўны Архібіскуп Румынскай ГКЦ Люцыян Мурэшан і яшчэ каля трох дзясяткаў архібіскупаў і біскупаў (як усходняга, так і заходняга абрадаў) са Славакіі, Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, Украіны, Харватыі, Сербіі, Чарнагор’я, ЗША і Канады.

У прэшаўскіх урачыстасьцях удзельнічалі таксама высокія экуменічныя госьці – біскупы і духавенства Праваслаўнай Царквы ў Славакіі і славацкіх пратэстанцкіх Цэркваў (Лютэранскай ды Рэфармаванай).

Прысутнічала больш за 8000 вернікаў, якія пасьля Боскай Літургіі, разам з сваімі пастырамі, напісалі і адправілі ўдзячны ліст Сьвятому Айцу Бенядыкту XVI.

Увечары Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры наведаў Прэшаўскую грэка-каталіцкую семінарыю імя блаславёнага Біскупа Паўла Пятра Гойдзіча, дзе ў прысутнасьці Мітрапаліта Яна Бабяка сустрэўся з семінарыстамі, літургічнай службай і арганізатарамі ўрачыстасьцяў.

У панядзелак, 18 лютага 2008 году, у грэка-каталіцкім катэдральным храме Нараджэньня Багародзіцы ў Кошыцах меў месца інгрэс Уладыкі Мілана Хаўтура на катэдру Кошыцкага япарха. Урачыстасьць, у якой удзельнічала шмат біскупаў, сьвятароў ды вернікаў, узначаліў кардынал Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Высокадастойны Леанарда Сандры.

Паводле www.grkatpo.sk ды www.grkatke.sk

а. Андрэй Абламейка
г. Менск

На фота: Першы Прэшаўскі грэка-каталіцкі мітрапаліт Уладыка Ян Бабяк SJ.

Гл. таксама фота з урачыстасьцяў у Славакіі

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)