Царква
Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых
(Кніга Эклезіяста 7:9)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Падзеі і сьвяты

Грэка-католікі чакаюць візіт Дзяржаўнага сакратара Ватыкану

З нагоды запланаванага на 18-22 чэрвеня 2008 году афіцыйнага візіту ў Беларусь Дзяржаўнага сакратара Ватыкану кард. Тарчызіё Бэртонэ Апостальскі Візітатар БГКЦ Архім. Сяргей (Гаек) 7 чэрвеня накіраваў сьвятарам і вернікам Пастырскі заклік да духовай падрыхтоўкі да гэтай важнай падзеі ў грамадзкім і рэлігійным жыцьці.

У сваім звароце да ўсёй грэка-каталіцкай Супольнасьці Беларусі Апостальскі Візітатар напісаў: “Першапастыр Паўсюднай (Каталіцкай) Царквы Яго Сьвятасьць Папа Рымскі Бенядыкт XVI пасылае ў нашую Богам любімую Бацькаўшчыну Беларусь свайго найбліжэйшага Супрацоўніка – Дзяржаўнага Сакратара Сьвятой Сталіцы Кардынала Тарчызіё Бэртонэ. Ягоны афіцыйны візіт па запрашэньні ўраду Беларусі адбудзецца 18-22 чэрвеня 2008 г. і будзе складацца з дзьвюх частак: дзяржаўнай і рэлігійнай.

Хочам даверыць Высокадастойнага Госьця ды абедзьве часткі ягонага візіту ў Беларусь малітвам усіх вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, а таксама нашых сяброў на Радзіме і ў замежжы.

Хочам маліцца, каб гэты візіт прынёс – у дзяржаўным плане – узбагачэньне адносінаў і супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Сьвятой Сталіцай, а ў рэлігійным плане – паглыбленьне ў жыцьці вернікаў веры і надзеі, крыніцай якіх ёсьць Слова Божае, ды ўзмацненьне служэньня нашае Царквы дзеля духовага дабра Беларускага народу, як гэта на працягу стагоддзяў рабіла Ўніяцкая Царква на Беларускіх Землях.

Хочам маліцца разам з Валадаркай Беларусі Найсьвятой Багародзіцай Марыяй і ўсімі сьвятымі Беларускай Зямлі, асабліва з Беларускімі новамучанікамі ХХ стагоддзя.

Усіх вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы заклікаем да асаблівай духовай падрыхтоўкі да візіту ў Беларусь Кардынала Тарчызіё Бэртонэ, Дзяржсакратара Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI. У парафіях, парафіяльных супольнасьцях, сем’ях ды індывідуальна маліцеся словамі Акафісту Найсьвятой Багародзіцы, асабліва на працягу 9 дзён (навэна) – пачынаючы ад бліжэйшага аўторка 10 чэрвеня”.

Вернікі грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі разам са сваімі душпастырамі возьмуць удзел у малітоўных сустрэчах з Высокім Прадстаўніком Сьвятога Айца разам з братамі католікамі лацінскага абраду ў Пінску, Горадні і Менску.

Асабліва важным для нашае Царквы будзе дзень 19 чэрвеня 2008 году, калі ў Менску адбудзецца сустрэча Яго Эмінэнцыі Высокадастойнага Ўладыкі Кардынала Тарчызіё з духавенствам і прадстаўнікамі грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі. Як адзначае ў сваім Пастырскім лісьце Архімандрыт Сяргей, “гэта будзе момант глыбокай духовай Сулучнасьці (Communio) Паўнаты нашае Царквы з Пасланцам Яго Сьвятасьці Бенядыкта XVI”. “Таму хочам да гэтае сустрэчы падрыхтавацца ўсе, уся Паўната нашае Каталіцкае Царквы візантыйскага абраду, тыя, хто будзе прысутнічаць на сустрэчы, і тыя, хто будзе ў ёй удзельнічаць толькі духова. Хай на дарозе гэтае духовае падрыхтоўкі спадарожнічае нам Найсьвятая Багародзіца ды шчодра блаславіць нас Хрыстос-Чалавекалюбец»,– заклікае Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

Ахімандрыт Сяргей Гаек.

На фота: Дзяржсакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бэртонэ.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)