Царква
Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:15)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Падзеі і сьвяты

Сустрэча Дзяржаўнага Сакратара
Сьвятой Сталіцы з Супольнасьцю БГКЦ

Падчас свайго афіцыйнага візіту ў Беларусь, у чацьвер, 19 чэрвеня 2008 г., а 17-й гадзіне Яго Эмінэнцыя Кардынал Тарчызіё Бэртонэ – Дзяржсакратар Яго Сьвятасьці Папы Рымскага Бенядыкта XVI – сустрэўся з духавенствам і вернікамі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Яго суправаджаў Апостальскі Нунцый у Беларусі Найдастойны Архібіскуп Марцін Відавіч. Сустрэча адбылася ў душпастарскім Цэнтры імя сьвятога Язэпа па вул. Арджанікідзэ ў Менску.

Вернікі з усіх парафіяў БГКЦ, рыхтаваліся да сустрэчы з Пасланьнікам Папы праз засяроджаную малітву: а 15-й гадзіне ў Цэнтры сьвятога Язэпа адбылася ўрачыстая Боская Літургія, у саслужэньні якой узялі ўдзел практычна ўсе грэка-каталіцкія сьвятары БГКЦ. У вызначаную гадзіну Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек сустрэў Уладыку Кардынала Тарчызіё Бэртонэ і прасіў яго ўзначаліць малебен за ўсіх жыхароў Менску, а таксама асьвяціць некалькі іконаў, сярод якіх была ікона сьв. Язэпа для капліцы душпастырскага цэнтру і ікона Хрыста Чалавекалюбца для Санктуарыюма Божай міласэрнасьці ў Маладэчне.

Напрыканцы малебну Кардынал Тарчызіё зьвярнуўся да прысутных з цёплымі словамі (гл. яго Прамову), а пасьля ўдзяліў Блаславеньне ад імя Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI.

На сустрэчы разам з Кардыналам Т. Бэртонэ ў грэка-каталіцкім цэнтры знаходзіўся таксама ўвесь епіскапат Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі: Кардынал Казімір Сьвёнтэк, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, яго дапаможны Біскуп Антоні Дзям’янка, Біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч – старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ды Біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін.

Сярод высокіх гасьцей былі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Сьвятым Пасадзе сп. Сяргей Алейнік, начальнік аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму спн. Ала Рабіцава, кіраўнік адміністрацыі Заводзкага раёну г.Менску сп. Алег Жогла, а таксама яго намесьнік – спн. Людміла Бараноўская і начальнік аддзелу культуры Заводзкага раёну спн. Ірына Шугала.

Пасьля малебну VIP-госьці былі запрошаныя на вячэру да Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея Гаека; вернікаў чакаў таксама смачны пачастунак – барбекю. Вячэра адбылася, як неаднаразова падкрэсьлівалі самі госьці, у "цёплай сямейнай атмасферы". "Я сапраўды знаходжуся пад моцным уражаньнем той атмасферы, якая тут пануе,– гэта чалавечая цеплыня і жывая беларуская мова",– сказаў падчас вячэры за сталом сп. Алег Жогла.

а. Андрэй Буйніч,
Прэс-служба Сакратарыяту Апостальскага Візітатара БГКЦ
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)