Царква
Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна
(Кніга Прарока Ісаі 24:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Сьвятло Ўсходу

Неабходна інкультурацыя Евангельля і евангелізацыя культуры

Пра важнасьць інкультурацыі Евангельля і евангелізацыі культуры ў сучаснай місіі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы гаварыў Архімандрыт Сяргей Гаек у Гамінгу (Аўстрыя) на Міжнародным сімпозіюме «Місія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у жыцьці Паўсюднай Царквы ды ў сучасным сьвеце», які праходзіў 4-6 сакавіка 2009 году.

Гэты Міжнародны сімпозіюм у аўстрыйскім горадзе Гамінг быў арганізаваны пад сумесным патранатам Архібіскупа Вены кардынала Хрыстафа Шонбарна (Christoph Schönborn) ды Першаярарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Вярхоўнага Архібіскупа Кіеўска-Галіцкага Любаміра (Гузара). Сімпозіюм праходзіў у Міжнародным тэалагічным інстытуце дасьледаваньняў праблемаў сужэнства і сям’і, а сьвятым апекуном для яго быў абраны сьвяты архібіскуп і мучанік Язафат, мошчы якога доўгі час знаходзіліся ў Вене.

Да ўдзелу ў Сімпозіюме былі запрошаныя ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў (у першую чаргу з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы), а таксама іншыя сьпецыялісты, якія займаюцца праблематыкай Усходніх Цэркваў. Усяго прысутнічала 17 біскупаў з 10 еўрапейскіх краінаў, і больш за 150 прафесараў, рэктараў багаслоўскіх навучальных установаў, студэнтаў ды дактарантаў.

У склад дэлегацыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ўваходзілі Апостальскі Візітатар Архім. Сяргей (Гаек), канцлер курыі Апостальскага Візітатара ў Менску протапрасьвітар Андрэй Абламейка і студэнт багаслоўскага факультэту Каталіцкага ўніверсітэту ў Айхштэт (Eichstдtt) у Нямеччыне Алесь Аўдзяюк.

Сімпозіюм распачаўся ў сераду, 4 сакавіка ўвечары, урачыстым служэньнем у ангельскай мове Літургіі раней асьвячаных Дароў, якую ачоліў Уладыка Джон М. Кудрык, біскуп русінскай грэка-каталіцкай япархіі Парма (ЗША).

Даклады і форумы пачаліся ў чацьвер, 5 сакавіка. Сярод дакладчыкаў Сімпозіюму былі вядомыя навукоўцы – сябры БГКЦ: а. прафесар Эрнст Хрыстаф Сутнэр (Вена), а. прафесар Цырыл Васіль, SJ (рэктар Папскага Ўсходняга інстытуту ў Рыме), прафесар Украінскага каталіцкага ўніверсітэту Алег Турый (Львоў) і іншыя.

Сустрэча распачалася прывітальнымі словамі арганізатараў і гаспадароў сустрэчы: мансіньёра прафесара Лары Хогана, прэзідэнта Міжнароднага тэалагічнага інстытуту, і Ўладыкі Хрыстафа Шонбарна, які зьяўляецца таксама і ардынарыем для католікаў усходняга абраду ў Аўстрыі. У сваім слове Ўладыка Шонбарн гаварыў пра служэньне грэка-каталіцкіх Цэркваў Паўсюднай Царкве праз свае дары (харызмы), сярод якіх асабліва вылучыў тры: каштоўны скарб Літургіі, багаслоўе Ўсходніх Цэркваў і правільны баланс паміж сацыяльным і духоўным элементамі, якія разам скіраваныя да аднаго цэнтру – Хрыста.

Прывітальнае слова Вярхоўнага Архібіскупа Любаміра Гузара прачытаў Уладыка Глеб (Ланчына). У гэтым слове асабліва падкрэсьліваліся пытаньні ролі і заданьня ўсходніх каталіцкіх Цэркваў для Паўсюднай Царквы, а таксама адзначалася неабходнасьць больш блізкага ўзаемнага знаёмства паміж іхнімі Традыцыямі і Традыцыяй лацінскай Царквы.

Пасьля прывітальных словаў распачаліся даклады ўдзельнікаў сімпозіюму. Першым сваімі гістарычнымі і эклезіялагічнымі разважаньнямі пра адносіны паміж грэка-каталіцкімі Цэрквамі Еўропы і ўсёй Царквой падзяліўся вядомы экуменічны дзеяч прафесар Эрнст Сутнэр, пасьля якога даклад пра гісторыю і сучаснасьць румынскай унійнай Царквы чытаў прафесар Чэзарэ Альцаці (Мілан, Італія). У сваім дакладзе сярод іншых думак прафесар Альцаці заўважыў, што памылкова лічыць Унію між канкрэтнай Царквой і Рымам актам заснаваньня гэтай Царквы і гэтаксама памылкова лічыць, што Унія перакрэсьліла старую традыцыю. З гэтай прычыны недарэчна адлічваць дату існаваньня любой усходняй каталіцкай Царквы ад даты яе Уніі з Рымскім Апостальскім Пасадам.

Пасьля Боскай Літургіі, якую адслужыў Уладыка Ян Бабяк, SJ, мітрапаліт і архібіскуп Прэшаўскі, свой даклад прапанаваў рэктар Папскага Ўсходняга інстытуту ў Рыме прафесар а. Цырыл Васыль, SJ, які разглядаў пытаньні стану сучасных усходніх Цэркваў у сьвятле кананічнага права і рэальнай царкоўнай практыкі. Вельмі цікавымі ў ягоным дакладзе былі думкі адносна працэсу эвалюцыі ў Царкве тэрмінаў «абрад», «нацыя» і «Царква», якую можна часткова прасачыць паводле зьменаў у тэрміналогіі афіцыйнага даведніка Апостальскага Пасаду ў Рыме «Annuario Pontificio», які хоць і не зьяўляецца афіцыйным прававым дакументам, але адлюстроўвае рэальнае разуменьне гэтых тэрмінаў у канкрэтныя гістарычныя перыяды.

Наступным свае думкі адносна ідэнтычнасьці і пасланьня грэка-каталіцкай Царквы выклаў дэкан гуманітарнага факультэту Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту прафесар доктар Юры Авакумаў, матэрыялы якога ўжо друкаваліся раней у «Царкве». Ён гаварыў пра праблемы канфесійнай сьвядомасьці і пра падвойную ідэнтычнасьць грэка-каталіцкіх Цэркваў, якія ўжо цяпер паядноўваюць у сабе ўсходні і заходні, праваслаўны і каталіцкі элементы і якія пакліканы пераадолець той «бярлінскі мур», які праваслаўныя і каталікі старанна выбудоўвалі доўгі час амаль да сёньняшняга дня.

Айцец Ю.Авакумаў таксама накрэсьліў тры пункты, неабходныя для выкананьня задачаў, якія стаяць перад нашымі грэка-каталіцкімі Цэрквамі і фармуюць яе місійнае заданьне ў Царкве: кожны ўсходні каталік мусіць шукаць сяброў сярод праваслаўных хрысьціянаў, таксама ён мусіць шукаць сапраўдных сяброў сярод рыма-каталікоў, і ўрэшце, усе ўсходнія каталікі мусяць быць у сталым кантакце між сабою, каб выпрацаваць адзіны агульны «фронт» перад актуальнымі праблемамі грамадзтва.

Апошні навуковы даклад меў прафесар УКУ Алег Турый, тэмаю якога была нацыянальная і эклезіяльная ідэнтычнасьць грэка-каталіцкіх Цэркваў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. У сваім гістарычным экскурсе прафесар А.Турый між іншым заўважыў, што «ўнійная Царква Рэчы Паспалітай, калі мы будзем выкарыстоўваць сучасную геаграфічную тэрміналогію, была амаль да канца 17 ст. хутчэй «беларускім», чым «украінскім» фенаменам».

Дзень, які быў насычаны навуковымі дакладамі і цікавымі ды карыснымі ідэямі, завяршыўся супольнай вячэрай і цудоўна сьпяваным Акафістам Найсьвяцейшай Багародзіцы.

У пятніцу, 6 сакавіка, на завяршэньне ўсяго сімпозіюму, адбыліся форум і агульная дыскусія біскупаў, у якой прыняў удзел і Апостальскі Візітатар БГКЦ архімандрыт Сяргей (Гаек). У сваім слове пра некаторыя асьпекты місіі БГКЦ ён, між іншым, сказаў: «Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква бачыць сваю важную місію ў пашырэньні (Promotion) беларускай хрысьціянскай культуры. Адпраўленьне службаў на беларускай мове мае для нас не філалагічнае вымярэньне, але зьяўляецца зьдзяйсьненьнем неабходнага для евангелізацыі сімбіёзу паміж Евангельлем і культурай на землях, дзе народная мова і культура былі моцна зьнішчаны. Зразумела, што інкультурацыя Евангельля і евангелізацыя культуры адбываецца ў шматлікіх сферах душпастырскага служэньня Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, у Беларусі і за мяжой».

У гэтым кантэксьце Архімандрыт Сяргей узгадаў асаблівыя заслугі Беларускай Каталіцкай місіі ў Лондане: «Беларусы грэка-католікі за мяжой давераны апецы Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана, які жыве ў Беларускай Місіі ў Лондане. Дапамагаюць яму ў працы тры сьвятары ў розных краінах.

Папярэднікамі а. Аляксандра Надсана на пасадзе Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа былі два грэка-каталіцкія біскупы: біскуп Чэслаў Сіповіч (1960-1981 гг.) і біскуп Уладзімір Тарасевіч (1983-1986 гг.). Былі гэта адзіныя беларускія грэка-каталіцкія біскупы ад часу скасаваньня Уніі на так званым «саборы» ў Полацку ў 1839 г.

Беларуская Місіія ў Лондане, а асабліва а. Аляксандр Надсан, мае вялікія заслугі ў перакладзе візантыйскіх літургічных тэкстаў на сучасную беларускую мову».

Не засталася без увагі і сумная дата 170-годдзя ліквідацыі Ўніяцкай Царквы на г. зв. «саборы» ў Полацку, пра якую Архімандрыт сказаў:

«Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква зьяўляецца непасрэднай спадкаемцай Берасьцейскай Уніі, якая была заключана паміж япіскапамі Рускай Царквы (Ecclesia Ruthena) і Рымскай Апостальскай Сталіцай. Усходняя Царква, якая на ўнійным Сінодзе ў Берасьці аднавіла сваю еднасьць з Рымам, у гісторыю Беларускіх Земляў федэрацыйнага дзяржаўнага арганізму, называнага Рэччу Паспалітай (Res publica Polono-Lithuana), упісалася пад назвай Уніяцкая. У нашым царкоўным календары дата 16 кастрычніка штогод адзначаецца як успамін унійнага Сіноду ў Берасьці 1596 году.

Але некалькі дзён таму, 24 лютага 2009 году, мінула 170 гадоў ад так званага «сабору» ў Полацку ў 1839 годзе, на якім уніяцкі біскуп Літоўскай япархіі Іосіф Сямашка і ягоныя паплечнікі – пад націскам царскіх уладаў – абвясьцілі «аб’яднаньне» (воссоединение) Уніяцкай Царквы на Беларускіх Землях з дзяржаўнай Царквой Расейскай Імперыі (якая называлася «православно-кафолическая Церковь»). 25 сакавіка 1839 году цар Мікалай І і Сінод Расейскай Праваслаўнай Царквы пацьвердзілі ліквідацыю Ўніяцкай Царквы.

Толькі пасьля заканчэньня І Сусьветнай вайны Ўсходняя Каталіцкая Царква візантыйска-славянскага абраду змагла адрадзіцца ў Заходняй Беларусі, землі якой заставаліся пад панаваньнем Польшчы. На гэтых тэрыторыях у міжваенны час існавала амаль 30 парафіяў, якія засталіся ў юрысдыкцыі мясцовых лацінскіх біскупаў (Вільня, Пінск). На пачатку ІІ Сусьветнай вайны, у верасьні 1939 г., тэрыторыя Заходняй Беларусі была далучана да Савецкага Саюзу і большасьць грэка-каталіцкіх парафіяў была ліквідавана.

Львоўскі мітрапаліт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі прызначыў у той час (1940) Экзарха для Беларусі а. Антона Неманцэвіча, SJ. Экзарх Антон неўзабаве ў 1942 годзе быў арыштаваны нацысцкім SD і ў 1943 годзе загінуў мучаніцкай сьмерцю ў Менску.

Канец 80-х гг. мінулага стагоддзя на Беларусі характарызаваўся ростам зацікаўленасьці Ўніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Менску і іншых гарадоў Беларусі. Рух за адраджэньне Ўніяцкай Царквы ўзмоцніўся ў 1990 годзе пасьля візіту ў Менск Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана.

Дзень 11 сакавіка 1990 году, калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Менску Боскую Літургію на беларускай мове, можа быць прызнаны за дату аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі».

Напрыканцы свайго слова Архімандрыт Сяргей падкрэсьліў, што духоўная місія БГКЦ у сферы інкультурацыі Евангельля і евангелізацыі культуры магчыма дзякуючы падтрымцы Цэркваў-сёстраў, пад якімі маюцца на ўвазе грэка-каталіцкія Цэрквы ва Ўкраіне (у тым ліку ў Закарпацьці), у Польшчы, у Славакіі. Таксама важнай ёсьць дапамога, якую для працягу сваёй місіі Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква атрымлівае ад Царквы лацінскага абраду як у Беларусі, так і ў Заходняй Еўропе.
Алесь Аўдзяюк

Фота:
1. Выступае кардынал Хрыстаф Шонбарн.
2. Урачыстая архірэйская багаслужба падчас сімпозіюму.
3. Усходнекаталіцкія ярархі Еўропы – удзельнікі сімпозіюму ў Аўстрыі.

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)