Царква
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 1:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Падзеі і сьвяты

Год сьвятарства ў Царкве

З 19 чэрвеня 2009 году ў Каталіцкай Царкве распачнецца Год сьвятарства. Патронам сьвятароў абвешчаны сьв. Ян Марыя Віянэй. Уласна ягоны стыль душпастырства заклікае насьледаваць Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI.

З гэтай нагоды Старшыня Кангрэгацыі па справах Духавенства кардынал Клаўдзіу Хумэс заклікае паасобныя епіскапаты, дыяцэзіі, парафіі і мясцовыя супольнасьці распрацаваць праграму мерапрыемстваў на Год сьвятарства.

Кардынал Хумэс адзначае, што кожная лакальная Царква павінна распачаць гэты год пэўнай важнай, сьвяточнай літургічнай падзеяй.

“Год сьвятарства павінен адзначацца ва ўсім сьвеце з актыўным удзелам вернікаў, павінен стаць пазітыўным і актывізуючым часам”, – адзначае кардынал Хумэс. А таксама дадае, што сьвятары – гэта “людзі, якія па-сапраўднаму любяць Ісуса Хрыста, Царкву, народ Божы, салідарныя з беднымі і тымі, хто церпіць. У гэтых адносінах Царква ва ўсім сьвеце ганарыцца сваімі сьвятарамі”.

У гэты перыяд старшыня Кангрэгацыі па справах Духавенства заклікае прааналізаваць канкрэтныя ўмовы жыцьця сьвятароў, магчымасьці падтрымаць іх – перадусім там, дзе сьвятары жывуць у асаблівай беднасьці.

“Няхай гэта будзе год рэлігійных і грамадзкіх урачыстасьцяў, які схіліць вернікаў да малітвы, рэфлексіі, сьвяткаваньня і аказаньня сваім сьвятарам належнай павагі. Няхай стане нагодай для разьвіцьця адзінства і сяброўскіх зносінаў сьвятароў з даручанай ім супольнасьцю”,– падкрэсьлівае кардынал Клаўдзіу Хумэс.

З нагоды Году сьвятарства Рымская Апостальская Сталіца выдала сьпецыяльны дэкрэт пра водпусты. Кожны вернік у гэты перыяд можа атрымаць поўны водпуст, калі “у скрусе сэрца” возьме ўдзел у сьв. Літургіі, ахвяруючы ў гэты дзень малітвы і добрыя ўчынкі ў намеры за сьвятароў, “каб Госпад Ісус Хрыстос кшталтаваў іх паводле свайго Сэрца”.

У БГКЦ Год сьвятарства распачаўся 19 чэрвеня з урачыстай падзячнай Літургіі ў гадавіну візіту ў Беларусь Дзяржсакратара Ватыкану кардынала Тарчызіё Бэртонэ, які роўна год таму наведаў і асьвяціў грэка-каталіцкі цэнтр сьв. Язэпа ў Менску. Таксама ў гэты дзень беларускія грэка-каталіцкія сьвятары віншавалі з 35-годдзем сьвятарства Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека), у якога сёлета яшчэ і 60-гадовы юбілей. Урачыстае набажэнства ў гэты дзень узначальваў Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)