Царква
Не забівай
(6 запаведзь, Выхад 20:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Год сьвятарства

Новы сьвятар – каштоўны дар Маці Еднасьці

23 жніўня 2009 году ў Полацку ўпершыню пасьля скасаваньня Уніі высьвячаны грэка-каталіцкі сьвятар: у царкве сьвятой Параскевы Полацкай на сьвятара быў рукапакладзены дыякан БГКЦ Аляксандр Аўдзяюк.

Ён стаў другім каталіцкім сьвятаром візантыйскага абраду, які быў высьвячаны ў Беларусі пасьля скасаваньня Уніі ў 1839 годзе (першым быў а. Яўген Усошын, якога высьвяцілі ў Маладэчна). Іншыя беларускія грэка-каталіцкія сьвятары, у тым ліку і ў міжваенны час, рукапакладаліся па-за межамі Беларусі.

Архірэйскую Боскую Літургію, на якой на просьбу Апостальскага Візітатара БГКЦ быў рукапакладзены новы сьвятар БГКЦ Аляксандр Аўдзяюк, служыў Апостальскі Адміністратар Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі (Украіна) Уладыка Мілан Шашык. Гэты ж біскуп раней удзяліў яму дыяканскія сьвячаньні 13 траўня 2009 году ў Мукачаве, падчас Сустрэчы ярархаў усходніх каталіцкіх Цэркваў Еўропы.

Архірэйская багаслужба ў візантыйскім абрадзе, адслужаная Ўладыкам Міланам (Шашыкам) 23 жніўня 2009 году ў Полацку, у царкве сьв. Параскевы Полацкай, была першай багаслужбай грэка-каталіцкага ярарха ў гэтым горадзе за больш чым 170 гадоў пасьля «сабору», скліканага Ёсіфам Сямашкам у Полацку для скасаваньня Уніі. Падчас сьвятарскіх сьвячаньняў Алеся Аўдзеюка за яго маліліся таксама Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей (Гаек), архім. Пятро Бераш – сінкел Мукачаўскай япархіі ГКЦ, грэка-каталіцкія сьвятары з Беларусі і Расеі.

У гэтай значнай для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы падзеі бралі ўдзел ня толькі мясцовыя вернікі з парафіі сьв. Язафата, але і вернікі з розных грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі. Напярэдадні разам з Уладыкам Міланам (Шашыкам) і Апостальскім Візітатарам БГКЦ многія з іх зьдзейсьнілі пілігрымку ў Браслаў, дзе маліліся за новага сьвятара БГКЦ падчас урачыстасьці каранацыі цудатворнай іконы Маці Божай Валадаркі Азёраў, якая ў часы Уніі захоўвалася ў манастыры базыльянаў.

Айцец Аляксандр Аўдзяюк (нар. 28.06.1978) паходзіць з прыбужскага мястчэка Дамачава Берасьцейскай вобласьці, што знаходзіцца на сумежжы Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.
Пасьля заканчэньня школы ў 1995-ым паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на механіка-матэматычны факультэт, які скончыў у 2000 годзе. Падчас навучаньня ў Менску пазнаёміўся з католікамі візантыйскага абраду і прыяднаўся да Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

У 2000-2003 гг. працаваў настаўнікам у школе, атрымліваў духоўную фармацыю ў манахаў-студытаў у Уніўскай Сьвята-Усьпенскай Лаўры ва Ўкраіне. З 2003 году Алесь Аўдзяюк – семінарыст БГКЦ. Сьвятарскую фармацыю праходзіў у Вышэйшай духоўнай рыма-каталіцкай семінарыі ў Драгічыне (Польшча), а з восені 2005 году – ва Ўсходняй калегіі ў Айхштэце (Нямеччына).

Сёлета А.Аўдзяюк скончыў тэалагічны факультэт у Каталіцкім універсітэце ў Айхштэце, што ў Баварыі, атрымаў ступень дыпламаванага тэолага. Студыяваў ён на катэдры гісторыі тэалогіі, сьпецыялізаваўся на патралогіі.

30.06.2006 г. біскуп Прэшаўскі Ян Бабяк, SJ паставіў яго на чытальніка і іпадыякана, 13.05.2009 г. біскуп Мукачаўскі Мілан Шашык высьвяціў Алеся Аўдзеюка на дыякана, а 23.08.2009 г. – на сьвятара.

Айцец Аляксандр Аўдзяюк будзе дапамагаць у душпастырскай апецы вернікаў парафіі сьв. Язэпа ў Менску, а таксама будзе служыць як віцэ-канцлер курыі Апостальскага візітатара БГКЦ.
Ігар Бараноўскі

На фота: Полацак, 23.08.2009. Сьвятарскія сьвячаньні Аляксандра Аўдзеюка.
(Фота А.Андросік і П.Дайліда).
Болей фатаграфіяў глядзіце ў галерэі
Гэты артыкул чыталі 9 разоў (-ы)