Царква
Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Год сьвятарства

Пад Покрывам Багародзіцы

У кастрычніку распачаўся новы акадэмічны год для семінарыстаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Стала ўжо традыцыяй, што 1 кастрычніка, у сьвята Покрыва Багародзіцы, вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы моляцца за семінарыстаў.

Сёлета ў гэты дзень нядаўна высьвячаны сьвятар БГКЦ а. Алесь Аўдзяюк прысутнічаў на адкрыцьці новага навучальнага году ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Драгічыне (Польшча), дзе калісьці і сам пачынаў навучаньне. Гэта была для яго таксама нагода саслужыць з Высокадастойным Уладыкам Антонам Пацыфікам Дыдычам і перадаць яму падзяку за гасьціну, якую ён дае грэка-каталіцкім семінарыстам з Беларусі. Цяпер у семінарыі ў Драгічыне навучаюцца 2 семінарысты БГКЦ – Зьміцер Бяланаў і Андрэй Русін.

А 3 кастрычніка 2009 году грэка-каталіцкія студэнты, што навучаюцца ў Рыме, маліліся перад цудатворнай іконай Маці Божай Жыровіцкай, якая ўшаноўваецца ў царкве сьв. Сяргея і Вакха ў Вечным Горадзе. Акафіст да Багародзіцы – з просьбай аб малітоўнай падтрымцы – узначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). У новым акадэмічным годзе ў Рыме будзе навучацца 5 студэнтаў БГКЦ.

Семінарысты ва Ўкраіне пачынаюць акадэмічны год раней. Напярэдадні новага навучальнага году, 29 жніўня, Архімандрыт Сяргей маліўся ў Івана-Франкоўску разам з украінскімі грэка-каталіцкімі біскупамі Кір Уладзімірам (Війтышыным) і Кір Сафронам (Мудрым). Візіт Апостальскага Візітатара БГКЦ у Івана-Франкоўск даў таксама магчымасьць абмеркаваць розныя асьпекты супрацоўніцтва, асабліва ў сферы адукацыі. У Івана-Франкоўску ў гэтым годзе праходзіць навучаньне адзін семінарыст БГКЦ – Аляксей Філіпенка.

Гэты артыкул чыталі 7 разоў (-ы)