Царква
Не выдумляй ілжы на брата твайго, і не рабі таго ж супраць аднаго. Не жадай казаць якую б то ні было хлусню, бо паўтор яе не паслужыць на добрае
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 7:12-13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Год сьвятарства

Сьвяткаваньне Пасхі – разам

2010 год – адзін з тых, калі праваслаўныя і католікі розных абрадаў будуць сьвяткаваць Вялікдзень разам. Сёлета гэтая ўрачыстасьць прыпадае на 4 красавіка. У гэты дзень гучным звонам з усіх цэркваў і касьцёлаў сьвету будзе абвешчана вялікая радасьць – Хрыстос уваскрос!

Часта паўстае пытаньне, чаму католікі і праваслаўныя ў нашай краіне звычайна адзначаюць Пасху з вялікай розьніцай дзён і толькі раз на нейкі час дата ўрачыстасьці супадае.

Справа ў тым, што Вялікдзень – гэта рухомае сьвята. Яго дата неаднойчы ў гісторыі была тэмай спрэчак. У нашыя часы ў заходніх Цэрквах прынята, што Вялікдзень адзначаецца ў нядзелю пасьля першай вясеньняй поўні месяца. Дата ўрачыстасьці Ўваскрасеньня Хрыста залежыць таксама ад даты Ўкрыжаваньня, якое, як пішуць евангелісты, адбылося на тры дні раней – непасрэдна перад габрэйскай Пасхай, якая адзначалася ў чатырнаццаты дзень месяца Нісан. Аднак праблема заключаецца ў тым, што дата Ўкрыжаваньня ў Евангельлі паводле Яна і ў іншых трох адрозьніваецца. Таму ўсходнія Цэрквы выказваліся за дату чатырнаццаты Нісан, а заходнія прывязвалі адзначэньне ўрачыстасьці Ўваскрасеньня да пятнаццатага дня гэтага месяца.

Пералом у вызначэньні дня Пасхі зьдзейсніў манах на імя Дыянізі. Ён стварыў хрысьціянскі каляндар, пачынаючы адлік ад Нараджэньня Хрыста. Каб атрымаць дату Вялікадня, сярэднявечны хранолаг шукаў так званую залатую лічбу, зьвяраў па табліцы дату поўні месяца, потым шукаў першую поўню пасьля 21 сакавіка і затым ў табліцы так званых літараў нядзелі адшукваў дату Вялікадня.

Пасьля рэформы календара шляхі Ўсходу і Захаду, што да адзначэньня Пасхі, разышліся. Розьніца ў часе сьвяткаваньня Вялікадня паміж Цэрквамі, якія карыстаюцца грыгарыянскім календаром, і тымі Ўсходнімі Цэрквамі (праваслаўнымі і грэка-каталіцкімі), якія жывуць паводле юльянскага календара, можа складаць нават пяць тыдняў. Але можа і супадаць, як адбываецца гэта сёлета.

Зьяўляюцца тэндэнцыі, каб увесьці сталую дату Вялікадня. Варта адзначыць, што Канстытуцыя пра Сьвятую Літургію Другога Ватыканскага Сабору цалкам дапускае такую магчымасьць.

Паводле Catholic.by

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)