Царква
Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум. Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе; ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 4:7-9)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Падзеі і сьвяты

“20 гадоў Ты, Госпадзе, корміш мяне Еўхарыстыяй”

11 сакавіка 1990 году Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа а. Аляксандар Надсан адслужыў ў Менску Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе на беларускай мове. Гэта была першая адкрытая грэка-каталіцкая Літургія ў паваеннай Беларусі.

20 гадоў таму, у 1990 годзе мы жылі яшчэ ў Савецкім Саюзе і “афіцыйна” Грэка-Каталіцкай Царквы ў БССР не было, але гэта не азначае, што не было грэка-каталікоў ці ніхто ня думаў пра адраджэньне нашай Царквы. Наадварот, праз усе часы забароны, ад гвалтоўнага зьнішчэньня і праз гады фальшаваньня гісторыі, былі людзі, якія ведалі Праўду і рабілі тое, што маглі, кожны на сваім месцы.

Прыйшоў час, і гэтая самаахвярная праца, вернасьць Праўдзе і нязломнасьць прынесьлі свой плод. З “перабудовай” і “галоснасьцю” маладыя людзі, якія шукалі праўду пра сябе, якія шукалі сваю тоеснасьць, маглі адкрыта гаварыць пра нашую гісторыю і Грэка-Каталіцкую Царкву. У гэтыя гады шмат моладзі і старэйшай інтэлігенцыі прынялі ідэю Уніі, як асаблівы шлях разьвіцьця Беларускага народу.

12 лістапада 1989 году у м. Баруны, старажытным грэка-каталіцкім цэнтры, айцец Ян Матусевіч арганізаваў сьвята Сьвятамучаніка Язафата Полацкага; ад гэтага часу, думкі пра адраджэньне Царквы ўжо перасталі быць такімі нерэальнымі. Пачалі ажыцьцяўляцца канкрэтныя справы: арганізавалася моладзевая суполка “Унія”, пачалася праца па падрыхтоўцы грэка-каталіцкай газеты ці нават часопіса – усё для папулярызацыі справы аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці Царквы.

І сталася… 10-16 сакавіка 1990 году ў Беларусь прыехаў айцец Аляксандар Надсан, Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане і Апостальскі Візітатар для беларусаў грэка-каталікоў замежжа. Айцец прыехаў з дабрачынным грузам для дзетак з Гомельшчыны. Ён сустрэўся з групай моладзі, якая называла сябе суполка “Унія”. Гэтая сустрэча, якая адбывалася на кватэры Сяржука Абламейкі ў Менску, была вызначнай. Маладыя людзі зразумелі – яны не адны, у асобе айца Аляксандра яны маюць пераемнасьць ад нашых вялікіх айцоў: Біскупа Чэслава Сіповіча, Біскупа Ўладзіміра Тарасевіча, архімандрыта Льва Гарошкі, айца Язэпа Германовіча, айца Тамаша Падзявы і іншых, іншых…

Больш таго, у нядзелю, 11 сакавіка 1990 году, айцец Аляксандар адслужыў у касьцёле Ўзвышэньня Крыжа на Кальварыі Боскую Літургію Яна Залатавуснага, якая сталася першай непадпольнай грэка-каталіцкай сьв. Літургіяй у паваеннай Беларусі. На літургію прыйшлі сотні людзей, адчуваўся сьвяточны настрой.

Увогуле тыя дні прыезду айца Аляксандра былі адметныя. Але падчас Еўхарыстыі наступілі сутнасныя зьмены на шляху адраджэньня, бо мы перасталі быць групамі моладзі і інтэлігенцыі – мы сталіся Царквою. У гэтай Боскай Літургіі мы паядналіся з усёй Сусьветнай Царквою, сталі выразам адзінства Народу Божага (пар. LG 11).

Аднаўленьне літургічнага жыцьця Царквы стала крыніцай і падмуркам адраджэньня структураў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. А тое, што гэтая Літургія сталася крыніцай новых пакліканьняў да сьвятарства, я магу засьведчыць на сваім прыкладзе…

а. Андрэй Абламейка,
Гамінг (Аўстрыя)

На фота:

1. Айцец Аляксандар Надсан служыць у грэка-каталіцкай капліцы ў Менску (1990-ыя гг.). Фота Дзяніса Раманюка.

2. Айцец Ян Матусевіч з маладымі ўніятамі (пач. 1990-ых гг.)


“Дзе няма любові – няма і Царквы, ёсьць толькі бачнасьць, падман, які адштурхоўвае людзей. Дапамажы нам, Госпадзе, стаць Царквою, а ня толькі бачнасьцю яе”.
 Мітрапаліт Антон Суражскі.

 



Гэты артыкул чыталі 53 разоў (-ы)