Царква
Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
(Першае Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Яна Багаслова 4:20)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Памiнальная пiлiгрымка ў Дамачава

10 лютага 2007 году, у памiнальную Бацькоўскую суботу, што перад Вялiкiм постам, група берасьцейскай моладзi зьдзейсьнiла пiлiгрымку ў невялiкае прыбужскае мястэчка Дамачава.

Там, на тэрыторыi касьцёлу сьв. Антонiя, знаходзiцца адзiны ў рэгiёне помнiк паўстанцам Кастуся Калiноўскага. Помнiк у выглядзе мураванага крыжа быў усталяваны яшчэ ў мiжваенны час. Ён ушаноўвае памяць паўстанцаў берасьцейскага атраду (лекарам там быў стрыечны брат К.Калiноўскага Ян), якiя прынялi бой 14 траўня 1863 году каля в. Чэрск, што паблiзу Дамачава.

Дзякуючы Божаму Провiду i актыўным дзеяньням сп. Яўгена Гамзюка, якi сёньня зьяўляецца старшынём касьцёльнага камiтэту, Саветам не ўдалося зьнiшчыць крыж у сярэдзiне 1960-ых, нават калi касьцёл быў ужо зачынены.

Ля памятнага крыжа моладзь запалiла лампадкi i ўсклала кветкi. Беларускi грэка-каталiцкi сьвятар а. Андрэй Буйнiч адслужыў Малебен за беларускi народ i малiўся за супакой паўстанцаў 1863 г., а таксама выдатнага беларускага сьвятара-патрыёта кс. Пятра Татарыновiча. У мiжваенны час ён аддана працаваў для справы Унii на Палесьсi i, як пробашч у Дамачаве ў 1926-1931 гг., шмат зрабiў для адраджэньня рэлiгiйнага i культурна – асьветнага жыцьця ў гэтым прыбужскiм мястэчку.

Iгар Бараноўскi


Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)