Царква
Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 6:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

а. Аляксандр МЕШЧАНОВІЧ, OCD

Сьвяты Рафал Каліноўскі: у стагоддзе сьмерці 1907-2007

15 лістапада 2007 г. мінула 100 гадоў ад сьмерці Язэпа (Юзафа) Каліноўскага, вялікага патрыёта, найперш грамадзкага і палітычнага дзеяча, зьвязанага з Беларусьсю, а пасьля манаха імем Рафал, сьвятога Каталіцкай Царквы (Рэд).
Ніжэй увазе чытачоў прапануем скарочаны тэкст артыкулу «Зямная дарога да неба», які быў зьмешчаны ў часопісе «Дыялог» №11/2007, с. 14-15.

Маладосьць

Юзаф Каліноўскі нарадзіўся ў Вільні 1 верасьня 1835 году ў інтэлігенцкай сям’і, шляхецкага паходжаньня Андрэя Каліноўскага і Юзэфы Палонскай. Праз восем дзён пасьля нараджэньня Юзаф быў ахрышчаны ў парафіяльным касьцёле сьв. Яна ў Вільні, сакрамант хросту ўдзяліў кс. Францішак Бітоўт, хроснымі бацькамі былі Юзаф Палонскі і Дарота Цымерман

Калі Юзафу споўнілася 8 гадоў, у 1843 г., разам з братам Віктарам распачаў вучобу ў Шляхецкм інстытуце ў Вільні. Будынак знаходзіўся ў былым Калегіуме Айцоў Піяраў.

Пасьля заканчэньня Шляхецкага інстытуту Юзаф сур’ёзна пачынае думаць пра сваё будучае жыцьцё. Трэба было выбіраць такі накірунак вучобы, каб забясьпечыць самастойнае існаваньне. Таму шаснаццацігадовы Юзаф і яго старэйшы брат Віктар у 1850 годзе распачынаюць вучобу ў Агранамічным інстытуце ў Горы-Горках (каля Магілёва — Рэд.). Аднак Юзафу не падабаецца сьпецыяльнасьць агранома. Па гэтай прычыне ён распачынае ў 1855 годзе вучобу ў Ваеннай Інжынернай Акадэміі ў Пецярбурзе. Пасьля двухгадовага навучаньня ён атрымоўвае званьне лейтэнанта і інжынера. У кастрычніку Юзафа Каліноўскага пераводзяць працаваць у Берасьце, дзе ён працуе пры будове берасьцейскай крэпасьці. Тут ён клапоціцца пра моладзь і вязьняў. Доўгімі зімовымі вечарамі ён чытаў кнігі і разважаў над імі. Сваё духоўнае перамяненьне ён прыпісвае «Споведзі» сьв. Аўгустына. Ягоны сябра, малады паляк, падарыў яму свой малітаўнік, які дапамог яму аднавіць у сабе даўнюю любоў да Маці Божай.

Катаржнік і пасяленец

За ўдзел у паўстаньні ў Літве (паўстаньне Кастуся Каліноўскага 1863-64 г. — Рэд.) ў адзеньні арыштанта, астрыжаны і аголены, ішоў разам з іншымі праз вуліцы горада да чыгуначнай станцыі, адкуль паэтапна вязьні павінны былі быць перакінутыя на Далёкі Ўсход. Юзаф Каліноўскі ўвайшоў у сваю духоўную ноч, якая доўжылася з перарывамі дзесяць год. Як напіша пазьней ён у сваіх успамінах, цемра і разьюшанасьць не парушалі спакою ягонага сэрца.

У чэрвені 1866 году з наступленьнем амністыі, пяцьдзясят чалавек, у тым ліку і Юзафа, вызвалілі з катаргі. Цяжкія работы былі заменены пасяленьнем. У ліпені 1868 году наступная амністыя дазволіла Юзафу пасяліцца ў любым горадзе Сібіры. Ён выбраў Іркуцк па прычыне парафіі і асобы кс. Шверніцкага. Там праводзіў катэхезу і апекаваўся праблемнымі дзецьмі. На пасяленьні ў Іркуцку ён прабыў чатыры гады — гэты перыяд яшчэ больш узмацніў у ім сьвятарскае пакліканьне.

Перад Божым Нараджэньнем 1873 году ўлады ў Пецярбургу зацьвердзілі ягонае вызваленьне са ссылкі, афіцыяльны ліст уладаў ён атрымаў у лютым наступнага году.
* * * 

Сіла волі і моц духа Каліноўскага –піша пра перыяд ссылкі ў жыцьці Юзафа а. Аркадзь Куляха — былі для таварышаў нядолі палёгкай і апорай. Ён дапамагаў ссыльным вырашаць розныя праблемы, для дзяцей і моладзі арганізоўваў нядзельныя школы, дзяліў свой хлеб з іншымі. Усе бачылі ў ім увасабленьне справядлівасьці, стойкасьці і вернасьці. «Сьвет можа мяне пазбавіць усяго, аднак застанецца адно сховішча, не даступнае яму, — малітва. У ёй можна зьмясьціць мінуўшчыну, сучаснасьць і будучыню ў постаці надзеі. Божа, якім скарбам надзяляеш тых, хто Табе давярае (З лістоў Рафала Каліноўскага)

Выхаваўца

Вясной 1874 году Юзаф Каліноўскі накіраваўся ў Варшаву. Ён затрымаўся ў свайго брата Габрыэля, дзе з акна меў агляд даўняга касьцёлу кармялітаў босых. Чытаючы дзёньнік кс. Пятра Скаргі, ён даведаўся пра ўсходнія пачаткі гэтага ордэну Маці Божай з гары Кармель, а потым аб перанясеньні на Захад. Менавіта гэты ордэн ён бачыў як адзін з інструментаў зьяднаньня паміж Касьцёлам Захаду і Ўсходу. Ён добра адчуваў сябе ў выхавацельскай дзейнасьці. Такім чынам згадзіўся і прыняў прапанову на выхаваньне сына графа Ўладзіслава Чартарыйскага ў Парыжы. Займаўся гэтай дзейнасьцю да 1877 году.

Кармяліт

Юзаф Каліноўскі прыбыў у дом навіцыяту ў Грац (Аўстрыя) падчас вігіліі патранальнага кармяліцкага сьвята — Маці Божай з гары Кармель — 15 ліпеня. Пасьля чатырох месяцаў пастуляту 26 лістапада 1877 году атрымаў законны габіт і імя брат Рафал ад сьв. Юзафа. Распачаў гадавы кананічны навіцыят пад кіраўніцтвам суровага магістра а. Тэрэзіюша. Склаў шлюбы 26 лістпада 1878 году і быў пераведзены з Граца ў Рааб у Венгрыі, на навучаньне філасофіі.

Пасьля трох гадоў навучаньня, 27 лістапада 1881 году склаў урачыстыя вечныя шлюбы ў рукі генерала Ордэну кармялітаў босых, а на наступны дзень выехаў у Кармель у в. Чэрна каля Кракава. 8 студзеня 1882 году атрымаў пасьвячэньні дыяканату, а праз тыдзень — сьвятарства. У гэтым жа годзе быў менаваны настаяцелем кляштару ў Чэрнай, візітатарам кармялітак босых, спаведнікам.

Сьвяты Рафал Каліноўскі памёр 15 лістапада 1907 г. у Вадавіцах у апініі сьвятасьці, а пахаваньне цела сьвятога адбылося на манаскіх могілках у Чэрнай. 22 чэрвеня 1983 г. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў Рафала Каліноўскага, а 17 лістапада 1991 г. адбылася кананізацыя сьвятога.

* * * 

Айцец Рафал Каліноўскі гарэў вялікай любоўю да Касьцёла і прагнуў яго еднасьці, таму ў сваіх малітвах прасіў Бога аб паяднаньні паміж хрысьціянамі і да такой малітвы заахвочваў іншых. Ён ведаў дасканала як праваслаўных, так і пратэстантаў. Дарэчы, можна меркаваць, што свае экуменічныя імкненьні фармаваў ужо ў дзяцінстве падчас сваіх побытаў у родных у Беларусі. У нейкім сэнсе з інтэнцыяй прысьвяціць сябе дзеля яднаньня хрысьціян уступіў у Кармель, у якім дзейнічаў як шанавальнік Маці Божай, асабліва ў знаку шкаплера.

а. Аркадзь Куляха, OCD
* * * 

«Імкненьне чалавецтва — гэта пошук праўды, дабрыні і прыгажосьці. На гэтым полі працы сустракаюцца старажытныя і сучасьнікі, язычніцкія і хрысьціянскія мысьліцелі. Не знаходзячы поўні праўды, дабра і прыгажосьці, язычнік і хрысьціянін шукаюць гэтай паўнаты ў адной крыніцы — у Богу: язычнік зводзіць багоў на зямлю, хрысьціянін сам імкнецца ў неба. Гамер і Дантэ».

З лістоў Рафала Каліноўскага, Іркуцк: 10 студзеня 1869 г.

На фота:
Рафал Каліноўскі ў часы вайсковай службы. Сьвяты манах-кармяліт Рафал Каліноўскі.

Гэты артыкул чыталі 11 разоў (-ы)