Царква
Ня крадзь
(8 запаведзь, Выхад 20:15)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Гісторыя Царквы

Вольга Іванова (Менск)

Макрына Мечыслаўская:
апаэтызаваныя міфы эпохі

У газеце «Шлях да Хрыста» за 2002, №№ 11-14 быў апублікаваны артыкул пад назвай «Загадка Макрыны Мечыслаўскай», заснаваны на біяграфічным нарысе ў выданьні А. Карлюкевіча «І векавечны толькі край» (2002). Артыкул і першакрыніца распавядаюць пра Макрыну Мечыслаўскую як пра адну з выдатных постацяў беларускай Уніяцкай Царквы і беларускай гісторыі, залічваючы яе ці не да шэрагу сьвятых.

Макрына Мечыслаўская… Асоба неадназначная… Хто яна? Аферыстка, сьвятая ці проста хворая? Менавіта з гэтых пытаньняў пачынаецца кожная размова, кожная публікацыя пра яе. Мечыслаўская – гэта дзьве постаці: першая – міфічная, створаная ёй самой і апаэтызаваная ў творах польскіх паэтаў, драматургаў і мастакоў, другая – рэканструяваная на падставе гістарычных крыніц дасьледчыкамі Я.Урбанам, А.Майкоўскім, А.Васкоўскім, Ф.Ендржэеўскім і інш., што выкрываюць непраўдападобнасьць аповядаў Макрыны, як перасьледаванай манахіні-базыльянкі.

Па версіі самой Мечыслаўскай, нарадзілася яна 6 студзеня 1784 г. у Стаклішках Троцкага ваяводзтва, у шляхецкай сям’і Юзафа і Ганны Мечыслаўскіх. У 1808 г. нібыта ўступіла ў закон базыльянак у манастыры ў Белай на Падляшшы, потым пераехала ў Менск, дзе, паводле яе сьцьверджаньняў, зьяўлялася ігуменьняй манастыра. За адмову прыняць скасаваньне Уніі нібыта зьведала ціск і рэпрэсіі з боку япіскапа Ёсіфа Сямашкі. Апісаньне тых жорсткіх перасьледаў, апублікаванае ў Познані, выклікала ў свой час сенсацыю ў Еўропе. 10 кастрычніка 1845 г. з дапамогай кс. Аляксандра Елавіцкага, зьверхніка супольнасьці Ўваскрасеньня Гасподняга, М.Мечыслаўская прыязджае ў Парыж, дзе ёй апякуецца таксама і князь Адам Чартарыйскі, пра яе пішуць ня толькі польскамоўныя газеты «Trzeci Maj», «Dzieсnik Narodowy», але і французская прэса: «L’Univers», «L’ami de la Religion», бельгійская «Journall de Bruxelles» і нават ангельская; адусюль сыплюцца пратэсты супраць рэлігійных перасьледаў у Расеі, якія, трэба адзначыць, сапраўды мелі месца ў той час, пра што сьведчаць сёньня шматлікія архіўныя дакументы. Хутка было апублікавана другое дазнаньне Макрыны, у якім утрымлівалася значна больш рэзкіх ацэнак злачынстваў Ёсіфа Сямашкі, яшчэ больш апісаньняў таго, як манахіняў, што не захацелі перайсьці ў праваслаўе, кармілі толькі салёнымі селядцамі і не давалі вады, білі, гвалцілі, і закаваных у кайданы, гналі па марозе некалькі дзясяткаў кіламетраў і г. д. Гэты аповяд дайшоў да Рыму, куды Макрына прыязджае ў хуткім часе дзякуючы сваім апекунам і дзе папа Рыгор XIV загадвае арганізаваць дазнаньне. Зробленая медычная эксьпертыза пацьвярджае наяўнасьць пабояў...

Сярод патрыятычна настроенай польскай інтэлігенцыі Мечыслаўская стала сьвятой мучаніцай. Яе асобай захапляліся польскія грамадзка-культурныя дзеячы і творцы З.Красінскі, Я.Залескі, С.Вітвіцкі, а ў 1846 г. зьявілася нават паэма Ю.Славацкага «Размова з маткай Макрынай Мечыслаўскай», у 1900 г. – драма С.Высьпянскага «Легіён», у 1929 г. – літаратурны твор А. Васькоўскага «Макрына». Існуе таксама і легенда аб тым, што нават Адам Міцкевіч пасьля знаёмства і размовы з Макрынай Мечыслаўскай вярнуўся ў Каталіцкую Царкву. У 1852 г. Кіпрыян Норвід, дасылаючы Міхаліне Дзяконскай копію сваёй фрэскі ў царкве Сьвятой Тройцы на Гары ў Рыме, што мела назву «Найдзіўнейшая Маці Божая», пісаў: «Прыйдзе такі час, калі шматлікія рэчы, якія здаюцца глупствам, па-французску гаворачы містычныя пустаслоўі гультаёў, што зьяўляюцца важнымі для палякаў, будуць зразумелыя і ў Францыі. Тады людзі будуць ведаць, што манахіня ў далёкім Рыме, ня ведаючы пра Польшчу, упрыгожыла »Найдзіўнейшую Маці Божую«, і ведала пра тую хрысьціянскую справу больш, чым шматлікія вучоныя галовы. Найпаважанейшая Маці Макрына – асоба з вытанчаным густам і глыбокі знаўца эстэтыкі».

Аднак былі і іншыя погляды сучасьнікаў на асобу Макрыны. Так кс. Мікашэўскі, супраціўнік кс. А.Елавіцкага, адзначаў: «Выдуманая гісторыя сястры Макрыны, базыльянкі, цярпеньні якой апісваў кс. Аляксандр Елавіцкі ў яскравых колерах перад усім каталіцкім сьветам, дазволіла айцам здабыць вялікія грошы. Пры падзеле здабытага ўзьнікла вялікая нязгода паміж сястрой і айцамі… Уяўная сястра Макрына, якая памерла ў Рыме ў 1869 г. і біяграфію якой напісаў кс. А.Елавіцкі, увогуле ніколі не існавала».

Амаль ніхто з французскіх і польскіх дасьледчыкаў XIX ст., што згадвалі пра Макрыну, не пацьвярджаў праўдзівасьць яе аповедаў, сумненьні выклікаў нават сам факт яе існаваньня. Расейскія ж публікацыі заўсёды асабліва былі скіраваныя на выкрыцьцё дадзенай асобы. У 1860 г. пісаў пра яе былі менскі губернатар Сушкоў, у 1864 – менскі праваслаўны архіяпіскап Антоні Зубко. Важнымі крыніцамі па гісторыі ліквідацыі Уніі зьяўляюцца мемуары Ёсіфа Сямашкі, выдадзеныя ў Пецярбургу ў 1883 г., успаміны полацкага япіскапа Васіля Лужынкага, апісаньні з архіву Заходнерускіх уніяцкіх мітрапалітаў 1897-1907 гг., біяграфічныя дасьледваньні Г.Кіпрыяновіча пра Сямашку і інш., у якіх няма ніводнай згадкі пра ігуменьню па імені Макрына Мечыслаўская.

Параўноўваючы факты з аповеду Мечыслаўскай і афіцыйныя дадзеныя, польскі дасьледчык а. Ян Урбан адзначае цэлы шэраг недарэчнасьцяў: скасаваны менскі манастыр Сьвятой Тройцы манахіняў-базыльянак, ігуменьняй якога, дарэчы, зьяўлялася Параскева Ляўшэцкая, а не Мечыслаўская, быў пераведзены ня ў Віцебск, а ў Мядзель. Памылілася Мечыслаўская і ў даце пераводу манастыра з Менску, называючы 1838 г.: восем базыльянак з ігуменьняй Параскевай і а. Дыянісіем Анішкевічам пасяліліся ў былым кармяліцкім кляштары ў Мядзелі перад сьвятам Дабравешчаньня ў 1834 г. У 1837 г. япіскап Сямашка з Жыровіц наведаў законьніц. Як запісана ў яго дзёньніку, ён застаўся задаволены правядзеньнем набажэнстваў, рэформа якіх адбывалася ў той час з мэтай нівеляваньня лацінскіх уплываў, а таксама станам царквы і манастыра, якія былі прыведзены ў парадак у даволі кароткі тэрмін. Пасьля Полацкага сабору 1839 г., на якім была скасавана Унія, сам манастыр быў аднесены да Менскай япархі і падпарадкоўваўся япіскапу Антонію Зубко, а вось манахіні адмовіліся ад пераходу ў праваслаўе, таму як многія паходзілі ўжо з рыма-каталіцкіх сем’яў. Тады да іх былі дасланыя чатыры праваслаўныя манахіні, а духаўніком прызначаны сьвятар Пётр Міхалевіч. Не даючы рады схіліць манахіняў да праваслаўя, Сямашка ў 1844 г. дазволіў Параскеве Ляўшэцкай і яе сястры Дароце, а таксама Яўсевіі Рачкевіч, Мяланьні Сабалеўскай, Макрыне Ласкатоўскай, Антаніне Лясьнеўскай выехаць з манастыра да сваіх сем’яў. Не давалі згоду на пераход у праваслаўе і манахіні іншых базыльянскіх манастыроў у Віцебску, Полацку, Воршы, Горадні.

Пасьля першай публікацыі пра Макрыну Мечыслаўскую, Ёсіф Сямашка падрыхтаваў даклад у Сьвяты Сінод, дзе падрабязна апісаў стан і колькасьць базыльянскіх манастыроў у Літоўскай япархіі: з яго вынікае, што ніводная з пералічаных Мечыслаўскай асобаў базыльянак і духаўнікоў у рэальнасьці не існавала. Мечыслаўская распавядала пра тое, што базыльяне высылаліся ў Сібір ці ўтрымліваліся ў праваслаўных манастырах, аднак у адпаведнасці з афіцыйнай справаздачай Сямашкі базыльянак было не 245, а 55, манахаў-базыльянаў адпаведна не 346, а 265, і ніводзін з іх ня быў высланы (што, усё ж такі, не адпавядала рэчаіснасьці). Акрамя таго, Сямашка сам ніколі ня быў духаўніком ні ў Коўна, ні ў якімсьці іншым манастыры, як аб тым даводзіла Макрына. Да справаздачы дадаваліся сьведчаньні адной з манахіняў Менскага манастыра базыльянак Антаніны Лясьнеўскай, што жыла на той час ў сваіх родных. Яна ў сваім аповедзе пацьвярджала афіцыйныя дадзеныя, акрэсьліла асобу Сямашкі вельмі станоўча (да гэтай ацэнкі трэба ставіцца вельмі асьцярожна, ведаючы з іншых сьведчаньняў, як выбіваліся падобныя рэчы – Рэд.), але распавяла пра жорсткасьць сьвятара а. П.Міхалевіча да манахіняў, які за гэта быў пакараны і высланы з Мядзеля.

Што да сапраўднай біяграфіі Макрыны, то існуе меркаваньне, што паходзіла яна з жыдоўскай сям’і, а пры пострыгу ў Віленскіх марыявітак атрымала прозьвішча Мечыслаўская, потым жыла некалькі гадоў у кляштары бенядыктынак у Менску. Пакінуўшы кляштар, працавала пакаёўкай у Чацьвярцінскіх, пакуль не пабралася шлюбам з расейскім капітанам у адстаўцы Вінчам. Па сьмерці мужа, прыблізна каля 1830 г., пачала гуляць ролю абражанай манахіні-базыльянкі і падарожнічаць па краі. Каля 1840 г. была арыштавана і адаслана па сьледзтве на сталы побыт у Любчу. Але хутка выйшла з-пад нагляду паліцыі і зноў пасялілася ў кляштары, на гэты раз у бернардынак у Вільні. Уласна там яна і даведалася пра трагічную гісторыю скасавання Уніі ад сёстраў-базыльянак з Менску й Мядзеля, якія ў той час знаходзіліся там. Зьяўленьне Мечыслаўскай у Рыме з яе аповедам пра перасьлед уніятаў у Расеі супала з візітам цара Мікалая І да папы Рыгора XVI у сьнежні 1845, але яе сьведчаньні не былі выкарыстаныя ў абмеркаваньні пытаньняў.

Ужо на пачатку 1846 г. Мечыслаўская страціла давер Рыму, аднак у лістападзе 1848 г. новы папа Пій ІХ зноў прыняў яе і згадзіўся на адкрыцьцё манастыра базыльянак, дзе Макрына стала ігуменьняй. Увёўшы там вельмі жорсткія правілы, яна неўзабаве была пазбаўлена кіраўніцтва. У гэты час Макрына актыўна ўдзельнічала ў грамадзка-палітычнай дзейнасьці: нарадах, арганізацыі Польскага легіёну і інш. Пасьля яе сьмерці ў 1869 г. базыльянкі былі пераведзены з Рыму ў Кастэль Гандольфа.

Айцец-езуіт Ян Урбан у эпіграф сваёй працы пра Макрыну Мечыслаўскую вынес словы папы Інакенція ІІІ: «Нельга хаваць праўду пад пабожнасьцю». Ён адзначае: «Адкрыцьцё кожнай новай праўды прыносіць людзям задавальненьне, бо чалавечы дух створаны для праўды. Але ёсьць праўды, адкрыцьцё якіх бурыць пэўныя перакананьні, з якімі зжыліся, якія дагэтуль лічыліся праўдай, якія былі апаэтызаваны, якія ідуць насуперак якомусьці рэлігійнаму альбо палітычнаму паўдагмату… Патрабуецца тады немалая доля добрай волі, адвагі, сумленнасьці, каб, парушыўшы пячатку маўчаньня, пацьвердзіць сабе – magis amica veritas! (перадусім праўда). Падобны выпадак здарыўся з Макрынай Мечыслаўскай. Ужо трэцяе пакаленьне корміцца яе апавяданьнямі аб перажытых за веру цярпеньнях… Яна стала сымбалем усяго таго, што каталіцкая і ўніяцкая Польшча й Русь вынесла за сваю вернасьць Царкве і мінуламу…»

М.Мечыслаўская стала постацьцю сваёй эпохі, адыграла сваю грамадзкую ролю, зьяднаўшы палякаў вакол патрыятычнай ідэі, натхніўшы творцаў, прыцягнуўшы цікавасьць да лёсу зьнішчанай расейскімі ўладамі Ўніяцкай Царквы. Але яна не пасеяла добрых зерняў духоўнасьці, не прынесла заўважных здабыткаў. «Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць з цярноўніку вінаград, альбо з дзядоўніку смоквы?» (Мц 7, 16).

Літаратура:
1. Polski Sіownik Biograficzny. T. XX/1. Maria Jуzefa-Mathy Ignacy. 1975. S. 739-741.
2. Ks. Jan Urban T.J. Makryna Mieczysіawska w њwietle prawdy. Krakуw. 1923.


Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)