Царква
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Парафіяльная ўрачыстасьць у гонар Маці Божай Фацімскай у Горадні

Сваё парафіяльнае сьвята ў нядзелю, 18 траўня 2008 году, адзначыла гарадзенская грэка-каталіцая парафія Маці Божай Фацімскай. Урачыстую літургію ўзначаліў айцец Пахом Кавалёў з Менску, з ім саслужылі айцец Сяргей Стасевіч – сьвятар Беларускай місіі ў Лондане, і душпастыр гарадзенскай парафіі айцец Андрэй Крот

На ўрачыстае набажэнства сабраліся каля 70 грэка-католікаў і гасьцей з Горадні і Гарадзеншчыны – з Слоніма, Сьвіслачы, Лунна. Паколькі невялічкая парафіяльная капліца на вуліцы Гараднічанскай не магла б зьмясьціць усіх вернікаў і гасьцей, сьвяткаваньне адбывалася ў значна большай па памерах капліцы айцоў-рэдэмптарыстаў, што знаходзіцца ў мікрараёне Дзевятоўка.

Да скасаваньня Уніі ў 1839 годзе ў Горадні існавала грэка-каталіцкая парафія і два манастыры: жаночы – Раства Багародзіцы, і мужчынскі – Барысаглебскі (Каложскі). Гарадзенская грэка-каталіцкая парафія была адроджаная ў кастрычніку 1992 году. Да лістапада 2004 году яе парахам быў айцец Віктар Данілаў, былы вязень сталінскіх лагероў, які быў патаемна высьвячаны ў 1976 годзе падпольным зьверхнікам ГКЦ украінскім архібіскупам Валадымірам Стэрнюком. Доўгія гады а. Віктар Данілаў падпольна вёў душпастырскую працу сярод католікаў усяго Савецкага Саюза, а на пачатку 1990-х, калі зьявілася магчымасьць легальнай дзейнасьці, стаў на чале гарадзенскай парафіі. Менавіта айцец Віктар Данілаў стаўся ініцыятарам таго, каб назваць парафію ў гонар Маці Божае Фацімскай.

Пасьля ўрачыстай Боскай Літургіі адбылася невялікая навуковая акадэмія. Яе першай часткаю стаўся выступ выкладчыка гарадзенскага ўніверсітэту сп. Янкі Трацяка, аднаго з тых першых парафіянаў, якіх згуртаваў айцец В.Данілаў. Ён распавёў пра пачаткі адраджэньня грэка-каталіцкае Царквы ў Горадні. Другой часткай акадэміі стаўся паказ фотаздымкаў з жыцьця парафіі. Усе прысутныя змаглі пазнаёміцца з фотаздымкамі з розных пілігрымак гарадзенскіх вернікаў (з Віцебску ў Полацак, у Будслаў, на Міжнародную ружанцовую пілігрымку ва Ўкраіне, на сустрэчу са Сьвятым Айцом у Кіеве) ды іншымі. Закончылася сьвяткаваньне супольным пачастункам.

а. Андрэй Крот

На фота: Горадня, 18.05.2008. Літургія ў касьцёле айцоў рэдэмптарыстаў у дзень парафіяльнага сьвята грэка-каталіцай парафіі Маці Божай Фацімскай.
(Зьлева направа: а. Пахом Кавалёў, а. Сяргей Стасевіч. Андрэй Крот.)
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)