Царква
А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая
(1-ае Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Крыніцы духу

65-ая гадавіна сьмерці Экзарха Антона Неманцэвіча

Сёлета мінула 65 гадоў ад мучаніцкай сьмерці 6 студзеня 1943 г. Экзарха Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Апостальскага Адміністратара беларускіх грэка-католікаў а. Антона Неманцэвіча, SJ. На працягу мінулых месяцаў 2008 году сьвятары і супольнасьці вернікаў БГКЦ некалькі разоў адзначалі гэтую гадавіну, асабліва ў малітве на манаскіх могілках у Альбярціне (цяперашнім слонімскім прадмесьці), дзе служыў а. Антон, ды ў Менску – горадзе, дзе ён прыняў мучаніцкую сьмерць.

Агульнацаркоўны малітоўны ўспамін 65-годдзя сьмерці Экзарха Антона Неманцэвіча меў месца ў апошні дзень XIV штогадовай пілігрымкі беларускіх грэка-католікаў – у суботу, 12 ліпеня 2008 году, у вёсцы Струньня каля Полацка, на месцы даўняй рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў. Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) узначаліў там Паніхіду і зачытаў тэкст свайго Памінальнага Слова (падрыхтаванага на падставе дасьледаваньняў а. Яўгена Ўсошына).

ПАМІНАЛЬНАЕ СЛОВА
Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі


Малітоўны ўспамін Экзарха беларускіх грэка-католікаў,
Апостальскага Адміністратара Антона Неманцэвіча

Струньня, субота, 12 ліпеня 2008 г.

Дарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры!

Набліжаецца да завяршэньня XIV штогадовая пілігрымка беларускіх грэка-католікаў, падчас якой у гэтым годзе вы асэнсоўвалі тэму "Любоў Хрыста заахвочвае нас" (2 Кар 5,14). Тут, на беразе Дзьвіны, мы затрымаліся ля крыжа. Ля Крыжа Гасподняга, які заўсёды зьяўляецца знакам Ягонай любові.

Гэты крыж стаіць на месцы рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў. Тут, на гэтым памятным месцы, хочам маліцца і задумацца. У малітве Паніхіды ўзгадаем ярархаў, сьвятароў, манахаў, манахіняў ды сьвецкіх вернікаў Уніяцкай Царквы.

Ля крыжа Гасподняга ў малітве хочам узгадаць мучанікаў і пакутнікаў Беларускай Зямлі, ахвяраў ўсіх перасьледаў у гісторыі нашае Краіны.

Узгадваем Полацкіх Пакутнікаў 1705 г., узгадваем ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, узгадваем ахвяраў нямецкай фашысцкай экстэрмінацыі.

На гэтым месцы, дзе жылі, маліліся і служылі ярархі Ўніяцкай Царквы, узгадваем сёньня асаблівым чынам Экзарха беларускіх грэка-католікаў, Апостальскага Адміністратара а. Антона Неманцэвіча, які адышоў да Госпада 6 студзеня 1943 году ў менскай турме СД.

Ён належаў да выдатных беларускіх царкоўных дзеячаў ХХ стагоддзя, якія стараліся наладзіць братэрскія адносіны з праваслаўнымі.

1. МУЧАНІЦКІ ПОДЗЬВІГ

Да нядаўняга часу існавала некалькі розных версіяў адносна прычыны, даты і месца сьмерці Экзарха Неманцэвіча. 24 жніўня 2004 г. навуковы рэферэнт Сакратарыяту Апостальскага Візітатара БГКЦ менскі гісторык Яўген Усошын адшукаў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь новы каштоўны дакумент пра дату сьмерці і пахаваньня Экзарха Антона Неманцэвіча1. Пры пошуку дакументу вельмі дапамагла кніга гарадзенскага дасьледчыка Э.С. Ярмусіка "Католический костел на Беларуси в годы второй мировой войны" (Гродно, 2002).

Адшуканы дакумент пра сьмерць і пахаваньне Экзарха А. Неманцэвіча трапіў у фонд 370 дакументаў Генеральнага камісарыяту Беларусі, у архіўную справу "Перапіска з акружнымі камісарыятамі і служыцелямі рэлігійнага культу пра ідэалагічнае выхаваньне мясцовага насельніцтва і па пытаньнях царквы" (ф. 370, воп. 1, спр. 2, арк. 5).

На дакуменце ёсьць рэгістрацыйны штамп канцылярыі Генеральнага камісарыяту з пазначанай на ім датай – 21 студзеня 1943 году. Дакумент падпісаны оберштурмбанфюрэрам СС без расшыфроўкі яго прозьвішча. Можна думаць, што подпіс на дакуменце належыць Эдуарду Штраўху, бо менавіта ён быў камандзірам паліцыі бясьпекі і СД у Менску ў гэты час.

У згаданым дакуменце сьцьвярджаецца: "З меркаваньняў паліцыі бясьпекі Неманцэвіч мусіў быць пераведзены са Слоніма ў Мінск. 30.11.1942 г. ён захварэў на сыпны тыф. [...] Зважаючы на значэньне ягонай асобы, ён быў дастаўлены ў штаб-кватэру камандзіра паліцыі бясьпекі і СД Беларусі. Тут ён памёр 6.01.1943 г. ад сардэчна-сасудзістай недастатковасьці, якая наступіла пасьля сыпнога тыфу". Але а. Антон хварэў на тыф яшчэ ў дзяцінстве і меў імунітэт на яго, таму можна згадзіцца з а.Львом Гарошкам, які лічыць, што нямецкія нацысты проста спрабавалі схаваць такім чынам забойства (сярод катаваньняў) а. Антона як выдатнага душпастыра і высокага царкоўнага ярарха. У любым выпадку можна гаварыць пра ягонае мучаніцтва ex aerumnis carceris (вычарпаньне ў варунках турмы).

2. ПАКЛІКАНЬНЕ

Мучаніцкі подзьвіг беларускага Экзарха Антона Неманцэвіча быў вянцом і плёнам ягонай дзейснай веры ды руплівага пастырскага служэньня. Нарадзіўся ён далёка ад сваёй радзімы – у сталіцы Расейскае імперыі Санкт-Пецярбургу 8 лютага 1893 году. Ягоныя бацькі, Вікторыя і Ян, прыехалі туды з ваколіцаў Саколкі. Бацькі выхавалі яго добрым і ахвярным каталіком. Скончыўшы вядомую ў Пецярбурзе прыватную каталіцкую гімназію сьв. Кацярыны, малады юнак выбраў нялёгкую сьвятарскую дарогу. Пасьля заканчэньня ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі ён адразу паступіў у мітрапалітальную Духоўную акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу.

У тым самым годзе ён становіцца сябрам беларускага кола ў гэтай акадэміі. Большасьць чальцоў гэтага знакамітага кола сталася пазьней шчырымі рупліўцамі магутнага руху беларускага каталіцкага адраджэньня пачатку ХХ стагоддзя.

Але папрацаваць на карысьць Богу і народу на Бацькаўшчыне сьвятару давялося толькі з 1929 году. Перад гэтым а. Антон пасьпеў двойчы (у 1919 і 1921) пабываць у савецкім астрогу за "занадта актыўную рэлігійную дзейнасьць". Пасьля, па накіраваньні мітрапаліта Эдварда Ропа, выехаў на вучобу ў Рым у Папскі Ўсходні інстытут і вярнуўся ў Польшчу доктарам усходніх царкоўных навук.

Увосень 1929-га а. Антон вярнуўся на сваю Айчыну ў прыгарад Слоніма Альбярцін, дзе паступіў у навіцыят айцоў езуітаў усходняга абраду. Будучы ўжо 36-гадовым сьвятаром, з дастаткова багатым досьведам, два гады ён прабыў разам з маладымі калегамі ў навіцыяце, дзе вучыўся ў пакоры манаскаму жыцьцю.

3. "ДА ЗЛУЧЭНЬНЯ"

Словы "Да злучэньня" можна лічыць своеасаблівым дэвізам айца Антона Неманцэвіча. Менавіта гэтыя два словы беларускі сьвятар зрабіў назваю рэдагаванага ім рэлігійнага часопіса, які ён пачаў выпускаць з 1932 году ў Альбярціне. Ён быў сапраўдным рыцарам прымірэньня і аб’яднаньня Цэркваў, людзей, беларускага народу. Яму балела разьяднанасьць Царквы Хрыстовае, а разам з царкоўнай і разьяднанасьць народная.

Айцец Антон лічыў, што еднасьць грамадзкая наступіць у беларусаў, калі яны будуць адзіныя рэлігійна. Але ён не імкнуўся прывесьці кагосьці да гэтае жаданае еднасьці праз фізічны ці маральны прымус, бо глыбока паважаў годнасьць чалавека, а значыць, свабоду ягонай волі, права выбару, вернасьць уласнаму сумленьню.

Падставаю для еднасьці хрысьціянаў была для яго толькі супольная любоў. У штодзённых адносінах айцец Антон ажыцьцяўляў гэтыя свае прынцыпы. Не пакідаў ён і людзей, закінутых у цяжкія абставіны жыцьця падчас нямецкай акупацыі.

4. "СЛУЖЫЦЬ БОГУ, А НЕ ІМ ПАСЛУГОЎВАЦЦА"

Айцец Антон цураўся палітыкі. Ня знойдзем ніводнага ягонага выказваньня, якое можна было б трактаваць як палітычнае. Ад справы свайго жыцьця – еднасьці Цэркваў – ён чакаў толькі добрых пладоў для ўсяго беларускага народу. Жыцьцёвым прынцыпам а. Антона Неманцэвіча можна лічыць словы: "Наш абавязак адносна Бога – Яму служыць, а не Ім паслугоўвацца".2

Чужой для а. Антона была таксама нацыянальная абмежаванасьць. У першай палове дваццатых гадоў ХХ стагоддзя ён у маскоўскім касьцёле сьвятых Пятра і Паўла служыў польскай моладзі, якая ў тыя часы гуртавалася каля гэтага вогнішча рэлігійнасьці, і за гэта быў арыштаваны бальшавікамі. У другой палове трыццатых гадоў ён выязджаў для працы ва ўкраінскія парафіі на Валыні.

Найбольш блізкай, аднак, была для яго праца для беларусаў і па-беларуску. Акрамя беларускамоўнага часопіса "Да Злучэньня", айцец Антон закладаў рэлігійныя гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла па-беларуску. Ужо як Экзарх (на пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў прызначаны мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім 17 верасьня 1940 г.) заснаваў "Апостальства малітвы за Беларусь".

Гэта паказвае, што а. Антон стараўся быць душпастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчыньнікаў, незалежна ад веравызнаньня.

5. "ЦАРКВА – НАШ ВОРАГ"

Асаблівае сьведчаньне вернасьці Евангельлю давялося скласьці Экзарху Антону падчас нямецкай акупацыі Беларусі. Ён актыўна працаваў тады як пастыр, пашыраючы навучаньне пра свой ідэал – зьяднаную Царкву. Яго неаднаразова папярэджвалі, каб быў ён больш абачлівы, бо ягоная актыўнасьць не падабаецца нямецкім акупацыйным уладам.

Добра вядома, што для нямецкіх нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасьць каталіцкіх сьвятароў абодвух абрадаў, а, можа, нават у асаблівы спосаб сьвятароў грэка-каталіцкіх ("грэка-ўніяцкіх"), зьяўлялася небясьпечнай. Таму яны лічылі Каталіцкую Царкву сваім ворагам. Пакорлівы і руплівы сьведка Евангельля Экзарх Антон Неманцэвіч стаў "пагрозай" для магутнай, антычалавечай нацысцкай сістэмы.

* * *

Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх беларускіх грэка-католікаў, ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня ці палітычных поглядаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр, цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу "пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы". Замучаны ў менскай турме СД, ён быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы.

+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі


1. [Я. Усошын]. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. "Царква", 2004, № 3, с. 3, 15.

2. Злучэнец. Наш адказ. "Да Злучэньня", 1932, № 3, с. 14.


На фота: Айцец Антон Неманцэвіч з дзецьмі ў Альбярціне (да 1939 г.?).
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)