Царква
Не рабі зла, і цябе не напаткае зло; адыходзь ад няпраўды, і яна збочыць зь цябе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 7:1-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Катэдральны пляц

Катэдральны пляц

Слава Ісусу Хрысту!

Добры дзень, шаноўная рэдакцыя «Царквы». Ніколі яшчэ вам не пісала, але вось зараз адважылася. Хутка вялікае і цудоўнае хрысьціянскае сьвята, якое любіць люд хрысьціянскі, і я яго вельмі люблю і чакаю, рыхтуюся, перачытваю ў газеце артыкулы, прысьвечаныя Божаму Нараджэньню. Праз газету я хацела б прывітаць і павіншаваць з надыходзячым сьвятам усіх грэка-католікаў нашай роднай Беларусі. З нагоды цудоўнага сьвята я напісала вершык. І яго вам дасылаю.

Нараджэньне Бога-Сына

Зноў прыйшло хрысьціянскае сьвята,
Зноў сьвяткуе шчасьлівы народ
Адмыслова, прыгожа, заўзята
На зямлю Сына Бога прыход.

І нястрашна, што сьнег і марозы,
Што шчыруе сівая зіма.
Мы адкінем умоўнасьці прозы,–
Нарадзіўся Ісус нездарма.

Ў сьвет грахоўны прыйшоў Ён ахвярна,
Каб ад сьмерці людзей адкупіць,
Каб ня жыць нам бяздумна і марна,
Каб спажыву збавенную піць.

Каб з любоўю Хрыстовай у сэрцы
Быць у радасьці і ў журбе,
Каб ня згінуць навекі, ня ўмерці,
А жыць вечна і мне, і табе.

Мы ўдзячны магутнаму Богу
За любоў да ўсякага з нас
І надзейнаю крочым дарогай
Па жыцьці кожны дзень, усякі час.

Асобна хачу павіншаваць і сказаць словы ўдзячнасьці нашым дарагім сьвятарам: архімандрыту Сяргею Гаеку, а. Андрэю Абламейку, а. Андрэю Сідаровічу (ён апекаваўся намі, аршанскімі грэка-каталікамі, цэлы год), а. Зьмітру Грышану (ён апякуецца намі ўжо некалькі гадоў з цярпімасьцю і цярпеньнем), а. Аляксандру Шыбеку. Айцец Сяргей Гаек час ад часу наведвае аршанскіх вернікаў, мы не забытыя ні Богам, ні сьвятарамі. Дзякуй усім сардэчнае! Мы любім нашую Царкву і нашых сьвятароў. Мы ў сваёй парафіі Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Воршы як адна сям’я.

Жадаю ўсім здароўя, надзеі, веры і супакою.

Яўгенія Казлова г.Ворша
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)