Царква
Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго
(9 запаведзь, Выхад 20:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Гісторыя Царквы

Андрэй ВАШКЕВІЧ, (г.Горадня)

Барацьба ўніяцкага насельніцтва Сапоцкінскага краю супраць прымусовага пераводу ў праваслаўе

Не выклікае сумненьня, што ліквідацыя Берасьцейскай царкоўнай Уніі ў пачатку 1839 г. была адной з самых значных падзеяў у жыцьці беларускага народу. На фоне шматгадовых спрэчак гісторыкаў аб тым, ці адыграла ўніяцтва станоўчую, ці адмоўную ролю ў гісторыі беларусаў, вельмі мала да сёньняшняга дня распрацавана пытаньне аб тым, як жа грэка-каталіцкае (пераважна сялянскае) насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага паставілася да свайго ўласнага пераводу ў праваслаўе. Фактаў падобнага кшталту аб падзеях 1839 г. захавалася параўнаўча няшмат. Між тым у паўночна-заходняй частцы Гарадзенскага раёну існуе невялікая тэрыторыя, вывучэньне гісторыі Уніі на якой дае нам выдатную магчымасьць прааналізаваць гісторыю шматгадовай барацьбы мясцовых уніятаў супраць пераводу ў праваслаўе. Гэта ваколіцы мястэчка Сапоцкін (у нашай працы яны атрымалі назву Сапоцкінскі край), якія былі адзінымі землямі з этнічным беларускім насельніцтвам, што паміж 1815 і 1915 гадамі ўваходзілі ў склад Царства Польскага (аўтаномнай часткі Расейскай імперыі).

Пасьля 1795 году беларускае насельніцтва краю (а яго, па падліках Ф.Рэмянюк, на абшарах дзяржавы на канец XVIII ст. налічвалася каля 3790 тыс. чалавек) апынулася адразу ў трох дзяржавах. Асноўная маса ўніятаў трапіла пад панаваньне Расеі (частка ВКЛ, заселеная этнічнымі беларусамі, часткова ўкраінцамі) і Аўстрыйскай імперыі (поўдзень Падляшша і заходнеўкраінскія землі). На землях, што ўвайшлі ў склад Прусіі, уніятаў было найменш. Прусія, як вядома, атрымала пераважна тэрыторыю з этнічна польскім рыма-каталіцкім насельніцтвам. Аднак на ўжо згаданай Беласточчыне жыло ў канцы XVIII ст. трохі больш за 50 тыс. уніятаў і існавала 70 грэка-каталіцкіх парафіяў. 3 іх паводле ўказу прускага караля Вільгельма Фрыдрыха II у 1797 годзе была ўтворана Супрасьлеўская ўніяцкая дыяцэзія, што праіснавала, аднак, толькі да 1809 году. Ужо ў 1807 годзе ў сувязі з пераходам Беласточчыны да Расеі 59 са згаданых 70 парафіяў апынуліся пад уладай Аляксандра I, які праз два гады ліквідаваў Супрасьлеўскую дыяцэзію, прылучыўшы яе да дыяцэзіяў у заходніх губернях імперыі. Засталыя 11 парафіяў з 5757 вернікамі апынуліся ў Герцагстве Варшаўскім. Большая частка гэтых парафіяў знаходзілася на тэрыторыі Сапоцкінскага краю. Пералічым іх па чарзе: Баля-Касьцельная (цяпер вёска Зарачанка) – уваходзіла 13 вёсак; Галынка – 9 вёсак; Ліпск – 10 вёсак; Лабна – 7 вёсак; Перстунь – 8 вёсак; Рыгалаўка – 11 вёсак; Сапоцкін – 30 вёсак. Цэнтрам яшчэ адной парафіі быў Аўгустоў. Яшчэ тры парафіі былі нязначныя па памерах (каля 500 чалавек) і разьмяшчаліся далёка па-за межамі Сапо=цкіншчыны – у ваколіцах Высокага-Мазавецкага. Пасьля 1815 г. гэтыя землі сталі часткай Царства Польскага і паміж 1839 і 1875 г. 7 парафіяў Сапоцкіншчыны былі апошнімі ўніяцкімі прыходамі з этнічна беларускім насельніцтвам. Усяго, па дадзеных на 1840 год, у іх налічвалася 7477 чалавек (прыкладна 5200 чалавек жылі ў вёсках, што знаходзяцца цяпер у Рэспубліцы Беларусь, астатнія ў Польшчы). Самым буйным была Перстуньская парафія – 1457 чалавек. Гэта ўсё, што засталося ад мільённай масы беларусаў-уніятаў.

Усю гісторыю ўніятаў Сапоцкіншчыны можна падзяліць на тры перыяды:

1. 1795-1875 гг. – існаваньне грэка-каталіцкіх парафіяў Аўгустоўскага дэканату адасоблена ад асноўнай масы беларусаў-уніятаў (у складзе Прусіі (1795-1807 гг.), Герцагства Варшаўскага (1807-1815гг.), Царства Польскага (пасьля 1815 г.).

2. 1875-1905 гг. – перавод грэка-каталікоў Сапоцкіншчыны ў праваслаўе і іх барацьба за магчымасьць прыняцьця рыма-каталіцтва.

3. Пасьля 1905 г. – масавае прыняцьце праваслаўнымі (былымі грэка-каталікамі) Сапоцкінскага краю рымскага каталіцтва.

Кожнаму з гэтых перыядаў адпавядаюць тыя ці іншыя формы рэлігійнага пратэсту. Разгледзім іх паасобку.

У прамежак часу 1795-1875 гг. прымусовага схіленьня ўніятаў да праваслаўя на гэтай тэрыторыі не назіралася, аднак пасьля падзеяў, зьвязаных з ліквідацыяй Уніі ў заходніх губернях, уніяты Сапоцкіншчыны зразумелі, што хутка прыйдзе і іх чарга. У 1839 годзе біскуп Філіп Шумборскі інфармаваў Сейненскага біскупа, што большасьць уніятаў у парафіі Ліпск вырашыла перайсьці ў рыма-каталіцтва, каб такім чынам пазьбегнуць прымусовага пераводу ў праваслаўе (напэўна, ужо ў гэты час насельніцтва краю ў значнай меры прылічвала сябе да ліку палякаў). Натуральна, што каталіцкая адміністрацыя на такі крок пайсьці не магла, бо гэта непазьбежна выклікала б рэпрэсіі з боку расейскіх уладаў.

Нягледзячы на вялікую рызыку, прадстаўнікі каталіцкага кліру агітавалі сапоцкінскіх уніятаў на карысьць каталіцтва. Так, у пачатку 1840-х гадоў, па словах Варшаўскага генерал-губернатара, манахі гарадзенскага Францішканскага кляштару аказвалі «самое вредное влияние на греко-униатское население смежного с монастырём Августовского благочестия, стараясь всеми мерами склонить прибывавшнх в Гродно униатов к уклонению их от церкви». Манахі ня толькі прымалі ўніятаў да споведзі, але прычашчалі іх і нават хрысьцілі. Губернскія ўлады выселілі частку манахаў з кляштару, а з астатніх узялі падпіску аб тым, што прымаць да сябе ўніятаў з-за Ласосны яны ня будуць.

Яшчэ ў сярэдзіне 1850-х гг. расейскія ўлады паспрабавалі арганізаваць у парафіях Ліпск, Перстунь, Баля-Касьцельная і Лабна пачатковыя школы для мясцовага насельніцтва. Школкі гэтыя, дзе ўсе прадметы павінны былі выкладацца па-расейску, а настаўнікамі былі дзякі з Холма, разглядаліся як адзін з найлепшых сродкаў русіфікацыі. Але сяляне занялі адносна іх адмоўную пазіцыю. Ніводная са школак так і не распачала нармальную працу аж да 1863 году, калі ўлады перайшлі да сілавых сродкаў русіфікацыі. Так, настаўнік з Балі-Касьцельнай Антон Грыневіч быў даведзены мясцовымі сялянамі «да заслугоўваючай на літасьць галечы». У сьнежні 1858 году Аўгустоўскі дэкан інфармаваў біскупа, што «ў школе ў Лабне навогул няма вучняў быццам бы з прычыны вялікай адлегласьці вёсак, да парафіі належных». З рэляцыі настаўніка Стэфана Віньскага вынікае, што грамадзкасьць парафіі і палітычныя ўлады, асабліва войт гміны, вельмі негатыўна скіраваныя да царкоўна-прыхадзкіх школаў. Галоўнай прычынай была школьная складка, якой сяляне даваць не хацелі, нельга, аднак, і пакідаць па-за ўвагай сьвядомае супраціўленьне пачаткам русіфікацы.

Такім чынам, у гэты перыяд асноўнымі формамі рэлігійнага супраціву ўніятаў Сапоцкіншчыны былі: паступовы пераход у рымскае каталіцтва і супраціўленьне русіфікацыі праз школы пры ўніяцкіх цэрквах. Усё гэта было выклікана агітацыяй каталіцкіх ксяндзоў на карысьць каталіцтва, умовамі Царства Польскага (прынамсі да паўстаньня 1830-1831 гг. усё афіцыйнае справаводзтва, сістэма адукацыі былі польскамоўныя) і падтрымлівалася негатыўнай рэакцыяй на падзеі 1839 году ў Паўночна-Заходнім краі (прымусовы перавод уніяцкага насельніцтва ў праваслаўе).

Чарга ўніятаў Царства Польскага прыйшла напачатку 1875 году, калі ўлады па старым сцэнары, абапёршыся на калабарацыянізм вышэйшых станаў уніяцкага сьвятарства, арганізавалі "дабраахвотнае вяртаньне" грэка-каталікоў ва ўлоньне праваслаўя. Разам з 250 тысячамі ўніятаў Падляшша прынялі праваслаўе і 9982 уніяты Сапоцкіншчыны. Цэрквы ў Ліпску, Рыгалаўцы, Перстуні, Лабне, Сапоцкіне, Галынцы і Балі-Касьцельнай сталі цэнтрамі праваслаўных прыходаў, а ў канцы 1870-х гг. былі ліквідаваныя рыма-каталіцкія парафіі ў Тэаліне і Ліпску з прычыны іх шкодных уплываў на былых уніятаў суседняга праваслаўнага Сапоцкінскага прыходу.

Ліквідацыя Уніі на Падляшшы насіла крывавы характар. У сутычках царскіх войскаў з уніятамі, што не хацелі дапускаць праваслаўных сьвятароў да сваіх храмаў, загінула некалькі дзясяткаў чалавек. Сотні былі параненыя і высланыя на вечнае жыхарства ў Сібір. На тэрыторыі Сапоцкінскага краю гэтыя падзеі таксама мелі водгук. Вядома, што ў Ліпску ўніяты зачыніліся ў сваёй царкве і не пускалі ў яе царскіх чыноўнікаў і папа, аднак былі выгнаныя адтуль казакамі (два чалавекі загінулі). У вёсках, якія супраціўляліся арганізавана, на пастой былі пастаўленыя казацкія атрады, якія панішчылі мясцовую гаспадарку.

Аднак такое супраціўленьне было хутка зламана. Куды мацнейшы быў схаваны, ці, інакш кажучы, пасіўны супраціў. Ён заключаўся найперш у спробах усімі магчымымі спосабамі прыняць рыма-каталіцтва. Наогул варта адзначыць, што многім былым уніятам ўдалося-такі перайсьці ў каталіцтва, хаця гэта было строга забаронена. Так, у 1888 годзе ўрадавая статыстыка па Аўгустоўскім павеце згадвае 1621 асобаў, што перайшлі з Уніі ў рыма-каталіцтва. Як гэта адбывалася? Напрыклад праз пераезд на тэрыторыю рымска-каталіцкіх парафіяў і, магчыма, праз афармленьне нейкіх фіктыўных касьцельных дакументаў.

Цікавы сюжэт мае паданьне з гісторыі роду аўтара гэтай працы. Недзе ў канцы 1870 гадоў жыхар вёскі Лойкі Іван Вашкевіч пераехаў у вёску Плябанскія, што належала раней да валоданьняў Селіванавецкай рыма-каталіцкай парафіі, дзе ў 1881 годзе нарадзіўся ягоны сын Адам, мой прадзед. Ня ведаю падрабязнасьцяў гэтых падзеяў, але калі ўлічыць, што Лойкі належалі да ўніяцкай парафіі з цэнтрам Баля-Касьцельная, і паглядзець на храналогію, то гэты пераезд пачынае нагадваць уцёкі ад праваслаўя. Можа, сам Іван Вашкевіч і быў рыма-каталіком, але ягоная маці да апошніх дзён свайго жыцьця лічыла сябе ўніяткай і, мабыць, афіцыйна працягвала лічыцца належнай да праваслаўнага прыходу ў Балі. Калі ж у самым канцы XIX ст. яна памерла і яе ўнук Адам, зыходзячы са звычайнай сялянскай практычнасьці, пахаваў яе на недалёкіх каталіцкіх могілках у Селіванаўцах, то атрымаў за гэта тыдзень адміністрацыйнага арышту.

Тым ня менш большасьці ўніятаў не ўдалося пацьвердзіць сваю прыналежнасьць да рыма-каталіцтва. Пачалося трыццацігадовае існаваньне падпольнай рэлігіі, калі фармальныя праваслаўныя таемна хрысьціліся і спавядаліся ў каталіцкіх касьцёлах. У гэтым ім дапамагалі мясцовыя ксяндзы. Але адміністрацыя ўважліва сачыла за жыцьцём «вярнуўшыхся ў праваслаўе», і гэтыя акцыі не заўсёды ўдаваліся. Так, пробашч Селіванавецкага касьцёлу Ян Гудоўскі ахрысьціў паводле лацінскага абраду дачку былога ўніята з вёскі Новікі Восіпа Сакалоўскага, а ў лісьце ад 4 студзеня 1882 году начальнік Аўгустоўскага павету патрабаваў ад ксяндза пісьмовых тлумачэньняў сваіх дзеяньняў.

Патаемныя вянчаньні былых уніятаў і хрышчэньне іх дзяцей у рыма-каталіцкім касьцёле прывялі да ненармальнай зьявы, калі, паводле афіцыйнай урадавай статыстыкі, у Аўгустоўскім павеце Сувалкскай губерні (куды ўваходзілі вёскі Сапоцкіншчыны) да немаверных памераў вырасла колькасьць пазашлюбных дзяцей. Так, у 1888 годзе ў Аўгустоўскім павеце нарадзілася 1887 дзяцей ад законных бацькоў і 329 дзяцей ад бацькоў, што афіцыйна мужам і жонкай не зьяўляліся. На гэта зьвярнуў увагу адзін з аўтараў «Памятной книжки Сувалкской губернии на 1890 год», які прапанаваў наступнае тлумачэньне зьявішча: «Такое огромное количество незаконных рождений в Августовском уезде, как 14,8 % (у цэлым па губерні – 4,5 % – А.В.), находит себе очень вероятное объяснение в ненормальном положении бывших греко-униатов, воссоединённых в 1875 году...

Под влиянием преданности католичеству лица, принадлежащие к 1-й группе, весьма часто прибегают, конечно тайно, к освящению брака по католическому обряду, но так как открыто заявить об этом не могут, то для православной церкви и администрации их союз остаётся ничем иным, как простым незаконным сожитием, и только в их глазах имеет значение брака, освящённого церковью. Прижитыя в таком браке дети, не передаются на крещение православному духовенству и без сомнения заносятся в число незаконнорожденых даже в том случае, когда над ними совершается тайное крещение по обрядам католической церкви... Только в этом печальном явлении и можно найти обьяснение поразительного на первый взгляд явления в Августовском уезде».

Адной з формаў пасіўнага супраціву былых уніятаў стала масавае пранікненьне іх у касьцёлы падчас сьвятаў, дзе ксёндз, які ня ведаў усіх сваіх парафіянаў з твару, ажыцьцяўляў над праваслаўнымі абрады па-каталіцку.

22 траўня (3 чэрвеня) 1881 году ксёндз з вёскі Селіванаўцы пісаў начальніку Аўгустоўскага павету ў справе Антона Янулевіча, былога ахоўніка Тэалінскага касьцёлу, наступнае: «Я лично могу заверить Ваше Высокоблагородие, что он не только не мешается в дела б. униятов, но насколько может устраняет их, и благодаря его бдительности никогда не случилось, чтобы кому-нибудь удалось из б. униятов обманом подкрасться к совершению над ними духовных треб». Як бачым, часта ўніяты былі пакінутыя самі сабе, а ксяндзы вымушаныя адганяць іх ад сваіх сьвятыняў.

Як супраціў можна разумець і выключна варожае стаўленьне мясцовага насельніцтва да праваслаўя, расейскай адміністрацыі і любых яе захадаў. Варта адзначыць, што амаль усе тагачасныя дасьледчыкі, пачынаючы ад «западно-русса» Я.Карскага і да польскага нацыяналіста Б.Шушкевіча пісалі, што жыхары бясспрэчна належаць да этнічных беларусаў, але стараюцца ўсяк паказаць сябе палякамі. Б.Шушкевіч пісаў: «Здесь... живёт население, употребляющее между собой в повседневной жизни белорусский язык, а в городе на рынке и около костёла польский. В большинстве своём это переведённые в православные униаты, из-за чего эта около 35-тысячная масса (Бр. Шушкевіч дае і колькасьць праваслаўных і каталікоў – былых уніятаў у пач. XX ст. – каля 12 тыс. чалавек – А.В.) была в молчаливой оппозиции к церкви и правительству. И считали себя поляками. Вообще всё это население было прекрасным материалом для агитации и антироссийской пропаганды...». Супрацьстаяньне было настолькі моцным, што людзі нават жылі з двума імёнамі: афіцыйным праваслаўным і сапраўдным – каталіцкім. Так, у метрыцы жыхара вёскі Калбаскі Бараноўскага запісана, што ён быў ахрышчаны ў 1893 годзе ў Балянскай царкве пад імем Барыс, а ўжо ў дакументах 1920-х гг. фігуруе як рыма-каталік Браніслаў Бараноўскі.

Сітуацыя прынцыпова зьмянілася пасьля 17 красавіка 1905 году, калі імператарам Мікалаем II быў падпісаны знакаміты ўказ аб рэлігійнай талеранцыі. Паводле ўказу, праваслаўе заставалася пануючай рэлігіяй у імперыі, але з яго цяпер можна было законна перайсьці ў іншае веравызнаньне.

Менавіта тады пачаўся масавы пераход жыхароў Сапоцкіншчыны ў каталіцтва (Уніі ўжо не існавала). Каталіцтва тут прымалі цэлымі вёскамі, намагаючыся як мага хутчэй забыцца аб сваім праваслаўным мінулым і гэтым сьцьвердзіць сваю прыналежнасьць да каталіцкага касьцёлу і польскага народу. Па афіцыйных зьвестках расейскага ўраду, за перыяд 1905-1913 гг. у каталіцтва з праваслаўя ў Аўгустоўскім павеце Сувалкскай губерні перайшлі 16012 чалавек. Гэта было амаль усё праваслаўнае насельніцтва Сапоцкіншчыны.

Пачатак Першай сусьветнай вайны, нямецкая акупацыя і ўздым барацьбы за адраджэньне польскай дзяржавы толькі паскорылі гэты працэс. Да 1918 году ў канчатковы заняпад прыйшлі праваслаўныя прыходы, большасьць цэркваў была перароблена мясцовымі жыхарамі ў касьцёлы, што было непасрэдным адлюстраваньнем іх польскай нацыянальнай сьвядомасьці.

Як бачым, рэлігійны супраціў насельніцтва Сапоцкіншчыны быў вынікам супрацьстаяньня паланізацыі ў асобе каталіцкага касьцёлу і русіфікацыі праз праваслаўную царкву, што, з аднаго боку, прывяло да больш уважлівага стаўленьня мясцовага насельніцтва да праблемаў свайго рэлігійнага жыцьця, а з другога – выклікала дэфармацыю этнічнай самасьвядомасьці жыхароў Сапоцкінскага краю, якая заключаецца ў сьвядомым прылічэньні сябе мясцовымі беларусамі-каталікамі да польскага этнасу.

Літаратура і крыніцы:

1. Rzemieniuk Florentyna. Uniackie szkoły początkowe w Królestwie Polskim i w Galicji 1772 – 1914. – Lublin, 1991.
2. Ганчар А. Міжканфесійныя адносіны на тэрыторыі Гродзенскай губерні ў п.п. XIX– пач. XX ст. / Этносоциальные и конфессиональные процессы в трансформирующемся обществе. Ч.2. – Гродно, 2001.
3. Szumski Jerzy. Parafia Teolin w latach 1788 – 1887 // Magazyn Polski. – 1993. – № 1/2.
4. Pojeziorze Augustowsko-Suwalskie // Przewódnik krajoznawczy i turystyczno-letniskowy. – 1937.
5. Polak. – 1902. – Paźdzernik. – № 10.
6. Памятная книжка Сувалкской губернии на 1890 год. – Сувалки, 1890.
7. Перапіска пробашча парафіі з губернскімі ўладамі і мясцовай адміністрацыяй за 1876-1883 гг. (Архіў Гожска-Селіванавецкай рыма-каталіцкай парафіі захоўваецца пры касьцёле ў в.Селіванаўцы Гарадзенскага раёну).
8. Бронислав Шушкевич. Гродненская организация ППС в 1898 – 1937 годах. Воспоминания // Черепица В. ...Не потерять связующую нить. История Гродненщины XIX – XX столетий в событиях и лицах. – Гродно, 2003.
9. Метрыка і вайсковая кніга Браніслава (Барыса) Бараноўскага захоўваюцца ў асабістым архіве Ганны Пячынскай.
10. Праект мемарандума ўрада БНР для Апостальскага Пасаду ад 7 лютага 1921 года / Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя. – Мінск-Мюнхен, 1999.

(Друкуецца паводле: "Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў: зборнік навук. артыкулаў" / Гродз. дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П.Крэнь, У.І.Навіцкі, В.А. Белазаровіч (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2006. – С. 259-264.)

На фота: Уніяцкі храм (сёньня – касьцёл) у в.Перстунь Гарадзенскага р-ну.

Гэты артыкул чыталі 50 разоў (-ы)