Царква
Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды
(Выхад 23:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

Адкрыцьцё Году Жыровіцкай іконы Маці Божай

У 2010 годзе спаўняюцца 280-ыя ўгодкі каранацыі іконы Маці Божай Жыровіцкай папскімі каронамі. Гэта была першая каранацыя цудатворнай іконы Маці Божай залатымі папскімі каронамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

6 верасьня 2009 году, у першую нядзелю новага царкоўнага году, беларускія грэка-католікі распачалі Год падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 280-ых угодкаў каранацыі Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Боскую Літургію на адкрыцьцё памятнага Году адслужыў у парафіі Жыровіцкай іконы Маці Божай у Івацэвічах Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).

8 (19) верасьня 1730 г., у сьвята Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Атанасі Шаптыцкі, у прысутнасьці пасланьніка Папы Рымскага, двух уніяцкіх біскупаў (Тэафіла Гадэбзкага, уладыкі Ўладзімірскага і Берасьцейскага ды Юрыя Булгака, уладыкі Пінскага і Тураўскага), шматлікага духавенства візантыйскага і лацінскага абрадаў і дзясяткаў тысячаў вернікаў зьдзейсьніў урачысты акт каранацыі залатымі папскімі каронамі іконы Маці Божай у манастыры айцоў-базыльянаў у Жыровіцах.

Цудатворая ікона Маці Божай Жыровіцкай нездарма стала першай каранаванай іконай беларускага народу, бо здаўна шанавалася і шануецца ня толькі праваслаўнымі, у якіх гэтая ікона захоўваецца сёньня, але і католікамі візантыйскага ды лацінскага абрадаў, якія маюць у сваіх сьвятынях таксама цудатворныя абразы Маці Божай Жыровіцкай – у Рыме, у царкве сьв. Сяргея і Вакха, і ў касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме. Гэты цудатворны абраз Маці Божай стаў сапраўдным сымбалем еднасьці беларускіх хрысьціянаў.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)