Царква
Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 7:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Сьвятло Ўсходу

Дабрачынная акцыя «Божае Нараджэньне – дзецям»

12 сьнежня 2009 году ў рыма-каталіцкай парафіі сьвятога Юды Тадэвуша ў мястэчку Лучай (Пастаўскі дэканат, Віцебская дыяцэзія) адбыўся калядны дабрачынны канцэрт-праслаўленьне. Па запрашэньні пробашча парафіі кс. Мікалая Ліпскага з канцэртнай праграмай выступіў гурт «Маран ата» з грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г. Берасьці.

Гэтая дабрачынная акцыя распачалася пасьля сьвятой Імшы і стала, паводле словаў лучайцаў, цудоўным завяршэньнем адвэнтовых рэкалекцыяў у парафіі. Прысутныя вернікі (а іх было некалькі сотняў) пазнаёміліся з сьпевамі «Марана аты» з іх першага дыску «Песьні Духа вялікіх містыкаў Кармелю», які выйшаў сёлета, а таксама і з новымі песьнямі.

Сродкі, сабраныя падчас канцэрту-праслаўленьня, пойдуць на калядныя падарункі дзецям у прытулках г. Паставы і м. Варапаева, каб яны маглі радасна і шчасьліва сустрэць сьвята Нараджэньня Хрыстова.

У гэты ж дзень у м. Лучай была таксама асьвячана капліца Маці Божай Гвадэлупскай, Заступніцы ненароджаных дзяцей.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)