Царква
Пакуль ты жывы і дыханне ў табе, не замяняе сябе нікім, бо лепей, каб дзеці прасілі цябе, чым табе глядзець у рукі сыноў тваіх
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 23:21-22)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Шлях да Бога

Радасьць ад Божага Нараджэньня

Вось ужо мінуў калядны час, і гэта натхняе нас прыгадаць радасьць ад сьвяткаваньня, якую мы разам з нашымі дзецьмі перажылі на самым пачатку, 25 сьнежня, у дзень Раства Хрыстова.

Супольнае сьвяткаваньне менскіх парафіяў Праведнага Язэпа і сьв. Мікалая пачалося яшчэ ўвечары 24-га з урачыстай вячэрні з Літургіяй Васіля Вялікага, якая паводле старажытнай царкоўнай традыцыі служыцца вечарам напярэдадні самога сьвята. 25 сьнежня, а 12-й гадзіне, адразу пасьля ўрачыстай сьвяточнай Літургіі Яна Залатавуснага, адбылося сьвяткаваньне для ўсіх нашых дзетак і іхніх бацькоў.

Мерапрыемства распачалося ў памяшканьні парафіяльнай бібліятэкі на другім паверсе душпастырскага цэнтру Праведнага Язэпа. Для дзяцей былі арганізаваныя гульні і паказ гісторыі Нараджэньня нашага Збаўцы Ісуса Хрыста, у якім нечакана для сябе ўзялі ўдзел шэраг бацькоў і дзяцей, якія прымерылі на сябе ролі Язэпа, Марыі, Гаспадара гасьцініцы, Ірада, Мудрацоў і Анёла, ды таксама прысутныя сьвятары, якія гралі адпаведныя ролі пастухоў, што прыйшлі ўшанаваць Народжанага. Пасьля гэтай імпрэзы быў паказаны тэатр ценяў, з дапамогаю якога дзеці маглі даведацца гісторыю жыцьця і цудаў сьвятога Мікалая. Гэты тэатр быў па-майстэрску зроблены і паказаны рукамі спн. Алены Маркоўкі, якой хацелася б выказаць асаблівую падзяку.

Другая частка сьвяткаваньняў адбывалася ўжо на першым паверсе, у памяшканьні капліцы, дзе дзеці мелі нагоду сустрэць самога сьв. Мікалая, прачытаць яму свае вершы, прасьпяваць песьні ды арганізаваць карагод. Кожнага з прысутных дзяцей чакаў падарунак і салодкі стол у парафіяльнай кавярні «Эмаус», дзе іхнюю салодкую радасьць маглі разьдзяліць таксама і бацькі.

Вялікі дзякуй за падрыхтоўку сьвята ўсім, хто ў нейкі спосаб спрычыніўся да гэтага: скаўтам і скаўткам – за падрыхтоўку і правядзеньне мерапрыемства; старшыні парафіі сьв. Язэпа сп. Анатолю Сёмуху – за руплівасьць па арганізацыі падарункаў; алтарнаму брацтву і нашым «вандроўніцам» – за ўпрыгожваньне парафіяльнага цэнтру і стварэньне каляднай выставы на вуліцы; акторам, якія шыкоўна адыгралі свае ролі, нягледзячы на тое, што ня ведалі раней аб гэтым; дзякуй сьв. Мікалаю і Тобі, за тое, што знайшлі час заехаць (ці заляцець) да нас на сьвята!

а. Алесь Аўдзяюк
г. Менск

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)