Царква
Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта
(Кніга Эклезіяста 7:10)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Унiя, браты Луцкевiчы i мiтрапалiт Шаптыцкi

Браты Iван i Антон Луцкевiчы – знакавыя асобы ў беларускiм нацыянальным руху. Створаны iмi разам з iншымi дзеячамi ў Вiльнi беларускi асяродак вакол газеты "Наша Нiва" стаў сэрцам усяго беларускага адраджэнскага руху. Але iмёны братоў Луцкевiчаў i iх велiчэзная роля ў закладаньнi падмуркаў сучаснай беларускай нацыi многiя дзесяцiгоддзi замоўчвалася савецкай прапагандай. А менавiта Луцкевiчаў можна назваць бацькамi беларускай дзяржаўнасьцi.

Разам з баптысцкiм прапаведнiкам з Берасьця Лукашом Дзекуць-Малеем Антон Луцкевiч спрычынiўся да зьяўленьня першага перакладу Новага Запавету i Псальмаў на беларускую мову. Гэты пераклад i сёньня карыстаецца папулярнасьцю ў многiх вернiкаў розных канфесiяў, але, на жаль, беларускiя хрысьцiяне нiяк не адзначылi летась 75-годдзе гэтай важнай падзеi.

Для нашай Грэка-Каталiцкай Царквы асаблiва варта адзначыць, што менавiта браты Луцкевiчы спрычынiлiся да iдэi адраджэньня Унii ў Беларусi на пачатку XX стагоддзя. Пра погляды братоў Луцкевiчаў на Унiю, пра тое, як зноў нараджалася гэтая iдэя ў Беларусi, пра кантакты Луцкевiчаў з мiтрапалiтам Галiцкiм Андрэем Шаптыцкiм, распавядае ў сваiм рэфераце (якi друкуем з невялiкiмi скарачэньнямi) гiсторык Анатоль Сiдарэвiч.

Толькi зусiм нядаўна канчаткова ўстаноўлена дата й месца сьмерцi Антона Луцкевiча, якi быў арыштаваны НКВД па сфальшаванй справе "Беларускага нацыянальнага цэнтру" 30 верасьня 1939 году, як толькi Саветы прыйшлi ў Вiльню. Засуджаны за антысавецкую дзейнасьць на 8 гадоў лагероў, ён памёр 23 сакавiка 1942 году на перасыльным пункце ў г.Аткарск Саратаўскай вобласьцi. Вось жа гэты артыкул А.Сiдарэвiча мы прысьвячаем памяцi Антона Луцкевiча ў 65-ыя ўгодкi яго сьмерцi, а таксама памяцi яго брата Iвана.

Пiшучы гэты рэфэрат, я лавiў сябе на думцы, што чытачы могуць запытацца: а чаму ты не разглядаеш адносiны памiж братамi Луцкевiчамi i мiтрапалiтам Галiцкiм Андрэем у кантэксьце тагачасных беларуска-ўкраiнскiх адносiнаў? Таму адразу мушу зацемiць, што нават вузейшая тэма – "Браты Луцкевiчы i Ўкраiна" – патрабавала б адмысловага шматстаронкавага дасьледаваньня. Сёньня я бяру вузейшую тэму. I стаўлю перад сабою тры задачы: паказаць, як браты Луцкевiчы глядзелi на справу Унii, якiя ўнiйныя праекты выпрацоўвалiся ў Вiльнi i Львове i што нам вядома пра кантакты братоў Луцкевiчаў з мiтрапалiтам Шаптыцкiм.

1.

Пытанне пра царкоўную Унiю (пра яе магчымасьць) у Беларусi пачатку ХХ ст. не магло ставiцца, але, карыстаючы з цэнзурных паслабленьняў i з закону аб верацярпiмасьцi, А.Луцкевiч мог пiсаць, што ў Расеi "трэба канешне дабiцца... поўнай свабоды суменьня i веры". Разважаючы пра свабоду сумленьня, пра тое, што кожны чалавек "можа верыць як хоча", што "за веру караць... або прыцясьняць i крыўдзiць нiхто права ня мае", што кожны "можа шырыць сваю рэлiгiю мiж народам саўсiм свабодна i бяз страху перад "начальствам", што "ня можна нiкому баранiць перамяняць рэлiгiю на iншую або адрэчся ад усялякай рэлiгii", нагадаўшы, што "шмат бяды ды гора цярпел i ў нас людз i за веру, дый цяпер яшчэ церпяць", А.Луцкевiч у артыкуле "Аб свабодах" ("Наша Нiва". 1907. 25 студзеня) паступова падводзiць чытача да згадкi пра Унiю: "Не так даўно была ў Беларус i вера ун i яцкая, дык прав i цельства саўс i м яе скасавала i прыказала ун i ятам прыняць праваслаўе. Але як народ з добрай волi не хацеў зьмянiць сваей веры, то правiцельства сiлаю прымушала да гэтага".

У 1909 г. А. Луцкевiч пiша для чэшскага часопiсу "Slovansky Přehled" артыкул "Национальнае возрождение белорусов". Гэтая праца друкавалася таксама ў "Московском еженедельнике" (1909, № 9) i польскамоўным часопiсе "Litwa" (1909, nr 4). Рукапiс гэтага артыкулу захоўваецца ў Цэнтральнай бiблiятэцы Лiтоўскай акадэмii навук (ф. 21, спр. 336, арк. 1–19). У артыкуле Луцкевiч пiсаў, што "русификаторская деятельность" расейскага чыноўнiцтва была накiраваная на выкараненне ўсяго, што "придавало Белоруссии особый местный колорит". Сярод гэтых мераў царскiх уладаў было i "уничтожение одного из главных устоев национальности – белорусской национальной церкви (Унии)". Тое, што Унiя служыла "крепким оплотом белорусской народности", А. Луцкевiч сьцьвярджаў таксама ў артыкуле "Белорусы", зьмешчаным у зборнiку "Формы национального движения в современных государствах" (СПб, 1909).

Такiя былi погляды А.Луцкевiча на Унiю ў даваенны час. Iншыя магчымасьцi для выказваньня меркаваньняў наступiлi пасьля прыходу ў Вiльню кайзераўскай армii i заснаваньня газеты " Homan" (з восенi 1916 г. выходзiла i кiрылiчнае выданьне гэтае газеты).

26 сакавiка 1916 г. Луцкевiч друкуе артыкул "Зваротная хваля". Гэта, бадай, першая яго публiкацыя, у якой ён даволi свабодна i разгорнута выказваецца пра свабоду сумленьня i Унiю.

Пачаўшы з тэзiсу, што "найцяжэйшы ўцiск на сьвеце – гэта ўцiск сумленьня людзкога", аўтар нагадвае "панурыя часы, калi за веру людзей вялi на мукi i сьмерць; калi за яе вырэзывалi тысячы iнаверцаў, не шкадуючы нi малых, нi старых, нi жанок". Разам з тым ён нагадвае i "слаўнае змаганьне" лепшых сыноў чалавецтва "за свабоду веры, за вызваленьне людзкога духа ад усялякага прымусу, ад усялякай няволi". I калi для Еўропы рэлiгiйны ўцiск стаўся справай мiнуўшчыны, дык у Расii ён "датрываў... да апошнiх дзён", канстатуе аўтар. У гэтай сувязi ён нагадвае "толькi аб адным мамэнце рэлiгiйнага ўцiску" – аб скасаваньнi Унii.

Луцкевiч адзначае, што "да ўнiяцкай веры прыналежалi ў Расеi беларусы i ўкраiнцы, дый нiхто болей" i што "асобнасьць веры, побач з нацыянальнымi асобеннасьцямi, выдзяляла гэтыя два народы яшчэ болей спамiж суседнiх славянскiх народаў – маскалёў i палякаў". Унiяцкая рэлiгiя, пiша ён, "служыла моцнай апорай для беларусаў i ўкраiнцаў", бо яна "ўжывала ў сваiх цэрквах народную мову". Па-другое, яна "апекавалася бяспраўнымi, зацiснутымi прыгонам сялянамi i зрабiлася праўдзiвай "мужыцкай" верай". У тым, што "багатыры адракалiся яе", была i слабасьць Унiяцкае Царквы: "ня маючы зашчыты людзей можных, яна не магла баранiцца, калi царскiм урадам ей прачытан быў сьмяротны прыгавор".

Нагадаўшы, што "сяляне нашы доўга яшчэ дзяржалiся веры бацькоў сваiх" i памяталi "аб сотнях сваiх ксяндзоў, вывезеных маскалямi ў Сыбiр, у расейскiя манастыры", Луцкевiч зьвяртаў увагу чытачоў, што яшчэ ў 1870-х гадох "маскоўскiя чыны ўстраiвалi крывавыя экспэдыцыi з казакамi, каб "наварачываць" непакорных унiятаў".

Асаблiва трэба зацемiць: Луцкевiч быў перакананы, што лiквiдацыя Унii ў 1839 г. "нiчога супольнага з рэлiгiйнымi справамi ня мела: яна была чыста палiтычная". I з гэтай прычыны, дадаваў ён, "гвалт дзяржаўнай уласьцi над сумленьнем "пераверненых" на праваслаўе мiльёнаў людзей робiцца яшчэ горшым, яшчэ болей бясстыдным, бо яго нельга апраўдаць сьлепатой людзкой", г. зн. рэлiгiйным фанатызмам.

Чаму лiквiдацыя Унii была чыста палiтычнаю акцыяй? У артыкуле "Зваротная хваля" Луцкевiч адказвае на гэтае пытаньне лапiдарна: расейскi ўрад зьнiшчыў Унiю дзеля таго, што жадаў "зьлiць беларусаў i ўкраiнцаў з народам маскоўскiм".

Навошта спатрэбiлася царызму абмасковiць беларусаў i ўкраiнцаў, – пра тое Луцкевiч напiсаў шырэй у артыкуле "Расейская палiтыка ў Беларусi" ("Homan". 1916. 21 сакавiка).

Аўтар паказвае адзiн асьпект каланiяльнай палiтыкi Расейскай iмперыi, а менавiта пасьля­доўна праводжаную "палiтыку нiшчэньня сьлядоў самабытнасьцi Беларусi, Лiтвы, Украйны, Польшчы, Фiнлядыi, Каўказа i др.". Гэта была згубная для самой iмперыi палiтыка, упэўнены А.Луцкевiч, але Расея яе праводзiць, бо "ў Расейскай дзяржаве маскалi сваiм лiкам далёка не пера важываюць другiх народаў: на паўтараста мiльёнаў жыхароў гасударства маскалёў лiчылася ў 1897 гаду толькi 55 мiльёнаў душ,– значыць, крыху больш за трацiну". Каб панаваць над 100 мiльёнамi "iнародцаў", царскi ўрад зьвярнуў асаблiвую ўвагу на амаль 9 мiльёнаў беларусаў i 22 мiльёны з лiшкам украiнцаў. Гэтыя два "братнiя" народы падлягалi зьнiшчэньню як самастойныя этнасы "ў першы чарод", iх належала зьлiць "у адно з маскалям". I "тады лiк маскоўцаў – разам з абмаскалеўшымi беларусамi i ўкраiнцамi – узрос бы блiзка на 32 мiльёны i дайшоў бы бязмала 90 мiльёнаў душ". "Гэтак,– робiць выснову А. Луцкевiч,– лiчэбная перавага была бы на старане маскалёў, i яны маглi бы папраўдзе панаваць у сваей дзяржаве, нiшчучы ўсе iншыя нацыi адну за аднэй".

I яшчэ адну выснову робiць аўтар: "Паказаныя цыфры кажуць нам такжа, што маскоўскi ўрад хутчэй дасьць волю ўсiм "iнародцам", чым беларусам i ўкраiнцам".

Такiя думкi, можна меркаваць, А. Луцкевiч выснаваў раней, да вайны, але выказаць iх публiчна змог толькi пасьля таго, як заходняя частка Беларусi апынулася пад немцамi.

2.

Такiя погляды Антона Луцкевiча на мiнуўшчыну Унii ды яе характар. Цi бачыў ён персьпектыву? Адкажам адназначна: так.

У артыкуле "Национальное возрождение белорусов" А.Луцкевiч пiша аб перашкодах на шляху станаўленьня беларускае нацыi. У прыватнасьцi ён адзначае падзеленасьць беларусаў на католiкаў i праваслаўных. "В связи с этим делением,– пiша ён,– часть белорусов (католики) подвержены влиянию польской культуры – через церковь и знакомы с латинской азбукой, другая же часть (православные), подчиняясь большему влиянию русских, знают русскую азбуку. Отсюда проистекают два обстоятельства, вредно отзывающиеся на белорусском национальном движении: во-первых, все книжки и газеты приходится издавать двумя изданиями – латинским и русским шрифтом, что сопряжено с огромной затратой средств; во-вторых, разделение религиозное служит почвой, на которой враги народа стараются сеять вражду между двумя частями белорусов".

Браты Луцкевiчы, якiя ў сваёй дзейнасьцi штодзённа адчувалi наступствы канфесiйнага падзелу беларускага народу, лiчылi гэты стан ненармальным. Для iх ад пачатку нацыянальна-рэвалюцыйнае дзейнасьцi ўсё больш актуальным станавiлася пытаньне "о национальной белорусской церкви, каковой служила до 1839 года Уния, уничтоженная русским правительством". А.Луцкевiч, якi фармуляваў свае i свайго брата высновы, быў упэўнены: калi "дело о национальной церкви станет на прочную почву, она сыграет крупную роль при возрождении белорусов и ляжет прочным устоем".

Вядома ж, у артыкуле "Национальное возрождение белорусов" А.Луцкевiч ня мог напiсаць, што ён i ягоны брат ня толькi так думаюць, але i ўчыняюць адпаведныя захады дзеля адраджэньня Унii на беларускай зямлi. Пра гэтыя захады А.Луцкевiч паведамiць 27 чэрвеня 1916 году – у артыкуле "Мiтрапалiт Шаптыцкi ў Беларусi". Праўда, у гэтай публiкацыi аўтар не ўдаецца ў асаблiвыя падрабязнасьцi. Ён паведамляе толькi што "гадоў 9-10 таму назад былi зроблены крокi перад расейскiм правiцель ствам, каб пазволiла сялiцца ў беларускiх i ўкраiнскiх губэрнiях безьзямельным украiнскiм сялянам з Галiччыны, каторых афiцыяльна маскалi лiчаць за такiх жа "расейцаў", як самi", i ўдакладняе, што "Сталыпiн... на гэта не прыстаў затым, што гэтыя "браты" мелi няшчасьце быць унiятамi".

Не ўдаючыся ў дэталi, А.Луцкевiч пiсаў таксама, што, "нягледзячы на пастаянны нагляд над усiмi, хто так цi гэтак меў стычнасьць са справай унii", мiтрапалiту Шаптыцкаму "ўдалося раз прыехаць incognito ў Расею". Паколькi архiўладыка "асаблiва цiкавiўся... Беларусьсю, каторая ў справах унiяцкага касьцёла прыслухае яму", "мiтрапалiт аб'ехаў значны кусок нашага краю, стараючыся пазнаць тутэйшыя настраеньнi, пераканацца, цi жыве мiж народам памяць аб унii". Аўтар паведамляў таксама, што "аб падарожы мiтрапалiта Андрэя Шаптыцкага правiцельства такi дазналася, але позна, калi мiтрапалiт пакiнуў ужо Расею".

Такая скупая, але немалаважная для нас iнфармацыя зьявiлася ў 1916 годзе. Больш зьвестак гiсторыкi маглi атрымаць з артыкулу А.Луцкевiча "Мiтрапалiт Шаптыцкi i беларускi Рух", якi зьявiўся ў друку празь дзесяць гадоў1.

3.

Паколькi ўсе дэталi ўнiйнага праекту ведалi тры чалавекi – сам мiтрапалiт Андрэй i браты Луцкевiчы, я павiнен спынiцца цяпер на пытаньнi: "Браты Луцкевiчы i мiтрапалiт Шаптыцкi".

Калi адбылося асабiстае знаёмства Антона Луцкевiча з мiтрапалiтам Андрэем, пра тое мы, магчыма, даведаемся калi пазьней. Што датычыць знаёмства з архiўладыкаю Iвана Луцкевiча, дык яно адбылося ў 1904 годзе. Ва ўспамiнах "Жыцьцё i праца Iвана Луцкевiча" Антон Луцкевiч пiсаў: "Варочаючыся зь Вены, ён [I.Луцкевiч] заяжджае ў галоўны цэнтр украiнскага руху, Львоў, дзеля блiжэйшага знаёмства з украiнцамi. Памiж iншым, тут ён знаёмiцца з адным з сапраўдных стаўпоў украiнскага адраджэньня – унiяцкiм мiтрапалiтам Шаптыцкiм, з каторым зыходзiцца блiжэй пачаткова на грунце так любай абодвым архэалёгii, а пасьля i на грунце пытаньня аб Унii"2. Праўда, як гэта iншы раз бывала ў публiкацыях А.Луцкевiча, у артыкуле "Мiтрапалiт Шаптыцкi i беларускi рух" ён запярэчыў сам сабе i напiсаў, што ў Львоў I.Луцкевiч трапiў, "калi ўвосенi 1904 году ехаў у Вену дзеля папаўненьня тамака сваей архэалягiчнай веды". Зьвярнуўшы ўвагу на гэтае разыходжаньне ў дэталях, мы мусiм усё ж канстатаваць: асабiстае знаёмства I.Луцкевiча i мiтрапалiта Андрэя адбылося, i адбылося яно ў 1904 г.

Калi А.Луцкевiч пiша, што, зьбiраючы памяткi старасьветчыны, I.Луцкевiч "ахвотна ўступаў другiм тыя рэчы, якiх сам ня мог спэцыяльна зьбiраць або якiя не маглi быць пры тагачасных варунках выкарыстаны дзеля беларускага музэю..., але мелi вагу для другiх калекцый", то гэта ня значыць, што ён "уступаў" тыя рэчы бясплатна, бо ўсё-ткi ён трацiўся хоць бы на паездкi i куплю памятак. Так памiж архiўладыкаю ды I.Луцкевiчам ўсталявалiся i дзелавыя кантакты. I многiя рэчы, знойдзеныя I.Луцкевiчам, трапiлi ва Ўкраiнскi царкоўны музей у Львове, заснаваны мiтрапалiтам Шаптыцкiм. Так паступова ў гэтым музеi склаўся беларускi аддзел, а кустошам яго стаў I.Луцкевiч3. I гэтая iнфармацыя пацьвярджаецца дакументальна: у Беларускiм дзяржаўным архiве-музеi лiтаратуры i мастацтва (ф. 3, воп. 1, адз. захав. 269, арк. 3) маецца адпаведная грамата мiтрапалiта Галiцкага Андрэя.

(Заканчэньне ў наступным нумары)

1 - Богословiя (Львоў). 1926. Т. 4. Пераклад гэтага тэксту на польскую ў: "Przegląd Wileński". 1926. № 9.

2 - Луцкевiч А. Да гiсторыi беларускага руху: Выбраныя творы. Менск, 2003. С. 89.

3 - Луцкевiч А. Да гiсторыi беларускага руху... С. 94–95.


Гэты артыкул чыталі 10 разоў (-ы)