Царква
Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое; і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той
(Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 3:24-25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Шляхам Берасьцейскай Уніі

У горадзе Супрасьль, што на Беласточчыне, 20-21 кастрычніка 2007 г. адбылася Міжнародная канферэнцыя «Шляхам Берасьцейскай Уніі». Форум, арганізаваны навуковым таварыствам «Collegium Suprasliense» (а асабліва дзякуючы намаганьням яго старшыні магістра Радаслава Дабравольскага), сабраў навукоўцаў з Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны і Расеі. Ганаровы патранат над канферэнцыяй прыняў Беластоцкі рыма-каталіцкі Мітрапаліт Архібіскуп Эдвард Азароўскі, а таксама Ваявода Падляскі Дарыюш Пянткоўскі. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўлялі Апостальскі Візататар Архімандрыт Сяргей Гаек і а. магістар Андрэй Крот, душпастыр гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі. Даклад а. магістра Яўгена Усошына з Менску, які ня змог прыехаць на канферэнцыю, прачытаў семінарыст Андрэй Гайдукевіч — гісторык па адукацыі.

Старажытны Супрасьль нездарма стаў месцам правядзеньня падобнай сустрэчы. Тут у XVII-XVIII ст. знаходзіўся адзін з найбуйнейшых інтэлектуальных цэнтраў Грэка-Каталіцкай Царквы — Супрасьлеўскі базыльянскі манастыр. У друкарні, якая была заснаваная пры ім у 1695 годзе, сьвет убачыла каля 500 назоваў кніг рэлігійнага і сьвецкага зьместу, сярод якіх каля 100 кірылічных выданьняў, у тым ліку «Собрание припадков краткое» — першы падручнік тэалогіі на старабеларускай мове, першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон», першы кірылічны помнік нотадрукаваньня ў зборніку «Пасьледаваньне пострыгу». Калі пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Супрасьль адышоў да Прусіі, тут была створаная грэка-каталіцкая япархія, якая праіснавала, на жаль, толькі да 1809 году. Заняпад манастыра пачаўся пасьля таго, як манахі падтрымалі паўстаньні 1794 і 1830-31 гадоў. Сёньня Супрасьлеўскі манастыр належыць Польскай Праваслаўнай Царкве.

Удзельнікі канферэнцыі «Шляхам Берасьцейскай уніі» прадставілі шэраг дакладаў, якія датычылі гісторыі Ўніяцкай Царквы, яе ўкладу ў разьвіцьцё культуры і эканомікі Рэчы Паспалітай і яе сучасных нашчадкаў — Польшчы, Беларусі і Ўкраіны. Шырока прадстаўленай у дакладах навукоўцаў была беларуская тэматыка. Д-р Маргарыта Карзо з Масквы ў сваім дакладзе «Берасьцейская унія і катэхетычная літаратура: некалькі заўвагаў у справе ўніяцкай тэалогіі ХVII-XVIII стагоддзяў» паказала разьвіцьцё катэхетычнай літаратуры ў Беларусі пасьля падпісаньня Уніі. Рэферат д-ра Пшэмыслава Баравіка з Монек быў прысьвечаны стану Ўніяцкай Царквы ў Горадні ў другой палове ХVIII стагоддзя і паказаў заняпад уніяцкіх парафіяў, выкліканы ня толькі зьнешнімі фактарамі (войнамі ці прымусовым пераводам у іншыя канфесіі), але і нізкаю самасьвядомасьцю саміх уніятаў, якія ў мяшаных шлюбах часта выбіралі рыма-каталіцтва.

Супрацьлеглую сітуацыю паказаў д-р Вальдэмар Вільчэўскі, дасьледаваньне якога датычыла стану рыма-каталіцкай Царквы ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі, што належалі да Віленскай дыяцэзіі. Тут рыма-каталікі, якія знаходзіліся ў меншасьці адносна ўніятаў, лёгка паддаваліся ўплывам апошніх і практыкавалі ва Ўніяцкай Царкве. Цікавым было дасьледаваньне філолага Сяргеюса Тэмчынаса з Вільні «Руская (простая) мова ва ўніяцкіх літургічных кнігах», аднак аўтар не канкрэтызаваў, што ён разумее пад рускаю альбо простаю моваю.

Сярод іншых выступаў варта ўзгадаць даклады Пшэмыслава Чыжэўскага «Уніяцкая Царква ў Гарадзенскім павеце ў канцы XVIII стагоддзя ў сьвятле фінансавых крыніцаў» і Радаслава Дабравольскага «Уніяцкія школы ў Берасьці Літоўскім (XVII-XIX ст.)». Айцец-прафесар д-р габілітаваны Міхал Яноха прадставіў даклад, прысьвечаны ўніяцкім іконам, падставаю якога сталіся пераважна абразы з Беларусі.

Канферэнцыя паказала вялікую цікавасьць сярод гісторыкаў да праблематыкі Ўніяцкае Царквы. На жаль, беларуская ўніяцкая спадчына становіцца апошнім часам прадметам дасьледаваньня пераважна замежных гісторыкаў.

а. Андрэй Крот

На фота:
1. Прадстаўнікі БГКЦ Архімандрыт Сяргей Гаек (у цэнтры), а. Андрэй Крот і семінарыст Андрэй Гайдукевіч на канферэнцыі ў Супрасьлі.
2. Шэдэўр беларускай архітэктуры – Дабравешчанская царква Супрасьлеўскага манастыра (адноўлена з руінаў).

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)