Царква
Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 21:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Катэдральны пляц

Сацыяльнае служэньне ў
парафіі Праведнага Язэпа

Гэты літургічны год мы распачалі не зусім звычайна – Сацыяльная служба парафіі Праведнага Язэпа ў Менску арганізавала парафіяльны выезд за горад. Імпрэза адбылася ў жывапісным кутку паблізу Ракава, на хутары сп. Алеся Лася, якому шчыра дзякуем і жадаем Божага блаславеньня.

Спрыяльнае надвор’е, цікавая забаўляльна-інтэграцыйная праграма, якую зладзілі Васіль і Яўгенія Грыні з дапамогай сяброў, адкрытасьць нашых вернікаў на патрэбы адзін аднаго, супольная трапеза на сьвежым паветры, малітва і праслаўленьне Госпада, чытаньне Евангельля і разважаньні айца Андрэя Абламейкі, нашага параха – усё гэта распаліла ў нас Дух, каб распачаць год з надзеяй на тое, «што Той, Які распачаў у (нас) добрую справу, давядзе аж да дня Ісуса Хрыста» (пар. Флп 1, 6).

Перадкалядны час мы правялі актыўна, ў чаканьні Раства Хрыстовага мы ня толькі маліліся за тых, хто ў патрэбе, але яшчэ і добрымі ўчынкамі хацелі пераказаць Божую любоў, якая прыходзіць у сьвет з Дзіцяткам Ісусам. За некалькі тыдняў нашыя вернікі сабралі сродкі, на якія мы змаглі набыць дзіцячыя хрысьціянскія кніжкі ў Біблійным таварыстве, а таксама цукеркі, мандарынкі, бенгальскія агеньчыкі, цацкі і інш. на падарункі для дзетак, як сваіх, парафіяльных, так і тых, якія ня маюць сям’і і не атрымаюць ад бацькоў падарунка. Вялікі дзякуй спадарыні Алёне Ўсошынай – жонцы нашага маладога сьвятара, якая, будучы на апошнім месяцы цяжарнасьці, займалася выбарам цукерак – дзе іх купіць, а яшчэ і як прывезьці... Ведаем, што ты нарадзіла ўжо сына, таму – віншуем!!! І молімся за вас! Такім чынам, мы падрыхтавалі 100 падарункаў. 65 падарункаў раздалі падчас Каляднага дзіцячага сьвята нашым дзеткам, 15 падарункаў адвезьлі ў Сацыяльны прытулак Фрунзенскага раёну г.Менску. У сувязі з рамонтам іхняга будынку, на жаль, прыйшлося абыйсьціся без усялякай праграмы для дзетак, як звычайна мы рабілі, але дзеці былі вельмі задаволены, і дырэктар гэтага Цэнтру падзякавала ўсім, хто ахвяраваў сродкі на падарункі дзецям.

З рэштай падарункаў (20) і забаўляльнай праграмай вернікі нашай парафіі 19 студзеня наведалі яшчэ адзін Сацыяльны прытулак у Партызанскім раёне Менску. Дзяўчаты-шасьцікласьніцы пад кіраўніцтвам Яўгеніі Ліс паказалі дзецям традыцыйную беларускую батлейку, мы правялі гульні, падаравалі ў бібліятэку іхняга цэнтру дзіцячыя хрысьціянскія кнігі: Біблію, «365 молитв для детей», «Хрысьціянскую азбуку», размалёўкі і інш. Дзякуем Госпаду за наш хор, за нашых сёстраў і братоў, якія зьбіраліся перад Раством Хрыстовым на рэпетыцыі і развучвалі калядныя песьні, упрыгожылі парафіяльнае сьвята і таксама паехалі, каб пасьпяваць для дзетак гэтага прытулку калядкі, славячы Госпада нашага Ісуса Хрыста і даруючы трохі радасьці і весялосьці гэтым дзеткам.

«Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім» (Гал 6, 10).

Сьвятлана Абламейка
г.Менск

На фота: Менскія грэка-католікі ў гасьцях у дзяцей з сацыяльнага прытулку.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)